Расія: больш за палову прыватных ВНУ паказалі слабы вынік

- 11:57Паралелі

Як паведаміла РІА Навіны, 92 з 168 прыватных расійскіх ВНУ, якія ўвайшлі ў “Рэйтынг прыватных ВНУ Расійскай Федэрацыі — 2015”, паказалі слабы вынік. Пра гэта заявіў старшыня Савета Асацыяцыі недзяржаўных ВНУ Расіі Уладзімір Зярноў.

“Магчыма, ім варта задумацца аб далучэнні да мацнейшых ВНУ”, — адзначыў ён, дадаўшы, што ў цяперашні час 20 прыватных ВНУ знаходзяцца ў працэсе аб’яднання. На яго думку, “такі працэс паспрыяе стварэнню канкурэнтнага адукацыйнага асяроддзя”.
Кіраўнік Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі Сяргей Краўцоў падкрэсліў, што “ў ведамства няма такой задачы — падштурхнуць прыватныя ВНУ да аб’яднання, аднак практыка паказвае, што аб’яднанне сапраўды прыводзіць да ўзмацнення ВНУ”.
Акрамя таго, ён растлумачыў, што прыпыненне акрэдытацыі прыватных ВНУ не з’яўляецца забаронай на вядзенне адукацыйнай дзейнасці. “Калі ВНУ ўпэўнена ва ўласных сілах, яна можа і далей выдаваць свой дыплом, але работадаўца, гледзячы на такі дыплом, будзе ведаць, што яго выдала ВНУ без дзяржаўнай акрэдытацыі”, — дадаў чыноўнік.
Па словах кіраўніка службы, ведамства ажыццяўляе праверкі прыватных ВНУ, але рашэнне аб закрыцці прымае заснавальнік. “Часам заснавальнік закрывае ВНУ, не чакаючы нашых праверак”, — адзначыў таксама Сяргей Краўцоў. Ён паведаміў, што сёлета запланавана 600 праверак.
Па даных Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі, за два з паловай гады сетка адукацыйных арганізацый, якія маюць дзяржаўную акрэдытацыю (і, адпаведна, маюць права выдаваць дыпломы дзяржаўнага ўзору), скарацілася амаль на 1 тысячу ВНУ і філіялаў. У верасні 2013 года іх было каля 2,3 тысячы, у студзені 2015 — амаль 2 тысячы, цяпер — менш за паўтары”, — сказаў Сяргей Краўцоў.