Размеркаванне: адзін плюс адзін

- 14:29Сацыяльны ракурс

Сёлета на пэўных факультэтах удвая больш выпускнікоў, чым звычайна

Нядзіўна, што з нагоды двайнога выпуску многія хвалююцца, ці хопіць усім выпускнікам рабочых месцаў, бо сёлета, літаральна гэтымі днямі, размеркаванне праходзяць як маладыя людзі, якія паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў 2012 годзе, так і тыя, хто быў абітурыентам праз год. Каб даведацца, як такая ўнікальная сітуацыя паўплывала на размеркаванне будучых педагогаў, мы накіраваліся ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт прыродазнаўства, чые старшакурснікі размяркоўваюцца аднымі з першых у гэтай УВА.

Але перш чым сустрэцца з цяперашнімі выпускнікамі, работадаўцамі, выкладчыкамі, давайце вернемся на некалькі гадоў назад, калі пытанне з двайным выпускам было толькі акрэслена. Тады, у 2013 годзе, першакурснікамі сталі маладыя людзі, якія павінны былі вучыцца па пэўных спецыяльнасцях чатыры, а не пяць гадоў, як гэта было раней, завочнікі, адпаведна, — пяць, а не шэсць гадоў. У прыватнасці, праграма навучання была скарочана на факультэце прыродазнаўства БДПУ.

Тут, дарэчы, змянілася і напаўненне спецыяльнасцей, у тым ліку на факультэце прыродазнаўства. Выпускнікі, якія хутка атрымаюць дыпломы і набудуць статус маладых спецыялістаў, будуць мець неаднолькавыя запісы ў дыпломах. Усяго сёлетнія выпускнікі атрымалі адукацыю па некалькіх спецыяльнасцях. Пры гэтым тыя, хто вучыўся чатыры гады на дзённай форме атрымання адукацыі, выпускаюцца па дзвюх спецыяльнасцях — “Біялогія і геаграфія” і “Біялогія і хімія”, выпускнікі з пяцігадовым тэрмінам навучання — па спецыяльнасцях “Геаграфія. Біялогія”, “Геаграфія. Экскурсійна-краязнаўчая работа”, “Біялогія. Хімія”, “Біялогія. Фітадызайн ландшафту і інтэр’еру”. Завочнікі атрымалі спецыяльнасці “Біялогія”, “Геаграфія. Ахова прыроды”.

Накіраванні на работу атрымалі 179 маладых спецыялістаў, у тым ліку 12 студэнтаў-пазабюджэтнікаў, якія выказалі такое жаданне, 28 чалавек паедуць працаваць у адпаведнасці са сваімі мэтавымі накіраваннямі. Усяго ж на факультэце прыродазнаўства БДПУ сёлета больш за 350 выпускнікоў. А набор-2017 плануецца ў памеры больш чым 150 чалавек, з якіх 35 географаў, уключаючы замежных студэнтаў.

Пачалося размеркаванне ўрачыста — са звароту выпускнікоў, якія маюць прэзідэнцкую і імянную стыпендыі або проста паказалі сябе дастойна падчас вучобы, да сваіх выкладчыкаў на чале з першым прарэктарам універсітэта С.І.Копцевай, якая прыйшла на размеркаванне. Сярод гэтых маладых людзей былі два хлопцы, два Уладзіславы. Адзін з іх — Уладзіслаў Клеўжыц атрымаў запыт на размеркаванне з сярэдняй школы № 136 Фрунзенскага раёна Мінска, дзе ён, дарэчы, пэўны час і працуе, выкладае біялогію ў 7-х, 8-х і 10-х класах.
— На 4 курсе я прыйшоў у гэтую школу на практыку і застаўся працаваць, мне падабаецца, — гаворыць Уладзіслаў. — Добрая школа, цудоўны калектыў, добрыя ўзаемаадносіны з адміністрацыяй сталі адной з прычын таго, што я вырашыў застацца працаваць у 136-й школе. А ў цэлым на мой выбар паўплывалі многія фактары, я думаю, што не памыліўся.

