Прывучаем да самастойнасці

- 19:53Выхаванне, Выхаваўчая работа

Працуючы ў першай малодшай групе, стала назіраць тэндэнцыю: маладыя бацькі, прыводзячы дзіця ва ўстанову і запаўняючы анкеты аб сваіх дзецях, ганарацца тым, што іх дзеці ведаюць лічбы, англійскія словы, умеюць лічыць. Але вельмі мала бацькоў кажуць пра тое, што дзеці набылі дома навыкі самаабслугоўвання.

Практыка паказвае, што многія дзеці не ўмеюць раздзявацца і адзявацца, правільна трымаць лыжку, мыць рукі. Часам у раздзявальні бабуля становіцца перад дзіцем на калені і сцягвае з яго абутак, шапку, шалік, пераадзявае шорты. А дзіця сядзіць безудзельна. Калі спрабуеш гава­рыць, каб дзіцяці далі магчымасць праявіць ініцыятыву, атрымліваеш адказ: “Я спяшаюся”. Але так дзіця прывыкне да таго, што за яго павінны ўсё рабіць.

У нашай установе дашкольнай адукацыі сфарміравалася традыцыя: выхавальнікі, якія працуюць у выпускной групе, на працягу года вядуць заняткі ў мацярынскай школе, якую наведваюць будучыя выхаванцы сумесна з мамамі ці нават татамі. Гэта дазваляе нам наладзіць цесныя кантакты з сем’ямі задоўга да паступлення малышоў ва ўстанову, дасягнуць адзінства патрабаванняў у выхаванні дзяцей і аблегчыць пра­цэс адаптацыі. Першы бацькоўскі сход для сем’яў будучых выхаванцаў мы праводзім на этапе мацярынскай школы. На тэматычным бацькоўскім сходзе расказваем аб неабходнасці як мага раней пачынаць прывучаць дзяцей да элементарнай працоўнай дзейнасці, а менавіта самаабслугоўвання, пераконваем, што ў першай малодшай групе важна не тое, колькі лічбаў дзіця ведае, а тое, як яно ўмее сябе абслугоўваць. Мы паказваем бацькам відэафільмы пра тое, як дзеці ў другім паўгоддзі ў першай малодшай групе працуюць, што ўмеюць рабіць. Тлумачым, што дабіцца гэтага можна толькі сумеснымі намаганнямі сям’і і ўстановы. А самае галоўнае — на сваё дзіця заўсёды трэба знаходзіць час, падтрымліваць у ім жаданне выконваць розную работу. Бо менавіта ў гэты перыяд дзіця і імк­нецца да самастойнасці, часта гаворыць: “Я сам!” Няхай сын ці дачка дапамагае бацькам мыць посуд, накрываць на стол, збіраючыся на вуліцу, доўга, але самастойна завязвае шнуркі, есць суп лыжкай, хоць пакуль яшчэ разліваючы на стол. Дзіцяці патрэбна трэніроўка. Сёння бацькам давядзецца патраціць час на тое, каб ліквідаваць наступствы “дапамогі” дзяцей, затое заўтра вырасце моцны, валявы малады чалавек, які ўмее дасягнуць у жыцці поспеху.

Мы рыхтуем для бацькоў памяткі па розных тэмах і рассылаем у групе ў Viber. Стараемся такія памяткі дапаўняць або відэаролікамі, або прэзентацыямі, каб усё было наглядна. Запатрабавана такая форма работы, як абмен вопытам сямейнага выхавання. Маладым бацькам заўсёды цікава пагля­дзець, як выхаванне ажыццяўляецца ў іншых сем’ях. Пры гэтым мы разглядаем і тыповыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца бацькі, вырашаем, як іх пазбегнуць. Вопыт сямейнага выхавання афармляем у выгля­дзе прэзентацыі ці відэафільма і са згоды баць­коў распаўсюджваем у групе.

Калі дзеці з бацькамі прыходзяць на заняткі мацярынскай школы, у раздзявальні для кожнага дзіцяці прадугледжана шафка, дзе захоўваюцца іх рэчы. Разам з бацькамі мы падтрымліваем усе спробы дзяцей праявіць самастойнасць і акуратнасць. Цярп­ліва ад заняткаў да заняткаў паказваем малышам, як і што трэба рабіць, у якой паслядоўнасці адзецца, куда палажыць рэчы. Тлумачым бацькам, што дзіця трэба абавязкова заахвочваць, тады ў яго свядомасці замацуецца, што праца звязана з поспехам.

Каб выклікаць у дзяцей жаданне самастойна раздзявацца і зрабіць для іх гэты працэс лёгкім і прыемным, выкарыстоўваем песенькі, пацешкі. Для бацькоў зрабілі падборку такіх твораў да кожнага рэжымнага моманту. Для замацавання дзецьмі навыкаў самаабслугоўвання праводзім дыдактычныя гульні накшталт: “Адзенем ляльку Насцю”, “Выкупаем мішку”, “Пачастуем лялек”, “Пакладзём Таню спаць”, “Лялька Маша змерзла” і інш. Асноўным зместам дыдактычных гульняў з’яўляецца асваенне дзіцем культурна-гігіенічных навыкаў.

У выніку сумеснай работы з сем’ямі ва ўстанову паступаюць дзеці, у якіх ужо сфарміраваны асноўныя навыкі самаабслугоўвання: яны ўмеюць самі надзяваць і знімаць адзенне, абутак, складаць усё гэта ў шафку, вешаць на крэслачка адзенне перад сном. Малышы ўмеюць трымаць лыжку, есці суп з талеркі, піць з кубка, карыстацца сурвэткай, мыць рукі і выціраць іх ручніком. Іншымі словамі, адчуваюць сябе ўпэўнена і камфортна, а адаптацыя праходзіць лёгка.

Жанна КАРАЛЁВА, 
выхавальніца ясляў-сада № 70 Магілёва.