Разумнікі і спартсмены

- 15:23Навіны рэгіёнаў

Навучэнцы гімназіі № 1 Барысава пастаянна ўдзельнічаюць у інтэлектуальных і творчых спаборніцтвах: алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, разнастайных конкурсах і праектах. І дасягаюць значных поспехаў.

Нядаўна мы віталі братоў Дзядковых, якія вярнуліся з сярэбранымі медалямі з Міжнароднай алімпіяды па эксперыментальнай фізіцы IEPHO-2018, дзе дзевяцікласнік Дзяніс і адзінаццацікласнік Яўген выступалі ў складзе зборнай каманды Рэспублікі Беларусь. У другім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды гімназісты заваявалі 46 дыпломаў, а ў трэцім — 12! Многія ўжо прывыклі да таго, што дзеці радуюць нас дасягненнямі. Гімназісты моцна матываваны на вучобу. Здавалася б, вучобе яны прысвячаюць увесь свой час і на тое, каб сур’ёзна займацца яшчэ нечым, часу хапаць не можа. Аднак многія нашы юнакі і дзяўчаты, маючы высокія ацэнкі па вучэбных прадметах, яшчэ і актыўна займаюцца спортам. Ды яшчэ як займаюцца! Могуць ганарыцца россыпам медалёў па гульнявых відах спорту, адзінаборствах, настольным тэнісе, плаванні, стральбе, конным спорце, шахматах, грэблі, гімнастыцы.

Навучэнец профільнага фізіка-матэматычнага класа Андрэй Кудравец на міжнародным турніры напрыканцы мінулага года ў Ізраілі абараняў вароты зборнай Рэспублікі Беларусь, у склад якой уваходзілі юнакі 2003 года нараджэння. З перспектыўным пятнаццацігадовым футбалістам нядаўна заключыў кантракт БАТЭ.

Сцяпан Пятакоў з чатырох гадоў займаецца каратэ. Ледзь не кожныя выхадныя ён праводзіць разам з бацькамі ў паездках на спаборніцтвы. Як вы думаеце, колькі медалёў у гэтага трэцякласніка? Тры, пяць, восем? Аказваецца, што ў яго скарбонцы сярод мноства дыпломаў і грамат налічваецца 33 медалі! Больш за ўсё хлопец ганарыцца кубкамі, якія заваяваў на XVI Міжнародным турніры “Віцебскі тыгр” і на міжрэгіянальных спаборніцтвах на прызы Героя Савецкага Саюза Г.І.Баярынава, што прайшлі нядаўна ў Смаленску.
Апошні год праводзяць у сценах роднай гімназіі аднакласніцы і сяброўкі Вікторыя Скуратовіч і Аліна Халімонец. Гэта руплівыя вучаніцы, добразычлівыя, адказныя і арганізаваныя дзяўчаты. Але ёсць ім чым ганарыцца і як спартсменкам, якія займаюцца настольным тэнісам. Вікторыя, напрыклад, самым вялікім сваім спартыўным дасягненнем лічыць перамогу ў парным разрадзе ў сваёй узроставай катэгорыі на першынстве краіны.

Дзесяцікласніца Ганна Голдышава пасля заканчэння гімназіі збіраецца паступаць ва ўніверсітэт фізічнай культуры і звязаць сваё жыццё з прафесійным спортам. Сёння яна пераможца Алімпійскіх дзён моладзі Рэспублікі Беларусь у канкуры — самым прыгожым і відовішчным відзе коннага спорту, кандыдат у маладзёжную зборную.

Назар Гуліеў — капітан і бясспрэчны лідар баскетбольнай каманды гімназіі, якая стала пераможцай круглагадовай раённай спартакіяды школьнікаў. Гэты хлопец двухметровага росту ўжо атрымаў запрашэнне ад зборнай Азербайджана. Па версіі Міжнароднай федэрацыі баскетбола ФІБА, Назар уваходзіць у топ-100 лепшых баскетбалістаў нашай краіны.

Думаю, што імёны гэтых і іншых мэтанакіраваных навучэнцаў мы пачуем не раз: яны павінны шмат дасягнуць у жыцці, бо яшчэ ў школьныя гады навучыліся штодзень спалучаць карпатлівую вучэбную і спартыўную працу.

Мікалай ДЗЯМІДКА,
настаўнік гімназіі № 1 Барысава.