Распаўсюджвальнікі наркотыкаў — галоўнае зло

- 12:49Інфармацыйная гадзіна

У барацьбе з наркаманіяй прыярытэт трэба аддаваць выяўленню наркадылераў. Такое меркаванне выказаў у Віцебску на пасяджэнні аблвыканкама намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі.

На пасяджэнні абмяркоўваўся ход выканання ў рэгіёне Праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2013—2015 гады, а таксама рэалізацыя комплекснай Праграмы па прафілактыцы правапарушэнняў на тэрыторыі Віцебскай вобласці на 2015 год.
Выслухаўшы асноўнага дакладчыка па пытанні, Ігар Бузоўскі адзначыў, што ў тэме наркагандлю акцэнт быў зроблены на выяўленні спажыўцоў. “Ёсць прыклады па прыцягненні да адказнасці асоб за ўжыванне, але хацелася б убачыць, якая дынаміка ў адносінах да распаўсюджвальнікаў, тых, хто рэальна ўплывае на сітуацыю, — сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. — Гэтае пытанне лічу больш прынцыповым, чым работа з тымі, хто спажывае”.
Ігар Бузоўскі падкрэсліў, што распаўсюджвальнікі наркотыкаў у асноўным застаюцца ў цяні, пры выяўленні злачынстваў у гэтай сферы фігуруюць спажыўцы і дробныя гандляры, а тыя, хто стаіць на чале піраміды, невядомы. “У грамадстве яны нават карыстаюцца аўтарытэтам, у іх добрыя машыны, высокі ўзровень жыцця, — канстатаваў Ігар Бузоўскі. — Адным з асноўных напрамкаў у барацьбе з наркаманіяй павінна быць выяўленне распаўсюджвальнікаў, тых, хто ўцягвае ў гэтае асяроддзе вялікую колькасць людзей”.
У рабоце пасяджэння Віцебскага аблвыканкама таксама прынялі ўдзел генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк і старшыня Следчага камітэта краіны Іван Наскевіч.