Разам за адзінства і мір

- 12:18Адукацыйная прастора

Памяць аб мінулым, спадчына продкаў, імкненне да супрацоўніцтва і сяброўства — трывалы падмурак будучыні: на два дні юных міратворцаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі сабраў старажытны Полацк.

Маладыя пасланцы міру ў складзе дэлегацый абласцей і Мінска далучыліся да духоўна-патрыятычнай акцыі “Памяццю і смуткам свет пераможа вайну”. Ініцыятыва Беларускага фонду міру, Беларускай Праваслаўнай Царквы і Полацкага райвыканкама згуртавала людзей розных узростаў, месца жыхарства і прафесій: дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў улады і замежных дыпламатычных місій, кіраўнікоў рэлігійных канфесій, працоўных, студэнцкіх і навучэнскіх калектываў. У мемарыяльным комплексе “Урочышча Пяскі” яны аддалі даніну памяці і павагі ахвярам фашызму, пахаваным на тэрыторыі перасыльнага лагера для савецкіх ваеннапалонных “ДУЛАГ-125”. Ва ўскладанні вянкоў да Сцяны памяці ад кожнай дэлегацыі рэгіёна ўдзельнічалі адзін дарослы і адзін юны міратворац. Запаветам для сучаснікаў і нашчадкаў прагучалі словы былога вязня “ДУЛАГа-125” Міхаіла Скрабіна:

— Пяскі можна назваць масавай брацкай магілай. Большасць забітых і закатаваных на гэтым месцы гітлераўцамі — з маскоўскага апалчэння, хто некалі пакінуў мірную прафесію і добраахвотна пайшоў на фронт. Горка ўсведамляць, які талент — тэхнічны, інжынерны, літаратурны, мастацкі — загінуў тут, колькі добрага, прыгожага і карыснага гэтыя людзі маглі б стварыць, калі б не вайна. Гэта было страшна, жудасна: поўнае бяспраўе, голад, здзекі, рас­стрэл за ўсё, бо іншай меры пакарання не існавала. Забітых скідвалі ў кучу прама пасярод лагера, абкладвалі дровамі і спальвалі, але мы ўсё ж такі не згіналіся. Звяртаюся да вас, лю­дзі: беражыце вашу Радзіму Беларусь, не давайце нікому вас раз’яднаць. Нашы народы, рускі і беларускі, непа­дзельныя абсалютна. Беражыце народнае адзінства і адзінства народаў, захоўвайце мір!

Клятву юных міратворцаў у ходзе мітынгу пранікнёна і шчыра зачытала навучэнка Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Ганна Тумаш. Сваё выступленне дзяўчына дапоўніла кранальнымі вершаванымі радкамі ўласнага сачынення, прысвечанымі падзеям Вялікай Айчыннай вайны і сучаснасці. Як паведаміла старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава, удзельнікамі злёту юных міратворцаў сталі навучэнцы школ міру. Мерапрыемства мае важнае духоўнае, маральнае і патрыятычнае значэнне, якое яшчэ больш узмацняецца ў кантэксце Году народнага адзінства і юбілею Беларускага фонду міру. Дарэчы, на Віцебшчыне дзейнічае самая вялікая ў рэспубліцы рэгіянальная сетка школ міру: праект аб’ядноўвае 8 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Праграма злёту была насычана адметнымі падзеямі, справамі, знаёмствамі, сустрэчамі і экскурсіямі. У першы дзень міратворцаў запрасілі на аўтобусную экскурсію “Полацк — найстаражытнейшы горад Беларусі” з аглядам вуліцы Ніжне-Пакроўскай, Полацкага езуіцкага калегіума, вала Івана Грознага, помніка Ефрасінні Полацкай, Чырвонага моста, помнікаў Усяславу Чарадзею і свяціцелю Мікалаю Цудатворцу.

— У Брэсцкай вобласці адна школа міру, таму ў склад дэлегацыі выбралі нас, гэта вялікі гонар, — падзялілася ўражаннямі адзінаццацікласніца Астроміцкай сярэдняй школы Аляксандра Чапялевіч. — Важна, каб менавіта наша, маладое пакаленне ўдзельнічала ў такіх мерапрыемствах, дзе не проста разумееш, але і сэрцам адчуваеш іх значнасць. У Полацку я ўпершыню. Паспела пабачыць толькі яго невялікую частку, аднак ужо магу сказаць: сам горад, кожны куток якога звязаны з гісторыяй, і яго людзі мне спадабаліся. Чакала ад паездкі, напэўна, крыху меншага. Мы бліжэй пазнаёміліся з равеснікамі са школ міру іншых рэгіёнаў, асабліва цёплыя адносіны наладзіліся з камандамі Гомельскай і Мінскай абласцей. Спадзяюся, у далейшым яны перарас­туць у моцнае сяброўства і сумесныя праекты.

