Разам з высокім прафесіяналізмам — трывалая грамадзянская пазіцыя

- 10:31Сацыяльны ракурс

У сістэме прафесійнай адукацыі пытанне размеркавання выпускнікоў і іх замацавання на першым рабочым месцы сёння мае свае асаблівасці. Безумоўна, перш-наперш на гэта ўплывае стан спраў у той ці іншай галіне. Найбольш спрыяльная сітуацыя складваецца сёння ў сферы гандлю і грамадскага харчавання. Пры тым што гэтым галінам заўжды патрэбны кадры, размеркаванне выпускнікоў ніколі і тым больш сёння не мела фармальны характар. Кожны так званы размеркавальны сезон праходзіць дакладна выверана, пры непасрэдным удзеле работадаўцаў. Сёння мы прадастаўляем слова кіраўнікам навучальных устаноў гэтага профілю, каб даведацца, наколькі ўдаецца ім задаволіць запыты заказчыкаў кадраў у фарміраванні іх прадпрыемстваў рабочымі кадрамі.

Гісторыя Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю налічвае 70 гадоў. За гэты час склаліся свае традыцыі, свой шлях. Галоўная асаблівасць выпускнікоў установы, што разам з высокім прафесіяналізмам яны маюць трывалую грамадзянскую пазіцыю, якая з’яўляецца для іх асновай жыцця, асновай іх працоўнага шляху. І, безумоўна, гэтыя якасці фарміруюцца ў час вучобы, і на развіццё іх скіраваны кожны работнік каледжа.

Як адзначае Наталля Мікалаеўна Ляўкевіч, дырэктар Мінскага ПТК гандлю, незалежна ад адзнак у атэстаце кожнага навучэнца ў каледжы разглядаюць як асобу, даюць яму магчымасць рэалізаваць сябе ў чымсьці, акрамя вучобы, напрыклад, у спорце, самадзейнасці, мастацкай творчасці, клубнай дзейнасці

і г.д. Сёння каледж ажыццяўляе падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў для галіны гандлю на двух узроўнях адукацыі: прафесійна-тэхнічная адукацыя па спецыяльнасці “Гандлёвая справа” з прысваеннем кваліфікацый “прадавец” і “кантралёр-касір” і сярэдняя спецыяльная па спецыяльнасці “Камерцыйная дзейнасць”, кваліфікацыя “таваразнаўца”.

Навучанне ажыццяўляецца на сучаснай базе, якая ўключае абсталяваныя кабінеты, лабараторыі, камп’ютарныя класы, спартыўны і харэаграфічны залы, метадычны кабінет, кабінеты сацыяльнай і псіхалагічнай службы.

Размеркаванне і накіраванне на працу выпускнікоў каледжа ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (артыкулы 83—88).

Мэтанакіраваная работа з навучэнцамі выпускных курсаў праводзіцца з кастрычніка да моманту працаўладкавання кожнага навучэнца. У сувязі з гэтым усе прадпрыемствы гандлю, якія з’яўляюцца базавымі (у іх ліку ЦУМ “Мінск”, Гандлёвы дом “На Нямізе”, універмаг “Беларусь”), на пачатку навучальнага года накіроўваюць на адрас каледжа заяўку для размеркавання пэўнай колькасці выпускнікоў. І гэта ўжо стала традыцыяй. Як педагогі, так і навучэнцы ў курсе норм нарматыўна-прававых дакументаў, якія тычацца размеркавання. Гэта “Палажэнне аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на працу выпускнікоў, якія атрымалі адукацыю пасляўніверсітэцкую, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю”, “Палажэнне аб парадку пакрыцця ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спецыяліста, рабочага”, зацверджаныя пастановай урада ад 22.06.2011 № 821.

Акрамя таго, у кожнай вучэбнай групе праходзяць інструкцыйныя нарады, якія праводзіць кіраўніцтва навучальнай установы. На такіх нарадах навучэнцы маюць магчымасць высветліць усе хвалюючыя іх пытанні, выказаць свае меркаванні. Да ведама навучэнцаў даводзіцца план размеркавання, якія паступілі заяўкі ад гандлёвых арганізацый, колькасць месцаў. Акрамя таго, на агульным бацькоўскім сходзе ў снежні парадак размеркавання даводзіцца ў тым ліку і да бацькоў выпускнікоў. Размеркаванне ажыццяўляецца камісіяй па размеркаванні выпускнікоў установы адукацыі не пазней чым за два месяцы да заканчэння выпускнiкамi каледжа.

У каледжы размеркаванне праходзіць у студзені і сакавіку, перад выхадам навучэнцаў на вытворчую практыку, і на практыцы навучэнцы працуюць на аплатных месцах.

