Работа педагога-псіхолага: якія актуальныя задачы стаяць перед такімі спецыялістамі

- 12:01Образование, Приложение, Психолог в школе

Рэспубліканскі семінар “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу” адбыўся ў Мінску ў пачатку мая. Пленарнае пасяджэнне семінара прайшло на базе сталічнай сярэдняй школы № 23. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

Педагогі-псіхолагі з усіх рэгіёнаў краіны з’ехаліся на семінар, каб абмяняцца вопытам і атрымаць актуальную інфармацыю, што называецца, з першых рук. Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец назваў гэтую сустрэчу надзвычай актуальнай і своечасовай.

З рэагавання на прафілактыку

Сучасная сістэма адукацыі адрозніваецца варыятыўнасцю аказання псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу. Ва ўстановах адукацыі ўсіх ступеней ёсць педагогі-псіхолагі, у кожным раёне дзейнічаюць сацыяльна-педагагічныя цэнтры і ЦКРНіР, дзе маецца цэлы штат псіхолагаў. Такім чынам, магчымасці для задавальнення патрэб навучэнцаў, іх бацькоў і педагогаў у псіхалагічнай дапамозе ў сістэмы адукацыі ёсць.

— Наша задача — больш настойліва інфармаваць аб гэтай магчымасці і павы­шаць якасць работы псіхолагаў, забяспечваць развіццё іх прафесійных кампетэнцый, каб зварот па дапамогу станавіўся для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу максімальна выніковым, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.

Алена Фёдараўна падрабязна расказала ўдзельнікам семінара пра нядаўнія змяненні ў заканадаўстве. Многія з іх прадыктаваны аналізам канкрэтных крызісных сітуацый. Так, паводле аднаго з артыкулаў Закона Рэс­публікі Беларусь “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі”, псіхолаг абавязаны прадастаў­ляць у адпаведныя дзяржаўныя органы інфармацыю, якая складае прафесійную тайну, без згоды чалавека, які звярнуўся па псіхалагічную дапамогу, ці яго законнага прадстаўніка і без пісьмовага запыту.

Па словах Алены Сімаковай, аналіз дыягнастычнага інструментарыю, які выкарыстоўваюць у рабоце педагогі-псіхолагі, паказвае неабходнасць яго абнаўлення. У рамках выканання даручэнняў калегіі Міністэрства адукацыі, якая адбылася 13 красавіка бягучага года, плануецца вывучэнне і абагульненне міжнароднага вопыту, а таксама вопыту работы айчынных педагогаў-псіхолагаў у пытаннях выяўлення і дыягностыкі дзяцей, якія з’яўляюцца ахвярамі сексуальнага гвалту, схільных да суіцыдальных паводзін і інш.

— Прашу ўсіх удзельнікаў семінара і асабліва рэспубліканскія ўстановы адукацыі актыўна далучыцца да рэалізацыі гэтых даручэнняў і паўдзельнічаць у распрацоўцы абноўленага інструментарыю, — заклікала А.Сімакова.

Таксама Алена Фёдараўна заўважыла, што ў Міністэрства адукацыі паступаюць звароты па праблеме булінгу ў класных калектывах. У прыватнасці, сігналы паступалі наконт вучняў сярэдняй школы № 23 Гомеля, гімназіі № 19 Мінска, сярэдняй школы № 34 Віцебска, сярэдняй школы № 3 Смалявіч Мінскай вобласці, гімназіі № 4 Гродна, сярэдняй школы № 82 Мінска. У сярэдняй школе № 24 Барысава Мінскай вобласці і сярэдняй школе № 12 Баранавіч Брэсцкай вобласці, па матэрыялах звароту, некаторых з навучэнцаў таксама булілі аднакласнікі.

— Мы дэталёва разбіраліся з кожным зваротам і прыйшлі да высновы, што прычынамі іх паступлення на адрас міністэрства з’яўляюцца як асаблівасці школьных калектываў, так і недапрацоўкі ў арганізацыі псіхалагічнага і сацыяльна-педагагічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, калі прынцып інклюзіі на практыцы не працаваў, — заўважыла прадстаўнік Міністэрства адукацыі.

Відавочна, што для кіраўнікоў устаноў адукацыі павінна быць прадугледжана неабходнасць рэагавання на крызісныя сітуацыі ў дзіцячых калектывах. На бягучы момант актуальная распрацоўка алгарытму такога рэагавання, недапушчальна пакі­даць сітуацыю без вырашэння. Па меркаванні Алены Сімаковай, заслугоўвае ўвагі эксперыментальны праект па стварэнні дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах адукацыі. Харвацкая мадэль стварэння талерантнай прасторы ў школе была адаптавана пад беларускія рэаліі, прычым на радзіме праекта пасля яго ўкаранення ў практыку ўзровень булінгу ў школах знізіўся ў два разы.

