Распраўляе верасень залатыя ветразі…

- 12:11Адукацыйная прастора, Рознае

Любімым святам, якое яднае ўсе пакаленні беларусаў, назваў Дзень ведаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай пачатку новага навучальнага года ў гімназіі № 1 Оршы.

На свята ў гімназію з віншаваннямі і падарункамі 31 жніўня завіталі таксама старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі, начальнік службы па сувязях з грамадскасцю ААТ “Газпрамтрансгаз Беларусь” Дзмітрый Косцін.

Мікалай Шарснёў перадаў дырэктару гімназіі № 1 Наталлі Кохавай сертыфікат на суму дваццаць тысяч беларускіх рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі. Яшчэ адзін салідны грашовы сертыфікат уручыў гаспадарам свята старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі. Сёлета, напярэдадні 400-годдзя з дня выдання першага беларускага буквара, кожны аршанскі першакласнік атрымаў два цудоўныя падарункі: ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — кнігу “Беларусь — наша Радзіма”, а ад Аршанскага райвыканкама і ААТ “Газпрамтрансгаз Беларусь” — “Буквар Аршанскі” вядомых краязнаўцаў Галіны і Сяргея Трафімавых на рускай і беларускай мовах. Госці азнаёміліся з гімназіяй № 1, магчымасцямі “Віртуальнай школы”, наведалі інтэрактыўную пляцоўку па робататэхніцы IT-акадэміі “КомпАС”, якая працуе ў горадзе з мінулага навучальнага года. Старшыня аблвыканкама выказаў намер стварыць за кароткі час у рэгіёне некалькі школ будучыні, на базе якіх будуць выкарыстоўвацца самыя перадавыя методыкі і тэхналогіі, устаноўлена найноўшае абсталяванне, лепшае праграмнае забеспячэнне, дзе будуць працаваць самыя дасведчаныя і моцныя педагогі.


Першы дзень верасня сапраўды ўнікальнае свята, якое збірае разам педагогаў, вучняў, выпускнікоў, бацькоў, новых добрых знаёмых і даўніх сяброў. Так, у ліку выпускнікоў павіншаваць калектыў сярэдняй школы № 3 Оршы прыехаў першы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Мацюшэўскі, у Бычыхінскую сярэднюю школу Гарадоцкага раёна — міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка. У Чашнікі завітаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, у Лёзна, дзе ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра дзякуючы спонсарскай дапамозе прадпрыемстваў ІКТ праведзены рэканструкцыя, мадэрнізацыя і тэхнічнае пераабсталяванне, а таксама паспяхова рэалізоўваецца пілотны праект па стварэнні “Віртуальнай школы”, — міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў. Ушацкі, Докшыцкі і Глыбоцкі раёны наведаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. Трэба сказаць, што ва Ушачах якраз напярэдадні 1 верасня адбылася радасная і доўгачаканая падзея: пасля рамонту, мадэрнізацыі і пераабсталявання ўрачыста адкрыўся дзіцячы сад № 1.

Яшчэ адна істотная тэндэнцыя сёлетняга верасня: паступова школы Віцебшчыны пачынаюць адчуваць выгоды ад узважанай і прадуманай аптымізацыі. Напрыклад, школа ў аграгарадку Пальмінка атрымала ў падарунак камп’ютарны клас, набыты на сэканомленыя за кошт аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі ў Гарадоцкім раёне сродкі. Прыклад паказальны, але далёка не адзінкавы…

Першы званок, урачыстая лінейка — доўгачаканае, асаблівае свята. І надзвычай важна, калі ў радасныя імгненні яго героі не забываюць пра тых, каму патрэбна неадкладная дапамога. Паказальнай у гэтым плане стала сумесная акцыя некалькіх віцебскіх устаноў адукацыі. Тут урачыстыя лінейкі прайшлі без кветак: па агульным рашэнні грошы, на якія раней меркавалася іх набыць, у рамках акцыі “Урокі дабрыні” былі сабраны і пералічаны на лячэнне ў нямецкай клініцы Яўгеніі Батурэвіч (неабходная дзяўчынцы аперацыя ў беларускіх клініках не праводзіцца). Замест букетаў дзеці на лінейках трымалі флажкі “Я дапамагаю Жэнечцы”.

— Кожны з нас з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае лепшыя моманты школьнай пары, — звяртаючыся да жыхароў вобласці, падкрэсліў Мікалай Шарснёў. — Сёння на Віцебшчыне за школьныя парты сядзе больш за 12 тысяч першакласнікаў — на дзве тысячы больш, чым яшчэ пяць гадоў назад. Дзяржава стварае ўмовы для таго, каб маладыя людзі маглі атрымаць якасную адукацыю, выбраць і асвоіць прафесію, гарантуе першае рабочае месца маладым спецыялістам, аказвае падтрымку таленавітай моладзі. Ва ўрачыстай атмасферы сустракаюць установы адукацыі і студэнцкую моладзь, гатовую пакараць новыя вяршыні ведаў, настойліва ісці да засваення асноў прафесійнага майстэрства. У дарослых: педагогаў, бацькоў, прадстаўнікоў улады — у гэтыя дні адна надзея: мы спадзяёмся, што нашы дзеці будуць лепшымі. Мы хочам ганарыцца сваімі дзецьмі, таму што яны наш працяг. Вялікі і святы абавязак выхавання грамадзян Беларусі ўскладзены на педагогаў. І ўсе мы жадаем, каб у выкананні гэтай высакароднай місіі нашым настаўнікам спадарожнічалі натхненне, дабрыня і любоў да вучняў, а кожны дзень прыносіў задавальненне ад зносін з маладым пакаленнем!

Таццяна БОНДАРАВА.