“Работа мая такая”

- 14:35Сацыяльны ракурс

“Няма безнадзейных падлеткаў, ёсць тыя, хто недаатрымаў увагі”, — гаворыць старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Савецкага РУУС Мінска Вячаслаў Міхайлавіч Сайко. Ён жа двухразовы пераможца Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лепшы ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх”, прымеркаванага да Дня стварэння службы ўчастковых інспектараў міліцыі. Зразумела, работа В.М.Сайко, як і любога інспектара ІСН, прадугледжвае пастаяннае супрацоўніцтва з педагогамі, а Вячаслава Міхайлавіча і дома чакае педагог — яго жонка Лія Іванаўна выкладае англійскую мову ў адной з гімназій Савецкага раёна сталіцы.

Невыпадковы шлях

Праўда, гэтая навучальная ўстанова знаходзіцца не на ўчастку яе мужа. Падшэфныя В.М.Сайко — сярэднія школы №№ 34 і 147, але ён прызнаецца, што нярэдка ў яго просяць парады і ў іншых навучальных установах, тым больш што старшы інспектар, маёр міліцыі з’яўляецца членам камісіі па справах непаўналетніх раёна. А яшчэ ўраджэнец Ваўкавыска Гродзенскай вобласці сам мае педагагічную адукацыю — у свой час скончыў геафак БДУ. Ды і бацькі майго суразмоўцы былі педагогамі: працавалі ў тым ліку ў школе для дзяцей, якія маюць праблемы са зрокам, дзе пазней стварылі навучальную ўстанову для дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі.

Ці дапамагае педадукацыя ў зносінах з падлеткамі, бацькамі, педагогамі? Канечне, на працягу ўжо 23-х гадоў. Прычым з самага пачатку сваёй работы ў сістэме МУС Вячаслаў Міхайлавіч працаваў менавіта ў Савецкім раёне, менавіта ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Пры гэтым даволі даўно ён працуе на ўчастку, галоўнай асаблівасцю якога з’яўляецца Цнянскае вадасховішча.

Спецыфічнасць такога размяшчэння асабліва выразна праяўляецца летам, калі на добра вядомай усім мінчанам Цнянцы яблыку няма дзе ўпасці — столькі там адпачываючых, у тым ліку непаўналетніх. Здараецца, людзі расслабляюцца, падсілкоўваючы сябе алкаголем. І калі дарослым міліцыянеры, заўважыўшы такую сітуацыю, могуць на першы раз зрабіць заўвагу, пераконваюць не заходзіць у ваду, то з дзецьмі інакш — адразу затрымліваюць, выклікаюць бацькоў. Тут кантроль выступае ў ролі сродку ратавання чалавечых жыццяў.

— Летам мы з калегамі складаем графік работы менавіта зыходзячы з гэтых акалічнасцей, бо нас таксама прыцягваюць да аховы грамадскага правапарадку на вадасховішчы, — падкрэслівае старшы інспектар. — У мяне ёсць два веласіпеды, здараецца, што разам з калегам выязджаем на дзяжурства на іх.

Адпачынак мой суразмоўца бярэ звычайна ўвосень, калі на Цнянцы становіцца спакойна.

Зразумела, Вячаслаў Міхайлавіч пастаянна прыходзіць у свае школы, у сем’і сваіх падапечных, якія здзейснілі правапарушэнні, і ў сем’і хлопцаў і дзяўчат, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама на выхаваўчыя мерапрыемствы дадатковых устаноў адукацыі.

— Хачу, можа, нават і пахваліцца, што зараз на маім адміністрацыйным участку няма асуджаных непаўналетніх, мера пакарання якіх звязана з пазбаўленнем волі (адтэрміноўка выканання прысуду, абмежаванне волі, папраўчыя работы), — заўважае В.М.Сайко. — І няма зараз у мяне падлеткаў, якія ўжываюць наркотыкі і стаяць на ўліку ў нарколага. Гэта таксама група павышанай увагі. Зразумела, што і тая і другая катэгорыя на ўчастку была, але хтосьці вырас, хтосьці выправіўся, хочацца верыць, што ў гэтым ёсць і мая заслуга.

