Развіццё дзяржавы залежыць ад міру і спакою ў рэгіёне

- 10:28Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Беларускі бок гатовы пачаць работу па заключэнні базавага пагаднення з ЕС аб партнёрстве і супрацоўніцтве. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі ў час візіту ў Латвію.

“Мы разумеем, што гэта патрабуе пэўнага абмеркавання ў рамках ЕС. Мы ў Беларусі гатовы да таго, каб пачаць работу над пагадненнем, таму што гэта будзе ў інтарэсах як Беларусі, якая імкнецца нармалізаваць адносіны з ЕС, так і ў інтарэсах ЕС”, — заявіў Уладзімір Макей.

“Вы ведаеце аб пэўных праблемах, якія існавалі ў нашых адносінах з ЕС. Некаторы час назад Саветам ЕС былі прыняты рашэнні, накіраваныя на адмену пераважнай большасці абмежаванняў у нашым супрацоўніцтве з Еўрасаюзам. Мы расцэньваем гэта вельмі пазітыўна”, — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, ёсць шэраг крокаў, якія могуць і павінны зрабіць абодва бакі для таго, каб адносіны паміж Беларуссю і ЕС нармалізаваліся. “Мы цяпер актыўна працуем над рэалізацыяй гэтых крокаў. І мы задаволены паступальным пазітыўным прагрэсам у развіцці нашых адносін з ЕС. Адным з важных крокаў у гэтым плане з’яўляецца той факт, аб якім згадаў Рынкевічс (міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс. — Заўв. БелТА.), — неабходнасць заключэння новага рамачнага пагаднення паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам”, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі.

Уладзімір Макей адзначыў, што цяперашняя сітуацыя выглядае крыху абсурдна: “Мы кіруемся яшчэ старым пагадненнем, якое было заключана паміж СССР і Еўрапейскім эканамічным супольніцтвам у 1989 годзе. Яно абсалютна ўстарэла і не адпавядае той сітуацыі, якая існуе сёння”.

Паводле слоў міністра, існуюць шаблоны такіх пагадненняў, якія ЕС заключае з іншымі краінамі. “Аснова такога пагаднення ёсць. Вядома, ёсць спецыфіка, звязаная з супрацоўніцтвам з канкрэтнай краінай. Але гэта ўжо далейшая работа, якая наперадзе. Галоўнае цяпер — прыняць прынцыповае рашэнне аб мэтазгоднасці і неабходнасці заключэння гэтага рамачнага пагаднення”, — адзначыў Уладзімір Макей.

Адказваючы на пытанне, ці магчыма размяшчэнне расійскіх авіябаз у Беларусі пры размяшчэнні дадатковых войскаў НАТА ў краінах Балтыі, Уладзімір Макей заўважыў: “Я не магу сказаць, што будзе заўтра або паслязаўтра. Вядома ж, мы будзем дасканала аналізаваць сітуацыю ў нашым рэгіёне і прымаць адэкватныя меры рэагавання. Але мы не зацікаўлены ў тым, каб нейкія захады, якія будзе рабіць Беларусь у ваеннай сферы, садзейнічалі далейшаму нагнятанню ваеннай напружанасці ў нашым рэгіёне і ў цэлым на еўрапейскім кантыненце. Мы не зацікаўлены ў тым, каб ствараліся новыя раздзяляльныя лініі ў Еўропе. Мы краіна невялікая, і развіццё нашай дзяржавы залежыць ад міру і спакою ў рэгіёне”.

Міністр падкрэсліў, што Беларусь будзе вельмі адказна падыходзіць да любых мер рэагавання на тыя ваенныя выклікі і пагрозы, якія магчымы ў наш час.

“Што тычыцца перспектыў размяшчэння новых кантынгентаў войскаў НАТА ў прыбалтыйскіх краінах і Польшчы, зразумела, мы не вітаем размяшчэнне дадатковых воінскіх кантынгентаў на тэрыторыі нашых суседніх краін. Мы можам зразумець логіку нашых партнёраў, чаму яны гэта робяць, хоць не падтрымліваем гэтыя захады, — сказаў Уладзімір Макей. — Мы не разглядаем гэта як прамую пагрозу нашай бяспецы. Мы разглядаем гэта як пэўныя выклікі ў ваеннай сферы, на якія мы павінны таксама нейкім чынам адрэагаваць”.