— Каманда крызісных псіхолагаў створана намаганнямі Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ, — сказала Алена Фёдараўна. — Спадзяёмся, што сістэмная работа дазволіць перамясціць акцэнт з рэагавання на надзвычайныя сітуацыі на іх своечасовае папярэджанне і прафілактыку. Важна пастаянна вывучаць патрэбу педагогаў-псіхолагаў у павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці, павы­шаць іх кваліфікацыю, зыходзячы з іх запытаў. Нашы псіхолагі павінны валодаць найлепшымі практыкамі, быць зацікаўленымі ва ўкараненні перадавога вопыту, атрымліваць у гэтым кірунку нашу падтрымку. Ні ў якім разе ў рабоце педагога-псіхолага не павінна быць замоўчвання і ўтойвання праб­лем, паколькі рызыка ад недапрацоўкі псіхолага надзвычай вялікая.

На бягучы год укамплектаваны 89,6% ставак педагога-псіхолага ва ўстановах адукацыі, астатнія стаўкі часова запоўнены сумяшчальнікамі. Педагогаў-псіхолагаў рыхтуюць у 13 установах вышэйшай адукацыі, неабходна ўзмацніць работу па мэтавай падрыхтоўцы гэтых спецыялістаў. У мінулым годзе да работы прыступілі 116 маладых спецыялістаў педагогаў-псіхолагаў.

Міністр адукацыі звярнуў увагу на недастатковую замацавальнасць педагогаў-псіхолагаў на рабочых месцах. Такім чынам, пытанне мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў і наступнага стварэння неабходных добрых умоў працы з’яўляецца ключавым.

Дом, у якім мы жывём

Начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы Рэспуб­ліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Святлана Бутрым упэўнена: педагог-псіхолаг сучаснага каледжа павінен разумець сваю ролю ў вырашэнні задач сістэмы адукацыі, валодаць адпаведным арсеналам сродкаў і метадаў псіхалагічнай работы. Варта адзначыць, што псіхалагічнае суправаджэнне ва ўстановах прафесійнай адукацыі ўскладнена некаторымі праблемамі развіцця і станаўлення асобы навучэнца і патрабуе асаблівых падыходаў. Сёння ў беларускіх каледжах вучыцца звыш 170 тысяч юнакоў і дзяўчат. Па словах Святланы Рышардаўны, псіхалагічная работа з імі абумоўлена спецыфікай кантынгенту маладых людзей: у каледжах вучыцца шмат падлеткаў з няпоўных і нядобрана­дзейных сем’яў, тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, падлеткаў з ліку сірот і асоб, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама падлеткаў, якія маюць розныя формы залежных паводзін і іншых паводзінскіх дэвіяцый.

— Нашы педагогі-псіхолагі праводзяць кансультацыі па пытаннях супрацьпраўных паводзін моладзі, адаптацыі да новых умоў навучання, вырашэння канфліктаў і г.д. Педагог-псіхолаг выяўляе навучэнцаў, якія знаходзяцца ў зоне псіхалагічнай рызыкі, рэалізуе псіхакарэкцыйную работу, вядзе прафілактыку суіцыдальных паводзін, — зазначыла Святлана Бутрым.

Андрэй Іванец заклікаў педагогаў-псіхолагаў выяўляць навучэнцаў з псіхалагічнымі праблемамі і працаваць менавіта з імі. Зразумела, прыемней працаваць з дзецьмі, у якіх усё добра ў псіхалагічным плане, але важна працаваць з тымі дзецьмі, якім дрэнна. Міністр адукацыі прапанаваў увесці ў кале­джах правіла адчыненых дзвярэй у кабінеце педагога-псіхолага: такі прынцып дзейнічае ў Мінскім дзяржаўным каледжы імя А.К.Глебава, пра што падрабязна расказвала наша газета ў № 17 за 28 лютага бягучага года. Навучэнец, якому дрэнна псіхалагічна, хутчэй зойдзе ў адчыненыя дзверы, чым пастукаецца ў закрыты кабінет псіхолага.

Такі ж складаны кантынгент для псіхалагічнай работы ў педагогаў-псіхолагаў Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі, пра што паведаміла дырэктар установы Таццяна Бялевіч. Парушэнне натуральных кантактаў з ранняга дзяцінства вядзе да таго, што псіхічная структура асобы дзіцяці не набывае неабходную ўстойлівасць.

— Задача нашых педагогаў-псіхолагаў — даць сем’ям неабходную падтрымку, замацаваць іх псіхалагічныя веды і павы­сіць прафесійныя кампетэнцыі, — сказала Таццяна Аляксееўна. — Каб падтрымаць новыя замяшчальныя сем’і, распрацавана і зараз амаль гатова да выкарыстання трансфармацыйная гульня “Дом, у якім мы жывём” (аўтары — педагогі-псіхолагі НЦУ Таццяна Аляксандраўна Пімкова і Ганна Леанідаўна Кушаль). Псіхолаг цэнтра Ірына Мікалаеўна Паддубная стварыла праектыўную методыку “Метафарычныя карты сторыс”, якая прадугледжвае своечасовае выяўленне псіхалагічнага і фізічнага гвалту ў адносінах да дзяцей.