— Можа настаўнікі проста баяцца расказваць пра выпадкі ўжывання наркотыкаў, каб іх не пакаралі за дрэнную работу, таму і статыстыка станоўчая? — пытаюся ў Вячаслава Міхайлавіча.

— Не, канечне, — адказвае ён. — Па-першае, такое доўга не схаваеш, па-другое, навошта? Усе ж разумеюць: чым раней праблема выяўлена, тым прасцей яе вырашыць, мы імкнёмся менавіта да гэтага.

З самых складаных груп на ўчастку ў цяперашні час жывуць толькі ўдзельнікі нефармальных маладзёжных груповак, а дакладней, футбольныя фанаты правага кірунку. Іх усяго тры чалавекі — два стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, адзін — на назіральным уліку. Стаяць, канечне, не за тое, што любяць футбол, а за канкрэтныя правапарушэнні, напрыклад, за хуліганскія дзеянні. Хаця гэтыя маладыя людзі не адносяцца да самых актыўных удзельнікаў групоўкі, сярод фанатаў-хуліганаў хлопцы аказаліся невыпадкова — яны і раней увязваліся ў бойкі, ужывалі алкаголь.

Розныя лёсы

Ужыванне алкаголю і хуліганскія дзеянні, а таксама парушэнне правіл дарожнага руху (напрыклад, кіраванне мапедам ці аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення ці (і) без вадзіцельскага пасведчання) — наогул галоўныя па колькасці правапарушэнні, якія здзяйсняюць падлеткі, ва ўсякім выпадку на ўчастку В.М.Сайко. Зараз на яго ўчастку 12 непаўналетніх, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа (іх ставяць на ўлік у ІСН).

Усяго ў Савецкім раёне такіх падлеткаў 130, з іх — 40 дзяўчынак. Гэта дзеці з розных сем’яў, неабавязкова з нядобранадзейных. Хаця што можна лічыць нядобранадзейнасцю? Ці толькі злоўжыванне алкаголем, сваркі, выклікі міліцыі, лячэнне бацькоў у ЛПП? Хапае, канечне, і такіх. Але, скажам, наўрад ці можна назваць нармальнай сітуацыю, калі бацькі развяліся і пакінулі сына-падлетка сам-насам са сваімі праблемамі і перажываннямі.

Такі прыклад прывёў і Вячаслаў Міхайлавіч. Нядаўна ён удзельнічаў у пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, дзе сустрэўся са сваім старым знаёмым менавіта з такой сям’і. Хлопца яшчэ летась хацелі накіраваць у папраўчую ўстанову закрытага тыпу, але ў чарговы, чацвёрты, раз пашкадавалі. Цяпер справа дайшла да суда, але бацькі навучэнца прафесійна-тэхнічнага ліцэя на пасяджэнне КСН не з’явіліся. Як паведаміў сам хлопец, сказалі: “Табе ўжо 18. Твае праблемы — ты іх і вырашай”. Калі магчымасць паўплываць на сына была яшчэ рэальнай, дарослыя ёй не скарысталіся, а зараз ужо і зрабіць нічога не могуць. Ды і не хочуць, відаць.

— У чымсьці, напэўна, і мы недапрацавалі, — гаворыць мой суразмоўца. — Я гэтага хлопца даўно ведаў, ён і ў нарколага на ўліку быў. Сіл прыклалі нямала, але ўсё ж дзесьці недапрацавалі. Хлопцу была неабходна павышаная бацькоўская ўвага, а ён яе не атрымліваў. Але віны з сябе ніколі не знімаю, значыць, штосьці можна было зрабіць яшчэ.

Ёсць, канечне, і іншыя прыклады. Так, старшы інспектар ІСН расказвае пра дзяўчыну, якая здзейсніла шматлікія правапарушэнні, нават пагражала сваёй прабабцы нажом, трапіла ва ўстанову закрытага тыпу. Зараз усё гэта прайшло, дзяўчына выйшла замуж, выхоўвае дзіця. Інспектар, трэба сказаць, назіраў за дзяўчынай і пасля яе вяртання са спецшколы, размаўляў з яе маці. Трывожных званочкаў не было. Ёсць надзея, што і не будзе.

