Расія: за якімі прафесіямі едуць у Расію

- 12:55Паралелі

Мінадукацыі і навукі, МЗС і Рассупрацоўніцтва прапанавалі павялічыць у гэтым годзе колькасць квот для замежных студэнтаў на адну трэць — да 20 тысяч. А ўрад паабяцаў, што падтрымае рэгіянальныя ВНУ, якія прымаюць на вучобу замежнікаў. За якімі прафесіямі едуць у Расію абітурыенты з-за мяжы? Пра гэта “Расійскай газеце” расказаў рэктар Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў (РУДН) Уладзімір Філіпаў.

Уладзімір Міхайлавіч, колькі ўсяго замежнікаў вучыцца ў Расіі і якія наогул магчымасці ёсць у нашых ВНУ?
Уладзімір Філіпаў. Цяпер вучыцца дзесьці 240 тысяч замежных студэнтаў, у тым ліку тых, хто прыехаў па катэгорыі “суайчыннікі”. З іх каля 75 тысяч — на бюджэтнай аснове. Пакуль кожны год выдзяляецца 15 тысяч стыпендый для замежнікаў. Але прыняць на вучобу мы гатовы ў некалькі разоў больш. У свеце ідзе сур’ёзная барацьба за замежных студэнтаў. Стыпендыі для вучобы прадастаўляюць такія краіны, як Македонія, Турцыя, Славакія, Румынія, якія раней, наадварот, самі пасылалі на вучобу ў іншыя краіны сваіх студэнтаў.
Прадастаўляюць бясплатныя стыпендыі Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Германія, Францыя. Дзяржавы ўкладаюць грошы і разумеюць, што праз 10—20 гадоў выпускнікі іх універсітэтаў будуць вядучымі спецыялістамі ў сваіх краінах. З імі зручней весці супрацоўніцтва ў сферы эканомікі, магчыма, яны будуць лідарамі ў палітыцы. Важнасць гэтых геапалітычных задач разумеюць усюды.

Курс долара і еўра ўплывае на жаданне замежнікаў вучыцца ў нас і на цікавасць ВНУ прымаць іх?
У нас кошт вучобы не змяніўся: як было для замежнікаў 3 тысячы еўра за год, так і засталося. Таму расійскія ВНУ атрымліваюць істотны даход ад прыёму замежных студэнтаў. А па суадносінах “цана — якасць” расійская адукацыя вельмі канкурэнтаздольная ў свеце.

Няпростая палітычная сітуацыя адаб’ецца на наборы абітурыентаў?
Палітычная сітуацыя, вядома, адыгрывае пэўную ролю. З некаторых краін, напрыклад, з Украіны, да нас па дзяржаўнай квоце прыедзе менш студэнтаў. Будзем прымаць іх тады больш па квоце “суайчыннікі”. У РУДН вучацца студэнты са 152 краін. І кожны год у 10—15 дзяржавах не ўсё добра, але на жыццё ўніверсітэта ў цэлым гэта не ўплывае. Менавіта таму ВНУ важна арыентавацца на розныя краіны, а не асвойваць нейкі адзін геаграфічны кірунак.

Якія спецыяльнасці нашых ВНУ запатрабаваны за мяжой?
Самыя дэфіцытныя для замежнікаў — балетны і музычны напрамкі. Бюджэтных месцаў на гэтыя спецыяльнасці звычайна мала — некалькі дзясяткаў на ўвесь свет, а кошт платнага навучання велізарны. Але ў асноўным замежнікі рвуцца на медыцынскія факультэты. У нас 85% будучых медыкаў вучацца на платнай аснове і толькі 15 працэнтаў — на бюджэце.
Ахвотна ідуць замежнікі на інжынерныя спецыяльнасці. Нядаўна ў мяне ў гасцях быў выпускнік РУДН з Малі — дэпутат парламента, міністр. Але на візітцы ў яго першае слова “інжынер”, а потым ужо “міністр”. Ён, дарэчы, і міністрам стаў таму, што як інжынер вырашыў істотныя водныя праблемы сваёй краіны.
Кітайскія студэнты любяць філалагічныя спецыяльнасці. З развіццём турызму сталі больш выбіраць філалогію — рускую мову — студэнты з Турцыі, Егіпта.

У іншых гуманітарных факультэтаў ёсць перспектывы?
Замежнікі нячаста выбіраюць, напрыклад, юрыспрудэнцыю. Заканадаўства ў кожнай краіне сваё. Але ёсць паняцце міжнароднага права, і вось на такіх кафедрах магістраў і аспірантаў шмат. Іншая справа, што ВНУ, дзе ёсць добрыя кафедры міжнароднага права, у Расіі мала.

