Толькі 84 з 1600 расійскіх ВНУ выканалі патрабаванні, што прад’яўляюцца да сайта адукацыйнай арганізацыі і інфармацыі, якая павінна там змяшчацца. Пра гэта, як паведамляе МІА “Расія сёння”, сведчаць вынікі маніторынгу Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі.
Як распавялі ў ведамстве, Федэральная служба ў сферы адукацыі і навукі ў 2017 годзе правяла маніторынг 1592 ВНУ, 64% з іх — дзяржаўныя ВНУ і іх філіялы, 36% — недзяржаўныя. Для аналізу выкарыстоўвалася аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма “Маніторынг” — спецыяльна распрацаваны праграмны прадукт, які сканіраваў сайты ВНУ на прадмет выканання заканадаўства ў сферы вышэйшай адукацыі.
“Цалкам выканалі ўмовы маніторынгу толькі 84 прааналізаваныя адукацыйныя арганізацыі. У 10% ВНУ парушэнняў аказалася звыш 30%. 319 адукацыйных арганізацый не былі прадстаўлены афіцыйнымі сайтамі ці рэсурсы належным чынам не функцыянавалі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Як распавяла намеснік кіраўніка службы Наталля Навумава, склад прааналізаванай інфармацыі — абавязковыя звесткі, якія павінны прысутнічаць на сайтах. Ніякай дадатковай інфармацыі ў адукацыйных арганізацый не запытвалі.
Не ўсе даныя ўводзяцца ў федэральную інфармацыйную сістэму забеспячэння правядзення дзяржаўнай выніковай атэстацыі навучэнцаў і прыёму ва ўстановы адукацыі. Так, шэраг ВНУ не размясцілі на сайтах правілы і тэрміны правядзення ўступных выпрабаванняў, падачы і разгляду апеляцый, звесткі пра колькасць месцаў прыёму на навучанне, асаблівых правах і перавагах для абітурыентаў. Зафіксаваны такія парушэнні, як вызначэнне адукацыйнай арганізацыяй мінімальнай колькасці балаў для ўступнага экзамену меншай за парог, устаноўлены дзяржавай; неадпаведнасць звестак пра колькасць балаў АДЭ ў загадах аб залічэнні і выніках, што змяшчаюцца ў федэральнай інфармацыйнай сістэме.
Акрамя таго, на сайце “ВНУ-парушальнікаў” часта не пазначаны звесткі пра тэрмін дзеяння дзяржаўнай акрэдытацыі адукацыйных праграм, іх апісанне, персанальны склад педагогаў з узроўнем кваліфікацыі і вопыту работы, а таксама ўмовы навучання асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя.