Псіхалагічны тэатр “Лютэя”. Спектаклі-адкрыцці

- 12:56Культура

Наталлі Раманчык, прафесару кафедры кіравання і эканомікі вышэйшай школы Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, кіраўніку псіхалагічнага тэатра “Лютэя” (Любоў, Тэатр і Я), давялося прайсці шмат адукацыйных прыступак. 

Ужо ў 3-гадовым узросце ў яе была кардонная каробка-сцэна з-пад торта, на якой ігралі яе незвычайныя акцёры: лялькі з пластыліну… У 1 класе яна ўпершыню выйшла на сцэну як акцёр і музыкант. Потым была вучоба ў Мінскім вучылішчы мастацтваў, дзе Наталля атрымала спецыялізацыю “кіраўнік аркестра”. І яшчэ дзве вышэйшыя адукацыі ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце — “Педагогіка і методыка выхаваўчай работы”, “Псіхалогія сямейнага жыцця”, а таксама перападрыхтоўка па спецыяльнасцях “Практычная псіхалогія”, “Менеджмент у сферы адукацыі”.

Некалькі гадоў назад Наталля Раманчык атрымала кваліфікацыю “псіхадрама-тэрапеўт” у Еўрапейскім інстытуце псіхадрамы (PAFE, Берлін) і ў Нарвежскім інстытуце псіхадрамы (Осла).

Псіхалагічнаму тэатру “Лютэя” ўжо дваццаць восьмы год. За гэты час створана шмат цікавых псіхатэрапеўтычных спектакляў, дзе кожны яго ўдзельнік праходзіць таінства вылячэння.

Калектыўны псіхолаг

—  Спачатку гэта была проста спроба маіх студэнтаў, у якіх я выкладала ў Мінскім педагагічным тады яшчэ інстытуце, прыдумаць што-небудзь такое, каб нам не расставацца, —  з усмешкай успамінае Наталля Віктараўна. — Ім не хапала прафесійных зносін і настаўніка. Хацелася дапамагчы ім набыць такі вопыт у галіне сацыяльнай педагогікі, што выходзіла за рамкі праграмы, паглядзець, як тэорыя працуе на практыцы.

Першы склад быў самы шматлікі: спачатку ў тэатры было 33 чалавекі, потым склад структураваўся. І да сённяшняга дня больш за 10 акцёраў “Лютэі” — з самага першага складу. Гэта былыя вучні Наталлі Віктараўны Вячаслаў Ляскоўскі, Сяргей Завадскі, яе былыя студэнты Ларыса Галіцкая, Алена і Аляксандр Пыко, Наташа Бондар, Аляксандр Бабарэка, Ганна Турава, Андрэй Жукоўскі, Аліна Шумілава, Юлія Кухцінская… Большасць з іх — прафесійныя псіхолагі. Ёсць і прадстаўнікі іншых прафесій, улюбёныя ў тэатр. Тут ствараюцца сем’і, нараджаюцца дзеці…

 “Лютэя” стала роднай і для сям’і Наталлі Раманчык. Муж, Андрэй Салавей, у тэатры з моманту заснавання, дачка Арсенія на сцэне з 5 гадоў. У яе абсалютны музычны слых. Дзяўчынка выдатна іграе на фартэпіяна і спявае. Упершыню выйшла на сцэну ў ролі анёла ў спектаклі для анкахворых дзяцей “Крылы ў падарунак”. Ёсць у “Лютэі” і ўласны кампазітар Данііл Кулікоўскіх, які піша музыку для спектакляў.

—  Мы вельмі ўдзячны Рэспубліканскаму тэатру Беларускай драматургіі за супрацоўніцтва, за магчымасць выступаць на сцэне, — кажа Наталля Раманчык. — Але нам падыдзе любая пляцоўка, дзе можна арганізаваць сцэну. “Лютэя” — даволі мабільны тэатр, які можа хутка разгортвацца ў любым зручным памяшканні.

Ёсць спектаклі, якія ставяць на прыродзе, напрыклад, абрадавы спектакль “Купалле”. Праекту ўжо 19 гадоў. Кожны год ён мае сваю назву і сваю тэму. Гэта — спектакль-свята з элементамі абрадавага дзеяння.