Наіўна было б, канечне, лічыць, што ўсе падлеткі, якія калісьці здзейснілі сур’ёзныя правапарушэнні або злачынствы, пасля выхаваўчай работы, адбыцця пакарання становяцца ідэальнымі членамі грамадства, але, галоўнае, яны не ўяўляюць для яго пагрозы, у большай ці меншай ступені сацыялізуюцца, іх жыццё можна вызначыць словам “нармальна”. Дарэчы, такіх, чыё жыццё ў рэшце рэшт стала нармальным, пераважная большасць. Старшы інспектар ІСН В.М.Сайко гэта пацвярджае. І дадае, што нярэдка накіраванне непаўналетняга ва ўстанову закрытага тыпу з’яўляецца для яго самога выратаваннем. Там падлетак вымушана адарваны ад сваёй кампаніі, ад наркотыкаў. Часта гэта элементарна ратуе хлопца або дзяўчыну ад заўчаснай гібелі. Літаральна: няма наркотыкаў, алкаголю, пазбег удзелу ў чарговай бойцы — застаўся ў жывых, захаваў здароўе.

А тыя, хто толькі аднойчы трапіў пад увагу ІСН, пасля паўгадавой выхаваўчай работы, пасля станоўчага водгуку са школы звычайна знімаюцца з уліку і больш на яго не трапляюць.

Гэта павінен ведаць і ўмець кожны інспектар

— Я думаю, што нашы размовы з гэтымі падлеткамі, выхаваўчыя мерапрыемствы адыгрываюць станоўчую ролю, асабліва калі на кантакт ідуць бацькі, — гаворыць Вячаслаў Міхайлавіч. — Хаця ў школах неабходна размаўляць з усімі дзецьмі, засцерагаць іх ад небяспек, ад проціпраўных дзеянняў, што мы з калегамі і робім.
Такі вопытны, зацікаўлены і пры гэтым самакрытычны інспектар ІСН і атрымаў званне лепшага ў сваёй няпростай прафесіі. А ўпершыню В.М.Сайко ўдзельнічаў у прафесійных спаборніцтвах яшчэ ў 2008 годзе. Быў і пятым, і шостым, цяпер вось двойчы першы. Другое і трэцяе месцы летась, дарэчы, заваявалі прадстаўнікі Гомельскай вобласці.

Падчас агляду-конкурсу яго ўдзельнікі паказваюць спецпадрыхтоўку ў веданні нарматыўных дакументаў, заканадаўчых актаў. Аб’ём інфармацыі вельмі вялікі, на што будзе зроблены ўпор, здагадацца немагчыма. Пераважаюць, зразумела, пытанні па рабоце, непасрэдна звязанай з дзейнасцю інспектараў ІСН, але шмат і іншых. Этап дае самую вялікую колькасць балаў — 30.

Правяраюцца фізічная і агнявая падрыхтоўка ўдзельнікаў конкурсу, а таксама іх уменне аказваць медыцынскую дапамогу. І калі, на шчасце, у рабоце Вячаславу Міхайлавічу ніколі не даводзілася прымяняць зброю, то медыцынскую дапамогу ён аказваў, напрыклад, пры страце прытомнасці, эпілептычным прыпадку.

— Аснова нашай работы, безумоўна, прафілактыка, — падводзіць вынікі мой суразмоўца. — Добра, канечне, раскрыць злачынства, але адначасова гэта і твой пройгрыш, бо, калі падлетак пайшоў супраць закона, мы прайгралі, мы недапрацавалі.

Прафесіяй сваёй ён задаволены. Кажа, што бывае няпроста, але цікава.

— Прачынацца з думкай “Як мне ўсё гэта надакучыла” не даводзілася, — гаворыць Вячаслаў Міхайлавіч. — Раздражненне, незадаволенасць людзі абавязкова адчуюць, як жа з імі працаваць? А мне цікава з дзецьмі, з падлеткамі, бо яны, нават самыя цяжкія, — пакуль нястрачаныя людзі. І за сем’і, з якімі мы працуем, яшчэ можна змагацца. Мы і змагаемся. Цяжка, складана, але такая ў нас работа.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва В.М.САЙКО.