Распальванне сацыяльнай варожасці, паклёп і абразы ў адрас іншых кандыдатаў недапушчальныя

- 14:42Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Мясцовыя ўлады не абавязаны прыводзіць выбаршчыкаў на сустрэчу з кандыдатам, які ім нецікавы. Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК звярнула ўвагу, што мясцовыя ўлады на кожнай тэрыторыі вызначылі бясплатныя памяшканні для правядзення сустрэч і размовы з электаратам. Гэта, як правіла, актавыя залы школ, бібліятэкі, клубы. Поўны іх пералік змешчаны на сайтах мясцовых выканаўчых органаў і ёсць у акруговых выбарчых камісіях. “Можна звяртацца з заявамі, акруговая камісія абавязана садзейнічаць у арганізацыі гэтай сустрэчы, забяспечыць памяшканне нейкай спецыяльнай перадаючай тэхнікай або размясціць аб’яву аб тым, што ў пэўны час і ў пэўным памяшканні адбудзецца сустрэча”, — расказала яна.

“Іншая справа, калі гэты кандыдат нецікавы, то выбаршчыкі на сустрэчу не прыйдуць. А прыводзіць выбаршчыкаў на сустрэчу мясцовыя ўлады не абавязаны”, — заўважыла Лідзія Ярмошына.

Што тычыцца пікетаў, якія таксама можна праводзіць у час перадвыбарнай агітацыі, яны, паводле слоў старшыні ЦВК, устанаўліваюцца ў заяўным парадку, гэта значыць кандыдат у дэпутаты або яго давераныя асобы могуць звярнуцца ў мясцовыя выканаўчыя органы і паведаміць, што ў пэўны час і ў пэўным месцы будзе, напрыклад, штодзённа ўстанаўлівацца па пікеце.

Кандыдат у дэпутаты можа пазбавіцца рэгістрацыі за паклёп або подкуп выбаршчыкаў, адзначыла таксама старшыня Цэнтрвыбаркама.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што ў ходзе вядзення кандыдатамі перадвыбарнай агітацыі бывае цяжка вызначыць такое парушэнне, як, напрыклад, распальванне сацыяльнай варожасці, настройванне адных слаёў насельніцтва супраць іншых. “Цяжка сказаць, што гэта: жорсткая крытыка або тое, што забаронена”, — растлумачыла старшыня ЦВК. Таксама грубым парушэннем і падставай для адмены рэгістрацыі з’яўляюцца паклёп і абразы ў адрас іншых кандыдатаў у дэпутаты або вышэйшых службовых асоб.

Кандыдат страціць свой статус і ў выпадку подкупу выбаршчыкаў. “Адна з такіх заяў нам паступіла ўжо (мы накіравалі яе для праверкі), што нібыта на адным з пікетаў раздавалі нейкія грошы”, — праінфармавала Лідзія Ярмошына.

Яна падкрэсліла, што ў Беларусі забаронена фінансаванне выбарчай кампаніі з-за мяжы, за парушэнне гэтага правіла таксама можна пазбавіцца рэгістрацыі. Для вядзення агітацыі кандыдат можа выкарыстоўваць толькі сродкі са свайго выбарчага фонду, адкрытага ў аддзяленні Беларусбанка. Яна расказала, што ў былыя часы на граніцы з Расіяй або ўжо ў Беларусі перыядычна перахоплівалі грузы перадвыбарных плакатаў і лістовак, дзе вытворцам значылася нейкая расійская друкарня. “Гэта забаронена. Усе сродкі свайго выбарчага фонду кандыдат можа траціць толькі ў Беларусі”, — нагадала старшыня Цэнтрвыбаркама.

Нагадаем, выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адбудуцца 11 верасня. На 110 месцаў прэтэндуюць больш за 520 кандыдатаў у дэпутаты. Цяпер ідзе перыяд перадвыбарнай агітацыі, які мае на мэце распаўсюджванне агітацыйнай прадукцыі, сустрэчы з выбаршчыкамі, выступленні па радыё і тэлебачанні, удзел у тэледэбатах, публікацыю перадвыбарных праграм у сродках масавай інфармацыі.