Музей гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — гэта не толькі сведчанне аб значных падзеях жыцця навучальнай установы. Галоўнае, лічыць загадчык музея Уладзімір Сытых, — гэта людзі. Напярэдадні Вялікай Перамогі тут стварылі сайт, прысвечаны гераічным падзеям і людзям, якія прынеслі нам мір і перамогу (як мы паведамлялі, ГрДУ за гэты праект атрымаў 3-е месца ў конкурсе на лепшы інтэрнэт-рэсурс у рамках выставы “ТІБО”).
У розныя гады ў ГрДУ працавала звыш трыццаці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Няўмольны час не толькі аддаляе ад нас падзеі тых цяжкіх гадоў, але і не шкадуе ветэранаў. Толькі пяць сведкаў і ўдзельнікаў тых падзей сёння могуць расказаць моладзі аб вайне. Таму музей ГрДУ вырашыў не проста арганізаваць сустрэчы моладзі з ветэранамі, але і запісаць іх успаміны, размясціць іх жывыя галасы на сайце, а таксама падарыць дыск самім ветэранам. 
Віктар Іванавіч Атрэшчанкаў працаваў у ГрДУ з 1978 года на кафедры паліталогіі і сацыялогіі. Ён дацэнт, аўтар каля 50 навуковых работ. 18-гадовым хлопцам у 1944 годзе пачаў ваенны шлях пехацінцам І Беларускага фронту. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы і Германіі. На сустрэчы з супрацоўнікамі і студэнтамі ўніверсітэта расказаў аб тых цяжкіх гадах і сціпла завяршыў свае ўспаміны:
— Я быў у пяхоце. Усю Польшчу пракрочыў, удзельнічаў у вызваленні Варшавы. Вайну скончыў радавым Чырвонай Арміі. Перамогу сустрэў на Эльбе. 3 мая ў раёне Дэсаў мы злучыліся з саюзнікамі — амерыканскімі салдатамі. Калі даведаліся аб капітуляцыі фашысцкай Германіі, пачалі страляць з усіх відаў стралковай зброі, нават ракетамі. Гэта была такая радасць!
Калі ў Віктара Іванавіча запыталі аб патрыятызме, то ён адказаў, што ў гады вайны патрыётам быў увесь савецкі народ як у тыле, так і на фронце. Такі патрыятызм, любоў да Радзімы нясе ветэран праз усё сваё жыццё.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны МАРОЗ.