Рассельгаснагляд парушыў права

- 12:10Інфармацыйная гадзіна

Усе члены калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі лічаць, што Рассельгаснагляд парушыў права Еўразійскага эканамічнага саюза, увёўшы абмежаванні на пастаўкі асобных відаў малочнай прадукцыі з усёй тэрыторыі Беларусі. Пра гэта паведаміў дырэктар Дэпартамента аграпрамысловай палітыкі ЕЭК Станіслаў Бубен, каменціруючы праведзенае на пасяджэнні калегіі ЕЭК абмеркаванне сітуацыі з пастаўкамі ў Расію беларускай малочнай прадукцыі.

“Па ініцыятыве Мінэканомікі Беларусі 13 чэрвеня на пасяджэнні калегіі ЕЭК разгледжана пытанне аб увядзенні Рассельгаснаглядам з 6 чэрвеня часовых абмежаванняў на пастаўкі ў Расію малочнай прадукцыі. Усе члены калегіі адзначылі парушэнне Рассельгаснаглядам норм права саюза (пункт 8 артыкула 58 Дагавора аб ЕАЭС). У адпаведнасці з ім, поўная забарона на пастаўкі малочнай прадукцыі з усёй тэрыторыі краіны можа ўводзіцца толькі ў выпадку наяўнасці інфармацыі аб пагаршэнні эпізаатычнай сітуацыі на тэрыторыі Беларусі. Такая інфармацыя адсутнічае”, — падкрэсліў Станіслаў Бубен.

Паводле яго слоў, з-за таго, што падрыхтаваны Дэпартаментам функцыянавання ўнутраных рынкаў ЕЭК праект рашэння меў агульны характар і не адпавядаў у поўнай меры запыту беларускага боку, член калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Сяргей Сідорскі заняў прынцыповую пазіцыю, заявіўшы пра неабходнасць карэкціроўкі дакумента.

Па выніках абмеркавання калегія ЕЭК прыняла рашэнне на працягу тыдня дапрацаваць праект рашэння і разгледзець яго на чарговым пасяджэнні, дадаў дырэктар Дэпартамента аграпрамысловай палітыкі ЕЭК.