Прыярытэт — умацаванне бяспекі ваеннаслужачых

- 11:18Інфармацыйная гадзіна

Адказ Расіі на крушэнне Іл-20 будзе накіраваны на дадатковае захаванне бяспекi ваеннаслужачых Расійскай Федэрацыі ў Сірыі. Гэтыя меры будуць відаць усім, заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, паведамляе ТАСС.

“Што тычыцца дзеянняў у адказ, то яны будуць накіраваны перш за ўсё на захаванне дадатковай бяспекі нашых ваеннаслужачых, нашых аб’ектаў у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы”, — заявіў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі.

Крушэнне Іл-20 над Міжземным морам Уладзімір Пуцін назваў ланцугом трагічных абставін. Ён асабліва падкрэсліў, што ў выпадку з інцыдэнтам над Міжземным морам ізраільскі самалёт не збіваў расійскі Іл-20. “Але, безумоўна, мы павінны ў гэтым яшчэ сур’ёзна разабрацца, а наша стаўленне да гэтай трагедыі выкладзена ў заяве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, якая са мной поўнасцю ўзгоднена”, — адзначыў Прэзідэнт Расіі.

Расійскі ваенны самалёт Іл-20 быў збіты сістэмай ППА Сірыі ўвечары 17 верасня над Міжземным морам, у выніку загінулі 15 расійскіх ваеннаслужачых. Паводле даных Мінабароны Расіі, Іл-20 знік з радараў кіравання авіяцыяй у ходзе атакі чатырох ізраільскіх самалётаў F-16 па сірыйскіх аб’ектах у правінцыі Латакія. У міністэрстве адзначылі, што ізраільскія лётчыкі, прыкрываючыся Іл-20, падставілі яго пад агонь комплексу С-200.

Паводле слоў міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу, ізраільскія самалёты F-16 наносілі ўдары па Сірыі пад прыкрыццём расійскага Іл-20, мяркуючы, што сірыйскія сілы ППА не будуць дзейнічаць у гэтым напрамку. Ён адзначыў, што знішчальнікі ВПС Ізраіля нанеслі ўдары без папярэджання.

Ізраіль ужо выказаў шкадаванне ў сувязі з гібеллю экіпажа расійскага самалёта Іл-20. У распаўсюджаным камюніке прэс-службы арміі абароны Ізраіля таксама гаворыцца, што ізраільскія знішчальнікі вярнуліся на тэрыторыю яўрэйскай дзяржавы да таго моманту, калі сірыйскія сістэмы ППА запусцілі ракеты, якія збілі расійскі самалёт Іл-20. Адказнасць за інцыдэнт Ізраіль ускладае на Сірыю, Іран і рух “Хезбалах”.