Пры размеркаванні ўлічваюцца патрабаванні па прагназаванні і планаванні падрыхтоўкі кадраў, устаноўленыя пастановай Савета Міністраў ад 19.07.2011 № 972 “Аб некаторых пытаннях фарміравання заказу на падрыхтоўку кадраў”, згодна з месцамі, якія прапаноўваюцца, i планамі размеркавання, дагаворамі аб падрыхтоўцы спецыялiстаў, рабочых (служачых), спецыялістаў, заяўкамі на колькасць рабочых (служачых). Заяўкі, якія паступаюць у каледж, агульнавядомыя. Асобы, якія будуць размяркоўвацца, ведаюць, на што яны могуць разлічваць з улікам многіх аспектаў.
У рабоце камісіі па размеркаванні прымаюць удзел і прадстаўнікі базавых прадпрыемстваў. Аб графіку работы камісіі навучэнцы і члены камісіі інфармуюцца загадзя.

Камісія прымае рашэнне аб накіраванні на працу выпускніка з улікам не толькі яго вынікаў паспяховасці, але і эфектыўнасці і выніковасці яго ўдзелу ў грамадскай працы, стану здароўя і сямейнага становішча, месца жыхарства сям’і, месца праходжання вытворчага навучання. Абавязкова прымаюцца да ўвагі асабістыя пажаданні выпускніка. Такім чынам, падыход да размеркавання носіць нефармальны характар, бо маладыя людзі атрымліваюць пуцёўку ў жыццё.

Так, у прыватнасці, выпускніца каледжа, якая атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю ў гэтым годзе, звярнулася ў камісію па размеркаванні з просьбай размеркаваць яе па месцы службы мужа, выпускніка Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, які быў накіраваны для далейшага праходжання ваеннай службы ў Гродна. Кіраўніцтвам каледжа была праведзена работа па выяўленні вакансій на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, у гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца, і ў выніку пытанне аб забеспячэнні маладога спецыяліста рабочым месцам у адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю было вырашана станоўча.

Ужо ў працэсе размеркавання для маладых спецыялістаў устанаўліваюцца дадатковыя гарантыі права на працу, якія рэалізуюцца пасля заканчэння імі каледжа. Так, у прыватнасці, кожнаму з маладых спецыялістаў загадзя камісія забяспечвае прадастаўленне работы ў адпаведнасці са спецыяльнасцю і кваліфікацыяй, атрыманымі ў каледжы.

Штогод больш за 400 выпускнікоў атрымліваюць размеркаванне ў гандлёвыя арганізацыі горада. Павышаным попытам, як правіла, карыстаюцца выпускнікі з трохгадовым тэрмінам навучання, і гэта зразумела, бо яны атрымліваюць дзве кваліфікацыі: “прадавец” і “кантралёр-касір”.

Выпускнікі каледжа, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю, могуць працаваць адміністратарамі гандлёвай залы, загадчыкамі секцый, таваразнаўцамі. Такім чынам, магчымасці кар’ернага росту ў іх, безумоўна, ёсць. Планамернае і прадуманае размеркаванне навучэнцаў стварае перадумовы для паспяховай адаптацыі іх на гандлёвых прадпрыемствах і спрыяе рэалізацыі творчых здольнасцей і асобаснага патэнцыялу выпускнікоў. Для таго каб работа была сістэмнай і давала станоўчыя вынікі, неабходна штодзённая, карпатлівая праца ва ўнісон каледжа і базавых прадпрыемстваў.

У размову ўключылася дырэктар Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі Вера Віктараўна Дзянініс:

— Ні для каго не сакрэт, што ў цяперашні час знайсці дастойную, высокааплатную працу — досыць доўгі і працаёмкі працэс. Сённяшняму работадаўцу патрэбны кваліфікаваныя, матываваныя да прафесіі выпускнікі, якія хутка рэагуюць на змены ў структуры і змесце грамадскага харчавання сталіцы. Выканаць такія пажаданні мы і імкнёмся.

Вера Віктараўна расказала, як у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі вядзецца работа па падрыхтоўцы рабочых кадраў, якія валодаюць новымі прафесійнымі тэхналогіямі і здольныя пасля заканчэння каледжа, без давучвання на месцах прыступіць да работы на прадпрыемстве. Гэта, у сваю чаргу, забяспечвае 100-працэнтнае працаўладкаванне выпускнікоў каледжа на прадпрыемствы грамадскага харчавання сталічнага рэгіёна самых розных форм — рэстараны, кафэ, прадпрыемствы хуткага абслугоўвання і інш.

Штогадовы выпуск навучэнцаў узроўняў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі каледжа складае каля 400 чалавек, з іх 325 выпускнікоў падлягаюць абавязковаму працаўладкаванню.

З мэтай задавальнення запытаў заказчыкаў кадраў каледж працуе па праграме цеснага ўзаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі, якая складаецца з чатырох асноўных этапаў. Першы этап — гэта маніторынг аб’екта грамадскага харчавання, патрэбы ў рабочых кадрах па кваліфікацыях, па якіх рых-туюць у каледжы; вывучэнне самога прадпрыемства, яго матэрыяльнай базы, умоў працы, наяўнасці сацыяльнага пакета. Другі этап прадугледжвае заключэнне дагавора аб узаемадзеянні ўстановы адукацыі з заказчыкам кадраў пры падрыхтоўцы спецыялістаў, рабочых і служачых. Трэці этап прадугледжвае выкананне мерапрыемстваў у рамках узаемадзеяння, а гэта планаванне стажыроўкі майстроў вытворчага навучання i выкладчыкаў спецдысцыплін на аб’екце грамадскага харчавання; аказанне дапамогі ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа навучальнай установы; карэкціроўка вучэбна-праграмнай дакументацыі па вучэбных прадметах прафесійнага і спецыяльнага цыклаў, а таксама вытворчага навучання з улікам спецыфікі аб’ектаў грамадскага харчавання; правядзенне сумеснай прафарыентацыйнай работы і інш. Чацвёрты этап з’яўляецца заключным і прадугледжвае ўдзел прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў рабоце камісіі па размеркаванні і ў выпускных квалiфiкацыйных экзаменах; працаўладкаванне выпускнікоў каледжа ў сферу грамадскага харчавання; стварэнне ўмоў для паспяховай адаптацыі і далейшае курыраванне выпускнікоў, у тым ліку і з боку педагагічных работнікаў каледжа. Увогуле каледж кулінарыі на сённяшні дзень супрацоўнічае больш чым з 200 прадпрыемствамі грамадскага харчавання сталіцы. Установа мае надзейныя партнёрскія сувязі з такімі знакавымі прадпрыемствамі Мінска, як “Прэзідэнт-атэль”, атэль “Мінск”, “Юбілейны”, а таксама з камбінатамі школьнага харчавання, установамі дашкольнай адукацыі горада, дзе працуюць выпускнікі каледжа.

Веру Віктараўну хвалюе пытанне замацавання іх на першым працоўным месцы.

— Маладых людзей, якія ўпершыню прыходзяць на рынак працы і якія не маюць дастатковага вопыту работы, ва ўсіх краінах свету прынята адносіць да сацыяльна неабароненай групы насельніцтва, — адзначае дырэктар каледжа. — Таму мы не развітваемся з нашымі выпускнікамі пасля ўручэння ім дыплома аб адукацыі і накіравання на працу. Майстры вытворчага навучання вядуць, як кажуць, кожнага свайго падапечнага, цікавяцца, наколькі ім псіхалагічна камфортна ў рабочым калектыве, якія праблемы іх хвалююць і ці дасягнулі яны поспеху ў сваёй прафесіі.

— Варта адзначыць, што пры падборы першага працоўнага месца ўлічваюцца асобасныя якасці і прафесійныя магчымасці кожнага навучэнца, — адзначае Вера Віктараўна. — Педагагічны калектыў каледжа арыентаваны ў сваёй рабоце на тое, каб атрыманы аб’ём тэарэтычных ведаў і практычных уменняў дазваляў выпускніку адразу ўключыцца ў працу на канкрэтным прадпрыемстве. Для гэтага выкарыстоўваюцца такія формы вучэбных і практычных заняткаў, якія даюць магчымасць уцягнуць кожнага навучэнца ў актыўны пазнавальны працэс, каб потым прымяніць гэтыя навыкі на вытворчасці.

Усё гэта прад’яўляе асаблівыя патрабаванні да арганізацыі адукацыйнага працэсу, да абнаўлення зместу прафесійнай адукацыі па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”. Таму ў каледжы створаны ўсе неабходныя ўмовы, каб прафесійная падрыхтоўка выхаванцаў каледжа адпавядала кваліфікацыйным патрабаванням, якія прад’яўляюць да выпускнікоў заказчыкі кадраў.

Характэрна і тое, што на працягу апошніх гадоў традыцыйнай формай супрацоўніцтва паміж работадаўцамі і каледжам стала правядзенне сумесных педагагічных саветаў і круглых сталоў, у якіх прымаюць самы актыўны ўдзел прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, прадпрыемстваў грамадскага харчавання горада, асацыяцыі кулінараў нашай краіны. Падчас гэтых сустрэч абмяркоўваюцца пытанні замацавання на працоўных месцах выпускнікоў каледжа, разглядаюцца магчымасці заключэння дагавораў аб узаемадзеянні, вызначаюцца далейшыя перспектывы супрацоўніцтва, дэвізам якога з’яўляецца: “Работадаўца вызначае, чаму вучыць, каледж — як вучыць”.

Важнымі фактарамі, якія абумоўліваюць больш хуткую адаптацыю маладых рабочых на вытворчасцi, з’яўляюцца сфарміраваныя з дапамогай спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы каледжа асобасныя якасці выпускнікоў: адказнасць, дысцыплінаванасць, эмацыянальная ўстойлівасць, самакантроль і інш. Такія рысы характару даюць магчымасць устойліва прыжыцца ў рабочым калектыве, аб чым сведчыць той факт, што тысячы і тысячы выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага ПТК кулінарыі працуюць у сферы грамадскага харчавання сталіцы.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.