Які падыход больш эфектыўны для ацэнкі і ведаў дзяцей, і працы педагогаў? Якая кампанента павінна пераважаць — стымулюючая ці падаўляльная, заснаваная на жорсткай ацэнцы памылак і недахопаў? Прапануем чытачам развагі на гэтую тэму аўтара “Учительской газеты” Вадзіма Мялешкі.
Колькі б мы ні гаварылі пра неабходнасць цвярозага падыходу да ацэнкі дасягненняў таго ці іншага суб’екта (вучня, настаўніка, адукацыйнай арганізацыі і інш.), у гэтай справе існуюць два прынцыповыя падыходы. Я назваў бы іх “усходнім” і “заходнім”.У першым выпадку мы зыходзім з таго, што чалавек па ўмаўчанні павінен выканаць заданне, як той казаў, на ўсе 100. І калі ў нас да яго няма ніякіх прэтэнзій, ён сапраўды заслугоўвае найвышэйшага бала. Але паколькі на ўсе 100 ведае толькі сам Бог, то наша задача — знайсці ў адказе вучня, ва ўроку настаўніка, у працы педагагічнага калектыву як мага больш недахопаў, каб паказаць: не, вам усё ж такі трэба будзе яшчэ папрацаваць над сабой, падвучыць, падцягнуцца! А заадно і прадэманстраваць нашу ўласную здольнасць бачыць і заўважаць парушынкі ў чужых вачах.
Гэты падыход надзвычай блізкі і знаёмы ўсім нам не толькі па адукацыі, але і па жыцці: каб атрымаць нешта, паехаць ці ўладкавацца кудысьці, трэба сабраць шмат даведак, пацвярджэнняў, доказаў, а калі чагосьці не будзе, табе ж горш.
У другім жа выпадку, наадварот, мы зыходзім з таго, што чалавек па ўмаўчанні нічым нам не абавязаны, таму любое яго слова або дзеянне, зробленае ў правільным кірунку, варта ацэньваць плюсам, разглядаючы як ініцыятыву, што патрабуе заахвочвання. Гэта значыць, адкрыў навучэнец рот на ўроку, каб выказаць свой пункт гледжання, гэта ўжо добра, трэба яму бал паставіць; напісаў некалькі слоў у сшытку — разумнік, бо мог бы наогул нічога не пісаць, і гэтак далей. Зноў жа: хто я, каб судзіць іншых? Лепш я буду гаварыць пра людзей толькі добрае!
На гэтым прынцыпе, дарэчы, пабудавана ідэалогія партфоліа. Чым больш там разнастайных сертыфікатаў, згадак, дасягненняў, дыпломаў, перамог і іншага дабра, тым лепш. Чым менш — тым горш, але не таму, што за гэта табе мінусаў наставяць. Не, проста ў цябе плюсоў не будзе.
Атрымліваецца, што “па-ўсходняму” мы дзейнічаем больш бізуном, а “па-заходняму” — больш пернікам.
Калі зыходзіць з пазіцый гуманнасці, другая сістэма больш чалавечная, бо ў ёй не існуе верхняй планкі: кожнае правільнае дзеянне — гэта дадатковы плюс ці бал, а іх можна набраць за ўрок колькі заўгодна.
У другім жа выпадку мы не спрабуем падняць чалавека, матывуючы яго сваімі захапленнямі, а, наадварот, усяляк апускаем — да ўзроўню плінтуса. Ці проста да поўнага нуля. Павінен быў адказаць на 5, але ляпнуў не тое і атрымаў на бал ніжэй. Яшчэ раз памыліўся — і атрымаў 3. А потым пайшло-паехала, аж да “нездавальняюча”.
Існуе меркаванне, што ў дачыненні да дзяцей варта выкарыстоўваць “заходні” падыход, бо гэта ж tabula rasa. Яны маюць права чагосьці не ведаць ці наогул нічога не ведаць, і наша задача — зрабіць так, каб яны захацелі чамусьці навучыцца. Гэта якраз адпавядае асноватворнаму прынцыпу сучаснай педагогікі — “вучыць вучыцца”. А вось да настаўнікаў цалкам можна прымяніць і “ўсходні” падыход, бо гэта людзі дарослыя, спецыялісты ў сваёй справе, і яны проста абавязаны гэтую справу ведаць як “Ойча наш”.
А калі не ведаюць — давядзецца караць, і чым горш ведаюць, тым мацней трэба іх па галаве біць.
Але ёсць і іншае меркаванне — што і да дарослых, і да дзяцей трэба падыходзіць з пазіцый адзіных патрабаванняў. Акурат таму, што дзеці — гэта будучыя дарослыя, таму няхай з маленства прывыкаюць.
Разумею: у ідэале абодва гэтыя падыходы трэба было б аб’яднаць у адзіную зладжаную сістэму. Але, як я ўжо сказаў і як паказвае практыка, раўнавагі, хоць забі, не атрымліваецца. Абавязкова назіраецца крайнасць альбо туды, альбо сюды.