—  Усе гэтыя гады праект не перапыняўся, — тлумачыць кіраўнік тэатра. — Я ставіла “Купалле” нават з сямімесячным дзіцем. Кожны год на праект прыязджаюць нашы суайчыннікі, якія пражываюць у іншых краінах: Расіі, Украіне, ЗША, Японіі. Яны ўзрушаны глыбінёй беларускага фальклору, прыгожымі абрадамі, шчырым пачуццём любові да Радзімы і свайго роду.

З абрадавым спектаклем “Беларускае вяселле” як сацыяльным праектам ездзілі ў Германію. Выступалі ў Доме састарэлых, у хоспісе пры манастыры. Паказвалі канцэрты на тэрыторыі Баварыі, на зямлі Паўночны Рэйн-  Вестфалія ў рамках супрацоўніцтва з арганізацыяй “Дзеці ў бядзе”.

—  У 2019 годзе мы паставілі спектакль-адкрыццё “Status nasсendi, або Сустрэчы з унутраным дзіцем”, які я зрабіла на стыку псіхадрамы і ўласнай методыкі, — расказвае Наталля Раманчык. — Спектакль зусім не падобны да іншых, яго паставілі па ўласных тэрапеўтычных гісторыях. Год ішла падрыхтоўка. Мы выявілі найбольш вострыя тэмы, каб увасобіць іх на тэатральнай сцэне. Эпізоды — міні-спектаклі — атрымаліся вельмі кранальнымі. Гледачы выходзілі на сцэну, дапамагаючы акцёрам…

Тыя, хто прыходзіць на спектаклі “Лютэі”, разумеюць, што яны не адзінокія і не ўнікальныя ў сваёй бядзе. Менавіта тут, на сцэне, яны атрымліваюць крылы, што дапамагаюць ім жыць. “Status nasсendi, або Сустрэчы з унутраным дзіцем”  — гэта спектакль-адкрыццё. У ім 9 эпізодаў. Яны розныя. У кожным свая тэма: развод бацькоў, насілле над дзецьмі, дзіцячыя страхі, ненароджаныя дзеці, трансгенерацыйныя траўмы… Кожны эпізод складаецца з трох частак. У першай паказваюць, як чалавек жыве ў сучаснасці, вызначаюць Status nascendi: час і месца нараджэння дэструктыўнай ролі. У другой частцы ідзе работа ў звышрэальнасці, дзе нараджаецца новая роля. У трэцім эпізодзе акцёр спрабуе сябе ў гэтай новай ролі. Работа з гледачом выбудавана тэрапеўтычнай групай як адзіным калектыўным псіхолагам. Таму спачатку неабходна дапамагчы акцёрам вырашыць свае праблемы, навучыцца быць шчаслівымі і больш паспяховымі, а яны, у сваю чаргу, дапамагаюць тым, хто прыходзіць на спектакль. Часам здараецца, што людзі з глядзельнай залы прыходзяць у тэатр у якасці ўдзельнікаў.

Кожны гук, колер і сімвал

Тут не бывае аднолькавых работ. Спектакль “Крылы для анёла” з’явіўся 9 гадоў назад. Кожны год ён абнаўляўся. Тут можна знайсці адказ на пытанне аб тым, як перажыць жыццёвы крызіс. Спачатку распрацоўвалася тэма крызісу сярэдняга ўзросту, а потым тэматыку пашырылі. Абазначылі абагульненую схему самога крызісу, каб вызначыць шляхі выхаду з гэтага стану. Гэта спектакль пра тое, якія магчымасці дадзены чалавеку, каб пераадольваць такія цяжкасці. Пра пошук унутранай сілы, свабоды, упэўненасці, натхнення і творчасці.

Спектакль дапамагае паглядзець унутр уласнай душы і сустрэцца са сваім унутраным дзіцем, той часткай сябе, якая дадзена нам пры нараджэнні, якая заўсёды памятае, для чаго мы прыходзім у гэтае жыццё. Дапамагае здабыць свабоду ад страху і нявер’я, адпусціць крыўду і віну, пераадолець зайздрасць, прагнасць і ганарыстасць. Вучыць дзякаваць за пражыты вопыт, прымаць і дараваць. Тут і тэма сэнсу жыцця, свайго прызначэння, веры ў сябе.

