Разам — наперад

- 10:52Адукацыйная прастора

Звыш 250 маладых людзей Магілёўшчыны аб’яднаў абласны форум “РаЗАм”, арганізатарам якога выступіў абкам БРСМ. На базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта сабралася актыўная, ініцыятыўная, творчая моладзь з усёй вобласці.

У холе ўніверсітэта разгарнулася выставачная экспазіцыя “РаЗАм з камандай”, дзе госці і ўдзельнікі форуму змаглі дэталёва азнаёміцца з напрамкамі дзейнасці пярвічных арганізацый БРСМ устаноў вышэйшай адукацыі рэгіёна. Сёння магілёўскія студэнты праяўляюць сябе ў розных сферах, вядуць актыўнае грамадскае жыццё. Яны паспяхова рэалізуюць свой творчы, спартыўны, навуковы патэнцыял, займаюцца дабрачыннасцю і вырашэннем сацыяльных праблем. Усе іх пачынанні падтрымлівае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Сёння арганізацыя імкнецца ўлічыць інтарэсы кожнага маладога чалавека.

— Форум арганізаваны пад дэвізам “Разам з камандай”. Наогул увесь гэты год у маладзёжным асяроддзі пройдзе пад агульным словам — разам. Пад дэвізам таго, што ўсе мы агульнай супольнасцю павінны захаваць курс росквіту і развіцця нашай краіны. Нас чакае шмат значных падзей. І мы хочам пачуць голас маладых лідараў, даведацца, чым яны сёння жывуць і якія ў іх планы на гэты год. Адказы на гэтыя пытанні вельмі важныя, — адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ член Савета Рэспублікі Дзмітрый Варанюк.

Пачуць адно аднаго ўдзельнікі форуму маглі ў ходзе meet-up “Беларусь і Я. РаЗАм наперад”. Падчас нефармальнага дыя­логу маладыя людзі мелі магчымасць абмеркаваць з прадстаўнікамі ўлады пытанні і праблемы, якія іх цікавяць, а таксама агучыць ініцыятывы, якія тычацца паляпшэння жыцця студэнцтва.

— Сёння неабходнасць абмерка­ваць хвалюючыя моладзь пытанні сапраўды ёсць. Такія сустрэчы дапамагаюць нам сумесна выпрацаваць шляхі вырашэння наяўных праблем, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка.

У гутарцы закраналіся тэмы патрыятызму, неабходнасці атрымання вышэйшай адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, прадастаўлення льгот для студэнтаў, уцечкі таленавітых кадраў за мяжу, папулярызацыі беларускай мовы і культуры.

— У гэтым годзе мы адзначаем стагоддзе ленінскага камсамола. Для нас гэта платформа, спадчына для развіцця мала­дзёжнага руху. Усе ідэі, якія былі закла­дзены камсамолам, сёння актыўна выкарыстоўваюцца. БРСМ стараецца браць самае лепшае ад камсамола і развіваць гэта. Але не вяртаючыся назад, не жывучы мінулым, а грунтуючыся на сучасных тэндэнцыях. Што тычыцца паўналецця БРСМ, то наспела неабходнасць падумаць аб тым, якой будзе арганізацыя далей, у якім ключы нам рухацца наперад, што памяняць, а што палепшыць. І тут слова за самімі маладымі людзьмі. Наколькі моладзь гатова мяняцца і прапаноўваць нешта новае, настолькі і мы як кіраўніцтва гатовы падтрымаць гэтыя ініцыятывы. Галоўнае, што БРСМ ёсць і застанецца сябрам для ўсёй беларускай моладзі. Той арганізацыяй, якая падтрымае моладзь ва ўсіх пачынаннях, — падкрэсліў Дзмітрый Варанюк.

Завяршальным этапам маштабнага мерапрыемства стаў XI Пленум Магілёўскага абкама БРСМ, на якім былі падведзены вынікі працы за 2019 год, узнагароджаны лепшыя штатныя работнікі і актывісты. Разам вызначылі і новыя задачы — імкнуцца да дасягнення яшчэ большых поспехаў у сваёй дзейнасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.