Калі кафедры патрэбныя, чаму б не адкрыць іх хоць бы ва ўсіх федэральных універсітэтах і нацыянальных даследчых інстытутах?
Міжнароднае права — агульная назва. Калі быць дакладней, ёсць міжнароднае касмічнае права, воднае права, гандлёвае права, права ў галіне прадуктаў харчавання, права навакольнага асяроддзя і г.д. Трэба мець такога роду спецыялістаў, каб адкрыць кафедру міжнароднага права. Між іншым стварэнне міжнароднага касмічнага права пачыналася ў РУДН, і наш прафесар Генадзь Пятровіч Жукаў яшчэ 45 гадоў назад стаў выпускаць манаграфіі і кнігі па гэтых пытаннях. Таму на нашай кафедры міжнароднага права ёсць такая спецыялізацыя. Калі навукоўцаў такога ўзроўню няма, то і кафедру не адкрыеш.

Калі не сакрэт, колькі студэнтаў з РУДН вы адлічваеце?
Кожны год прыкладна 1100 чалавек — гэта і расіяне, і замежнікі. Адлічваем нават за два тыдні да заканчэння. Напрыклад, кожны год адлічваем па выніках дзяржэкзаменаў каля 20 студэнтаў на медыцынскім факультэце. Але ў выніку дыпломы РУДН аб адукацыі, як правіла, прызнаюць амаль ва ўсіх краінах свету.

Некаторыя расійскія ВНУ атрымліваюць на ўмацаванне рэпутацыі значныя сумы з бюджэту. Ці глядзяць абітурыенты на рэйтынгі?
На прыцягненне замежнікаў рэйтынгі ўплываюць, на якасць навучання — не вельмі. З аднаго боку, якія яшчэ ёсць змястоўныя падставы ў абітурыента, скажам, з Новай Зеландыі, акрамя рэйтынга, калі ён, седзячы дома, выбірае з бацькамі ВНУ? З іншага боку, абсалютная большасць рэйтынгаў пабудавана ў першую чаргу на паказчыках навукі.
Напрамую ўсё гэта на якасць падрыхтоўкі бакалаўраў і магістраў не ўплывае. Умоўна кажучы, калі ў ВНУ і ёсць нобелеўскія лаўрэаты, то студэнты іх па-ранейшаму бачаць толькі па тэлевізары. Таму самае важнае пытанне — якасць адукацыйнага працэсу і ўмоў жыцця ў тым універсітэце, які выбірае абітурыент. У гэтым нашы ВНУ выйграюць. Па-першае, у нас суадносіны колькасці студэнтаў на аднаго выкладчыка значна вышэй, чым у іншых краінах: 1 да 12. А ў большасці ўніверсітэтаў ЗША і Еўропы суадносіны 1да 25.
Па-другое, у нас ёсць стандарты вышэйшай адукацыі і прапісаны дысцыпліны, абавязковыя да вывучэння, а таксама патрабаванні да ўмоў навучання і кампетэнцыі выпускнікоў. А вось у ЗША ў 19 універсітэтаў (мы ў РУДН правялі такі аналіз) для бакалаўрыята па журналістыцы напісана 19 розных праграм. І толькі дзве дысцыпліны ў іх супадаюць, прычым гэта “Англійская мова” і “Гісторыя ЗША”.

Адукацыйныя стандарты — гэта добра, але работадаўцы не заўсёды задаволены выпускнікамі ВНУ, тымі ж медыкамі і інжынерамі. Чаму так?
Калі Андрэя Фурсенку журналісты дасталі гэтым пытаннем, ён сказаў: “Якасць выпускнікоў нашых інжынерных ВНУ не горшая, чым расійскія аўтамабілі”. Каб рыхтаваць добрых выпускнікоў, трэба вучыць іх на сучасным абсталяванні, а значыць — разам з работадаўцамі. Мінпрацы цяпер распрацоўвае новыя прафстандарты для кожнай спецыяльнасці і прафесіі.
Я прапанаваў бы скласці дзяржаўныя камісіі, якія прымаюць дзяржэкзамен, з ліку работадаўцаў. Нядаўна даведаўся аб якасці работы дзяржаўных экзаменацыйных камісій у Чачэнскім дзяржуніверсітэце: у гэтым годзе на юрыдычным факультэце з васьмі соцень выпускнікоў на дзяржэкзамене 119 чалавек атрымалі “двойкі”. Экзамен у будучых юрыстаў прымалі не толькі выкладчыкі, але і работнікі пракуратур, судоў.

Чаму ж да гэтага часу так не зрабілі ў іншых ВНУ?
Таму што вельмі многія ВНУ баяцца гэтага. Адразу стане зразумела, хто якой якасці выпускнікоў рыхтуе. Мы цяпер у РУДН праводзім разам з Федэральнай службай па наглядзе ў сферы адукацыі эксперымент “АДЭ для бакалаўра”. Выпускнікі бакалаўрыята будуць здаваць спецыяльна пабудаваны экзамен (па аналогіі з АДЭ) незалежнай камісіі, а не сваім выкладчыкам, якія вучылі іх чатыры гады. У выніку да выпускнікоў такіх ВНУ ў работадаўцаў даверу будзе значна больш.