Ці можна праз кніжную папсу ператварыцца ў сур’ёзнага чытача?
Школьнікі не абавязаны любіць урокі літаратуры. Ці трэба іх прымушаць чытаць, завучваць вершы на памяць, чытаць сучасную літаратуру ў школе? Пра гэта — гутарка карэспандэнта “Расійскай газеты” з куратарам “Павільёна кнігі” на ВДНГ, а да нядаўняга часу настаўнікам літаратуры Арцёмам Навічэнкавым і дзеючым настаўнікам літаратуры Сяргеем Райскім.
— Любому кніжнаму праекту сёння няпроста: у краіне мала чытаюць, а школьнікі тым больш. Ці не так?
Арцём Навічэнкаў. Школьнікі чытаюць дастаткова, проста не тыя кнігі, якія чытаюць іх настаўнікі. Многія педагогі не бяруць пад увагу масавую літаратуру, якая карыстаецца ў падлеткаў вялікім попытам, — манга, фэнтэзі, фантастыка, антыўтопіі, графічныя раманы і г.д. Таму я не бачу праблемы. Так, у нас чытанне сёння ў заняпадзе. На жаль, мы даўно ўжо не літаратурацэнтрычная краіна. Раней стандартным каналам прасоўвання чытання была школа. А што яна прапануе сёння? Рускую класіку. Кіно, тэатр, жывапіс мы ў школе не вывучаем, а літаратуру вывучаем, яна становіцца абавязковай і з-за гэтага несвабоднай. Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў — безумоўна, вяршыня, але да яе трэба яшчэ дабрацца. І дабрацца пры дапамозе чагосьці іншага, а не адразу даваць вучню тэксты Гогаля, якія нязвыкламу воку фізічна складана чытаць. Замежная масавая літаратура, вядома, прасцейшая, яна не такая глыбокая, як руская. Але я перакананы, што калі вам у 15 гадоў падабаецца Рэмарк і Каэлья, то, чытаючы, вы рана ці позна можаце дайсці да Талстога і Дастаеўскага. Калі будзе ў гэтым патрэба.
— А ці не ў тым місія настаўніка, каб дапамагчы дарасці вучню да класікі?
Арцём Навічэнкаў. Місія любога настаўніка — стварыць камфортныя ўмовы для атрымання адукацыйных паслуг. Калі цябе прымушаюць вучыць на памяць “Птушку-тройку” з Гогаля або паэму Ламаносава — гэта некамфортныя ўмовы. Справа тут нават не ва ўзросце, а ў адсутнасці сумленнага пытання “Навошта?”. Напрыклад, я не ведаю, у якім узросце можна быць гатовым да “Вайны і міру”. Так, ёсць кнігі не па ўзросце. Але калі мы ідзём ад вучня і яго патрэб, у тым жа рамане “Вайна і мір” вельмі шмат таго, што сучаснаму падлетку ў 10 класе можа быць трэба, важна, а галоўнае, карысна. Задача настаўніка — выцягнуць гэта з твора, з любога. Нават за тыя няшчасныя 9—13 гадзін, якія даюцца на вывучэнне “Вайны і міру”. Вось “Яўген Анегін” — ідэальная кніга для 9 класа, таму што адпавядае патрабаванням падлеткаў.
— Як вы думаеце, ці патрэбна сёння ў школе сучасная літаратура?
Арцём Навічэнкаў. У выкладанні мы абапіраемся нібыта на вопыт Савецкага Саюза, але школьная праграма па літаратуры ў тыя гады была самай перадавой сярод усіх краін. Вазнясенскі і шасцідзясятнікі трапілі ў падручнікі ўжо ў 60-я гады ХХ ст. А калі мы пяройдзем у страшныя сталінскія часы — Фурманава, Фадзеева, Федзіна вывучалі, калі іх раманы толькі выйшлі. Школьная літаратура адпавядала выклікам сучаснасці. Сёння мы хоць аднаго жывога пісьменніка вывучаем? Раней быў толькі Еўтушэнка, але ён памёр. Мы вывучаем інтэлектуальна жывую літаратуру, аднак яна напісана на мове мінулых эпох. Яна гаворыць пра вечныя праблемы, але рэдка пра тое, што актуальна тут і цяпер, што адбываецца сёння. Віктара Пялевіна можна было б чытаць у школе, Уладзіміра Сарокіна — яго тэксты вельмі актуальныя, апавяданні Таццяны Заміроўскай — маладой пісьменніцы, якую мала ведаюць. Можна паглядзець на шорт-лісты прэмій “Нос”, Андрэя Белага і выбраць адтуль некалькі імён, абапіраючыся на патрэбы вучняў і густы настаўнікаў. Шмат у чым праблема ўпіраецца ў навыкі настаўнікаў: яны, на жаль, часта не ведаюць, не цікавяцца гэтай літаратурай. Але нават калі не выходзіць з рускай класікі: чаму “Вайна і мір”, а не “Ганна Карэніна”, чаму “Абломаў”, а не “Звычайная гісторыя”, чаму “Навальніца”, а не “Ваўкі і авечкі”?
— Ці лічыце вы, што сучасныя падлеткі мала чытаюць?
Арцём Навічэнкаў. Не змог знайсці аўтара, але афарызм вядомы: “Усякае абагульненне лжывае, уключаючы гэта”. Не, я так не лічу. Але і не лічу, што сучасныя падлеткі шмат чытаюць. Яны розныя. У кожным класе ёсць тыя, хто чытае шмат, хто чытае толькі з прымусу і хто не чытае зусім.
— Падлетак, чытаючы коміксы, Паўла Каэлья, можа ў будучыні звярнуцца да больш сур’ёзнай літаратуры?
Сяргей Райскі. Кожны выпадак асаблівы. Ніколі нельга прадбачыць, што заахвоціць падлетка да сур’ёзнай літаратуры. Мяркую (але не адказваю за гэтую здагадку як за гіпотэзу), што суполкі ў сацсетках у гэтым сэнсе куды больш дзейсныя, чым коміксы або кніжная папса. Памятаю, пасля выхаду першых кніг Роўлінг пра Гары Потэра вельмі шмат хто казаў, што гэтыя кнігі прывучылі дзяцей да чытання. Але ж гэта не так. Былі і ёсць чытачы кніг Роўлінг, якія нічога, акрамя “Гары Потэра”, чытаць не хочуць. Былі і тыя, хто пасля “Гары Потэра” стаў чытаць іншыя кнігі, але пераважна фэнтэзі. Мабыць, ёсць і тыя, хто пачаў з “Гары Потэра” і потым стаў актыўным чытачом. Гэта значыць, што “Гары Потэр”, што коміксы, што Каэлья — любы пачатак на самай справе ні пра што не гаворыць.
— Ці трэба вывучаць сучасную літаратуру ў школе?
Сяргей Райскі. Вывучаць? Тэмы, ідэі, матывы, сістэма вобразаў і іншае? І шырэй: тэндэнцыі, напрамкі, плыні? Калі і трэба, то не ў большай ступені, чым класіку. Сучасную літаратуру ў школе варта чытаць і абмяркоўваць. Гэта трэба рабіць ужо таму, што дзеці і падлеткі, як правіла, больш ахвотна чытаюць сучасныя кнігі, чым класіку. Працуючы з сучаснай літаратурай, настаўнік, у прыватнасці, можа дапамагчы школьнікам праз яе прыйсці да тых кніг, з якіх выйшла сучасная літаратура.
— Ці трэба на ўроках літаратуры завучваць доўгія складаныя оды Ламаносава, вершы Дзяржавіна на памяць? Ці не “гвалт” гэта?
Сяргей Райскі. Пра якія “доўгія складаныя оды” ідзе гаворка? У падручніку для 7 класа ёсць кароткі фрагмент адной оды Ламаносава — і ўсё. Так, і тры таксама кароткія і вельмі простыя вершы Дзяржавіна. І далёка не ўсе настаўнікі прымушаюць завучваць менавіта гэтыя вершы. Слова “гвалт” узята ў двукоссі, мабыць, каб паказаць, што яно спецыяльна ўжыта ў пераносным сэнсе. У якім? Калі маецца на ўвазе прымус да таго, чаго вучань сам не хоча рабіць, то амаль усё навучанне, і не толькі ў школе, амаль з самага нараджэння і на працягу жыцця на гэтым трымаецца. Таму пытанне варта адрасаваць тым, хто прымушае дзяцей рабіць што б там ні было: мыць рукі, выключаць святло, выходзячы з пакоя, і г.д. Калі ж гаворка ў прынцыпе пра завучванне вершаў на памяць як пра форму работы з вершамі ў рамках школьнага курса літаратуры, то магу паўтарыць свой стары пост у ЖЖ. Ёсць фармальны бок справы (патрабаванні школьнай праграмы па літаратуры) — нейкі набор тэкстаў трэба ведаць. Гэта можна тлумачыць па-рознаму. Акрамя трэніроўкі памяці (на мой погляд, гэта відавочная карысць), самы разумны варыянт тлумачэння наступны: веданне вершаваных тэкстаў значна мяняе да лепшага тое, што мы прывыклі называць культурным багажом.
— Талстой і Дастаеўскі складаныя для дзіцячага ўспрымання?
Сяргей Райскі. Увесь Талстой? Леў Мікалаевіч, вядома? Не, не ўвесь складаны. Сваю “Азбуку” ён пісаў для сялянскіх дзяцей. Не думаю, што сучасных дзяцей можна лічыць неразвітымі ў параўнанні з сялянскімі дзецьмі сярэдзіны XIX стагоддзя, так што пра льва і сабачку зразумеюць. Дастаеўскі амаль нічога не напісаў для дзяцей, і ніхто, здаецца, дзецям яго не прапануе, калі не лічыць некаторых рэлігійных выкладчыкаў, у якіх дзеці ў абавязковым парадку чытаюць апавяданне “Хлопчык у Хрыста на ёлцы”. Пра іншыя выпадкі не чуў. Калі гаворка пра “дзяцей” ранняга падлеткавага перыяду, то аповесці Льва Талстога “Дзяцінства” і “Хаджы-Мурат” сучаснаму школьніку цалкам па сілах — пры некаторым напружванні мозгу, зразумела. Калі ўжо пратэставаць, то супраць “Тараса Бульбы”: вось дзе і складана, у тым ліку псіхалагічна, і антысемітызм зашкальвае. Калі ж пад дзецьмі чамусьці маюцца на ўвазе старшакласнікі, а пад Талстым і Дастаеўскім — “Вайна і мір” і “Злачынства і пакаранне”, то адказ просты: так, складана. А хто сказаў, што тэксты, абраныя для вывучэння, павінны быць простымі?