Хлопец, дарэчы, прыехаў вучыцца ў Мінск з Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, таму пытанне з жыллём для яго вельмі актуальнае, пакуль збіраецца вырашаць яго самастойна, гэта значыць здымаць.

А вось другі Уладзіслаў — Уладзіслаў Жалняровіч вяртаецца працаваць у родны Барысаўскі раён, збіраецца прапагандаваць устойлівае развіццё, энергаэфектыўнасць, займацца прыродаахоўнай дзейнасцю, чым ён, дарэчы, захапляўся і падчас вучобы. Я, напрыклад, ведаю Уладзіслава не першы год — гутарыла, калі пісала пра валанцёрскі рух у БДПУ.

Дзве Наталлі — Шаўцова (імянны стыпендыят) і Тарнавецкая, якія атрымалі спецыяльнасць “Геаграфія. Экскурсійна-краязнаўчая работа” на пяцігадовым тэрміне навучання, застаюцца працаваць у родным універсітэце — на аграбіястанцыі “Зялёнае”, вучэбна-доследнай базе БДПУ, што размяшчаецца ў прыгарадзе сталіцы. Пры гэтым адна дзяўчына збіраецца прыязджаць на работу з Фаніпаля Дзяржынскага раёна, што, канечне, даволі блізка ад Мінска, другая — з Асіповіч, а гэта на Магілёўшчыне.

— Нічога, — гаворыць мая суразмоўніца, — пяць гадоў ездзіла на вучобу, так што даўно прывыкла.

Наталля Шаўцова і Наталля Тарнавецкая збіраюцца займацца навукова-праектнай дзейнасцю, а таксама працаваць са школьнікамі і студэнтамі не толькі з Беларусі, але і з іншых краін, якія будуць прыязджаць падчас канікул на станцыю ў своеасаблівы міжнародны лагер. Так што з педагагічнай дзейнасцю маладыя спецыялісты будуць звязаны самым непасрэдным чынам. Работу дзяўчатам прапанавалі ў дэканаце, ім гэта падалося цікавым, а яшчэ яны плануюць працягнуць навучанне ў магістратуры, пазней, магчыма, — у аспірантуры.

Прынамсі, большая частка сёлетніх выпускнікоў факультэта прыродазнаўства едзе працаваць менавіта педагогамі ў школы Мінскай вобласці, каля 50 выпускнікоў застаецца ў Мінску. Многія на момант канчатковага размеркавання мелі запыты, але хтосьці з работадаўцаў усё ж прыехаў на размеркаванне з надзеяй “ускочыць у апошні вагон”, некаторыя, наадварот, прыехалі дзеля таго, каб у іх не перахапілі маладога спецыяліста, з якім ужо ёсць дамоўленасць аб рабоце. У прыватнасці, адным з работадаўцаў, якія прысутнічалі на размеркаванні, было і грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя “Конкурс”, якая займаецца папулярызацыяй ведаў сярод моладзі, у першую чаргу сярод школьнікаў у галіне дакладных і прыродазнаўчых навук, праводзіць інтэлектуальныя гульні-конкурсы. Свайго выпускніка асацыяцыя адшукала загадзя.

— Наш факультэт — адзін з самых вялікіх па колькасці студэнтаў, якія вучацца на дзённай форме навучання, — расказала дэкан факультэта прыродазнаўства Наталля Уладзіміраўна Навуменка. — Колькасць студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю на бюджэтнай і пазабюджэтнай формах навучання, размяркоўваецца амаль папалам. Нягледзячы на двайны выпуск, мы не можам задаволіць усе запыты: застаюцца свабоднымі 15 месцаў па спецыяльнасцях “Біялогія” і “Хімія”. Па спецыяльнасці “Геаграфія” ўсе запыты задаволены, і ўсе студэнты, якія мелі права і выказалі жаданне атрымаць размеркаванне, яго атрымалі. Працэнтаў 40 нашых выпускнікоў, як чацвёрта-, так і пяцікурснікаў, працавалі на апошніх і перадапошніх курсах, бо выкладчыкі хіміі і біялогіі зараз вельмі запатрабаваныя спецыялісты, ды і географы патрэбны.