У спектаклі вялікую ролю адыгрывае музыка. Яе напісаў удзельнік тэатра малады кампазітар Данііл Кулікоўскіх. Кожнае дзеянне тэатра выбудавана на навуковай аснове. Метадалагічна гэта вельмі складаная і карпатлівая работа, дзе навукова абгрунтаваны кожны тэкст, гук, колер і сімвал. Улічваецца мноства найдрабнейшых дэталей. Кожны новы паказ для “Лютэі” — гэта новы спектакль: абавязкова ўлічваюцца запатрабаванні і праблемы людзей, якія прыйшлі менавіта на гэты спектакль.

Загадзя фарміруецца аўдыторыя: колькасць гледачоў заўсёды абмежавана спецыфікай методыкі псіхалагічнага тэатра, якая прадугледжвае не больш як 30 чалавек на адным паказе. Работа разлічана на псіхічна здаровых людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Развязаць вузлы памяці

…Зараз у “Лютэі” працуюць над новым спектаклем “Зямля жывая”, тэма якога — трансгенерацыйныя траўмы зямлі беларускай. Гэта чарнобыльская трагедыя, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, міграцыя… Першая частка псіхалагічнага фільма-спектакля “Вытокі. Дотык” ужо гатова. У цэнтры ўвагі гледача — мадэль перадачы трансгенерацыйнай траўмы, што дае магчымасць зазірнуць у жыццё сваіх продкаў, якія перадаюць наступным пакаленням інфармацыю па родзе. Гэтыя траўмы часта ўвасабляюцца ў нерэалізаваныя жаданні, страхі, якія даводзіцца адпрацоўваць нашчадкам. Радавая памяць прымушае кожнага не адрывацца ад свайго роду. Генетычна ж перадаецца і добрае, і дрэннае. Што рабіць, калі перадаецца дрэннае? І ці можна з гэтым штосьці зрабіць? Немагчыма ж змяніць жыццё сваіх продкаў. Мы толькі можам папрацаваць над уласным зямным падарожжам, развязаць вузлы радавой памяці, прайсці пэўныя рытуалы: пакаяння, даравання, звярнуўшыся да тых, каму мы прынеслі боль. У “Лютэі” рыхтуюцца да прэм’еры. 

У найбліжэйшых планах — перакласці гэты фільм-спектакль на англійскую мову, зрабіўшы англамоўную версію з цітрамі.

—  Гэтую работу мы можам прапанаваць у анлайн-фармаце, — кажа кіраўнік “Лютэі”. — Падчас пандэміі я супрацоўнічала з міжнароднай арганізацыяй, якая аказвае псіхалагічную дапамогу кавідным пацыентам, і ў мяне нарадзілася ідэя выйсці за межы сцэны ў анлайн-фармаце, каб дапамагаць людзям. З 2020 года з тэатрам працуем у гібрыдным фармаце — рэпетыцыі праходзяць у афлайн- і анлайн-рэжыме.

Летась калектыў псіхалагічнага тэатра “Лютэя” быў запрошаны ў Балгарыю на расійска-балгарскі фестываль арт-тэрапіі, псіхадрамы і іншых экспрэсіўных метадаў тэрапіі “Новыя магчымасці ў новых умовах”, дзе Наталля Раманчык правяла майстар-клас “Псіхалагічны тэатр “Лютэя”: тэрапеўтычная работа з крызіснымі сітуацыямі” з прэзентацыяй спектакля “Крылы для анёла”, які дапамагае выйсці з крызісу сярэдняга ўзросту. Зараз калектыў рыхтуецца да канферэнцыі ў Пермскім універсітэце (Расія).

У розных варыяцыях рабілі спектакль “Эльфійская казка” — пра любоў да сябе, пра магчымасць паверыць у цуд. Рыхтавалі яго для рознай аўдыторыі: для дзяцей-сірот, для тых дзяцей, якія жывуць у прытулку, для ўсынавіцеляў, для аднаго чалавека… Вялікай папулярнасцю карыстаецца спектакль “Міжсезоннасць. Пятая пара года” — пра тое, як перажыць гора, смерць блізкага чалавека. Яго паказвалі больш за тысячу разоў! Кожны раз паралельна з праніклівым тэатральным дзействам ідзе напружаная псіхатэрапеўтычная работа, дзе выкарыстоўваецца самы важны метад тэрапіі — вылячэнне любоўю.

Святлана ХОРСУН.
Фота з асабістага архіва Наталлі Раманчык.