Увечары на базе аддзела турызму і актыўнага адпачынку Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі адбыўся святочны вечар “Маладосць. Адзінства. Сяброўства”. Цудоўнае мастацкае прывітанне падрыхтавалі творчыя калектывы цэнтра, сярэдняй школы № 8 Полацка і Полацкага кадэцкага вучылішча. Міратворцы ў адказ таксама прэзентавалі  свае яркія творчыя нумары і візітоўкі — атрымаўся  парад уменняў, майстэрства і талентаў! Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства моладзь чакала захапляючае падарожжа па пяці станцыях, дзе можна было выпрабаваць свае сілы, спрыт, згуртаванасць і кемлівасць пры выкананні цікавых заданняў, пачаставацца смачнай грэцкай кашай з палявой кухні (яе дапамаглі ўсталяваць мясцовыя пагранічнікі), даведацца аб рабоце Паста № 1 Мінска, паўдзельнічаць у спаборніцтвах па тымбілдынгу, вясёлым MEGA-боўлінгу і незвычайным — з прымяненнем спецыяльных рознакаляровых парашутаў — валейболе. Самымі запамінальнымі старонкамі сустрэчы госці назвалі танцавальны флэш-моб, вечаровае вогнішча і калектыўнае выкананне фінальнай песні аб сяброўстве, вернасці, маладосці, планах на будучыню.

Знаёмства з полацкімі таямніцамі і абмен вопытам паміж членамі актыву беларускіх школ міру прадоўжыліся на другі дзень. Юнакі і дзяўчаты пабывалі ў музеях беларускага кнігадрукавання і гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, дзе папрысутнічалі на канцэрце арганнай музыкі. З падзякай ад юных міратворцаў навучэнка сярэдняй школы № 70 Мінска імя Л.М.Гурцьева Лізавета Ваньковіч уручыла букет салістцы канцэртнай залы — заслужанай артыстцы Рэспублікі Беларусь Ксеніі Пагарэлай. Па словах мінчанкі, у Сафійскім саборы яна другі раз. Тое, што ўдалося трапіць на арганны канцэрт, лічыць вялікай удачай, а яшчэ большай — неверагодную магчымасць узняцца наверх па старажытных прыступках і паглядзець, як іграе майстар-арганіст, пагутарыць з Ксеніяй Максімаўнай. Пазней за астатніх ад’езд быў запланаваны ў брэстаўчан, што дазволіла гаспадарам пашырыць іх экскурсійную праграму і арганізаваць наведванне Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.

Начальнік штаба Паста № 1 горада-героя Мінска Сяргей Быкаў: “У Полацк у складзе дэлегацыі прыбылі прадстаўнікі зводнага мемарыяльнага атрада нашага паста — удзельнікі палатачнага ваенна-патрыятычнага лагера ў Ждановічах. Пасля мерапрыемстваў і знаёмства з горадам дзеці знаходзяцца пад моцным уражаннем. Асабіста для мяне Полацк незабыўны, бо тут я служыў у 1996 го­дзе, таму пэўная настальгія прысутнічае. На Пасту № 1 працую больш за 13 гадоў, пабываў на форумах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню ў розных гарадах, уключаючы ра­сійскія Мурманск, Севастопаль, Маскву, Новасібірск. З пастамі пералічаных гарадоў пастаянна абменьваемся вопытам: у нас агульная місія — памяць і гістарычная справядлівасць, агульны сэнс дзейнасці — мір на зямлі. Гэта аб’ядноўвае нас з усімі навучэнцамі школ міру. Плануем наведаць памятныя мясціны Полацка, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, ушанаваць памяць абаронцаў Радзімы”.

Дырэктар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ірына Гаўрыльчык: “Прыезд у Полацк каля 260 міратворцаў — маладых людзей з актыўнай і канструктыўнай сацыяльнай пазіцыяй з усёй рэспублікі — знакавая для нас падзея. Прымалі іх дружна, усім горадам. Такія сустрэчы адназначна важныя і патрэбныя. Хацелася б, каб яны праводзіліся часцей. Для сябе мы адзначылі вопыт работы мінскага Паста № 1. Абмяняліся кантактамі і, магчыма, створым у сябе падобны”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Наталлі СЛЯПЦОВАЙ.