Дэкан таксама расказала, што дэканат, выкладчыкі рэкамендуюць студэнтам, якія яшчэ не працуюць, з’ездзіць і паглядзець загадзя працоўныя месцы, на якія паступілі папярэднія запыты, калі ёсць такая магчымасць. Можна параўнаць адно, другое, трэцяе месцы, зрабіць асэнсаваны выбар.

— А з работадаўцамі, як і з патэнцыяльнымі абітурыентамі, мы вядзём пастаянную мэтанакіраваную работу, — дадае Н.У.Навуменка. — Прычым гэта рознаўзроўневыя сувязі. Мы запрашаем да сябе настаўнікаў на павышэнне кваліфікацыі, арганізоўваем вэбінары, запрашаем сваіх выпускнікоў, якія прывозяць ужо уласных вучняў на экскурсіі, каб пазнаёміць іх з універсітэтам. Самі выязджаем на прафарыентацыйныя мерапрыемствы, арганізоўваем інтэрнэт-алімпіяду. Працуем і са школамі, і з упраўленнямі адукацыі, прычым пачынаем такую работу загадзя, а шквал званкоў пачынаецца ў верасні: “Дайце нам настаўніка!” І сваім студэнтам мы заўсёды гаворым: “На нашы спецыяльнасці месцаў хапае”.

Да слоў дэкана магу дадаць, што работадаўцы (не раз даводзілася гэта чуць) вельмі цэняць практыка-арыентаваную падрыхтоўку выпускнікоў педуніверсітэта імя Максіма Танка. Безумоўна, такі расклад, калі запытаў нават больш, чым выпускнікоў-бюджэтнікаў і часткі пазабюджэтнікаў, можна ўбачыць не на кожным факультэце, не па кожнай спецыяльнасці. Але дапамагаюць падвоеныя спецыяльнасці, як у нашым прыкладзе, калі малады спецыяліст можа выкладаць не адзін, а два прадметы. Наогул сучасны рынак працы патрабуе і пэўнай гібкасці, і валодання многімі навыкамі і ўменнямі.

Пры гэтым працягваецца барацьба (інакш, прабачце, не магу гэта назваць) за замацаванне маладых спецыялістаў на першых рабочых месцах. Выйграюць, канечне, тыя работадаўцы, якія могуць адразу прапанаваць маладому педагогу жыллё, хаця б часовае, тады і запытаў незадаволеных не застаецца. Дапамагаюць і мэтавыя накіраванні, пра што таксама нельга забываць аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, кіраўнікам устаноў адукацыі. Але сучасная моладзь, як бачна нават з нашага невялікага рэпартажу, гатова ездзіць да рабочага месца кожны дзень, калі работа падабаецца. Ва ўсякім выпадку, педагогі многіх спецыяльнасцей пакуль застаюцца вельмі запатрабаванымі.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, дарэчы, нядаўна агучыла спіс найбольш запатрабаваных на рынку працы прафесій — гэта ўрач-спецыяліст, медсястра, ветэрынарны ўрач, прадавец і вадзіцель. Упэўнена, што педагогі-прадметнікі знаходзяцца далёка не ў канцы гэтага спіса з карэкціроўкай, зразумела, па рэгіёнах. Цяперашнім абітурыентам, іх бацькам і педагогам, якія займаюцца са школьнікамі прафарыентацыяй, варта, канечне, звяртацца да такіх спісаў. Тады і двайныя выпускі не напалохаюць.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.