Са студзеня бягучага года НЦУ рэалізуе праект па карэкцыі дэвіянтных паводзін падлеткаў з дзіцячай вёскі “Вытокі”. Гэта не першы вопыт узаемадзеяння з “Вытокамі” — ёсць сістэма. У 2019 годзе быў рэалізаваны сумесны праект “Сямейная акадэмія” па аказанні дапамогі бацькам-выхавальнікам па праблемах выгарання. Ад добрасумленнай работы педагога-псіхолага ў многім залежыць эмацыянальны клімат замяшчальнай сям’і.  

Сумесна з партнёрамі

На рэспубліканскі семінар былі запрошаны прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Асноўная думка, якая гучала ад прадстаўнікоў сацыяльных партнёраў, — разам мы зможам больш. Юрый Вараўка, начальнік аддзела метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання ўпраўлення аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання цэнтральнага апарату Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, палкоўнік юстыцыі, расказваючы пра асобныя пытанні ўдзелу педагогаў і псіхолагаў у крымінальным працэсе, спыніўся на праблеме палавых злачынстваў супраць непаўналетніх.

— Словам дзіцяці дарослыя вераць не заўсёды. Бываюць выпадкі, калі маці, даведваючыся пра сексуальны гвалт у адносінах да свайго дзіцяці, становіцца на бок не дзіцяці, а гвалтаўніка. Дзіця ў такім выпадку застаецца сам-насам з бядой, замыкаецца ў сабе, а ўзровень насілля і агрэсіі з боку гвалтаўніка ўзрастае. Спы­ніць такія дзеянні вельмі важна для ўсяго грамадства, каб яго юныя грамадзяне былі псіхалагічна і фізічна здаровыя, — падкрэсліў Юрый Валер’евіч.

Па словах палкоўніка юстыцыі, у такім далікатным і балючым пытанні важна прытрымлівацца прынцыпу канфідэнцыяльнасці. Спецыяліст падзяліўся, што ў адной з абласцей краіны быў выпадак, калі дзяўчынка, якая перажыла сексуальнае насілле, была вымушана расказваць пра ўсё, што з ёй здарылася, як мінімум чатыром асобам у школе: настаўніку, псіхолагу, дырэктару ўстановы і старшыні камісіі па справах непаўналетніх. І не адзін раз.

— Агульны прынцып дзейнасці ў такой сітуацыі, і мы заклікаем усіх яго прытрымлівацца, — гэта мінімізацыя кантактаў і вяртання дзіцяці да перажытага гвалту, — упэўнены Юрый Вараўка. — Наступствы сексуальнага насілля для дзіцячай псіхікі часцей за ўсё катастрафічныя. Гвалт моцна ўплывае на ўсё далейшае жыццё дзяўчынкі, а пасля дзяўчыны, жанчыны. Калі ж гаварыць пра хлопчыкаў, то, зыходзячы з крымінальных спраў, вялікая колькасць педафілаў самі ў дзяцінстве былі ахвярамі сексуальнага гвалту. Гэта пытанне, якое патрабуе далейшага вывучэння, але яго нельга ігнараваць. Без педагогаў-псіхолагаў мы не справімся. Заклікаем вас да эфектыўнага ўзаемадзеяння, каб абараніць кожнае дзіця.

Навуковы супрацоўнік аддзела псіхічных і паводзінскіх расстройстваў загадчыца адукацыйнага цэнтра РНПЦ псіхічнага здароўя Наталля Громава паведаміла ўдзельнікам семінара, што ў РНПЦ дзейнічае некалькі праграм, цікавых педагогам-псіхолагам, напрыклад, праграма “Узаемадзеянне з асаблівым дзіцем у пубертатны перыяд”.

Наталля Громава: Калі да вас паступіла інфармацыя пра сексуальны гвалт у адносінах да дзіцяці, адразу набірайце службу 102. Толькі пасля заканчэння следчых мерапрыемстваў вы можаце аказваць пацярпеламу дзіцяці псіхалагічную дапамогу. Гэта трэба зрабіць, каб не страціць каштоўную інфармацыю.

У рамках семінара таксама прайшлі 6 тэматычных секцый, дзе кожны педагог-псіхолаг змог даведацца пра цікавы практычны вопыт калег і падзяліцца ўласнымі напрацоўкамі.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара

 

Чытайце матэрыялы дадатку да “Настаўніцкай газеты” “Псіхолаг у школе” ў нумары ад 12 мая 2023 года.