Да распрацоўкі матэрыялаў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу былі прыцягнуты вядучыя педагогі нашай краіны. Над ім працавалі і педагагічныя работнікі Гродзенскай вобласці. Як гэта адбывалася, якія ўзнікалі цяжкасці і што ўрэшце атрымалася, расказваюць удзельнікі гэтага працэсу: педагогі, метадысты, кіраўнікі.
Начальнік упраўлення метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі М.І.Дабрадушанка адзначыла эфектыўную работу педагагічнай супольнасці рэгіёна, якая была задзейнічана ў гэтай адказнай справе пры падтрымцы экспертаў Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, метадыстаў Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і раённых вучэбна-метадычных кабінетаў. Сёння работа па распрацоўцы модуляў для ўстаноў адукацыі з рускай мовай навучання амаль завершана. Ужо запісаны відэафрагменты, распрацаваны тэсты — і за ўсім гэтым стаіць карпатлівая, але пры гэтым стваральная, займальная праца творчых груп устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Кожны педагог, які з’яўляўся членам творчай групы, атрымаў каласальны вопыт работы па распрацоўцы новага адукацыйнага кантэнту, асвоіў сучасныя інтэрнэт-сэрвісы, інфармацыйныя тэхналогіі, што, у сваю чаргу, спрыяла павышэнню яго прафесійнай кампетэнтнасці. Цяпер адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс працуе ў тэставым рэжыме. Распрацаваныя матэрыялы педагогі выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе, арганізаваным на аснове тэхналогіі змяшанага навучання, пры навучанні па індывідуальных вучэбных планах, асобныя відэафрагменты — пры падрыхтоўцы і правядзенні ўрокаў; бацькі прымяняюць рэсурс для навучання сваіх дзяцей, якія часова не могуць наведваць установу адукацыі або маюць патрэбу ў дадатковым растлумачэнні матэрыялу пры выкананні дамашніх заданняў.
Сёння пагаворым пра работу творчых груп па распрацоўцы модуляў па тым ці іншым вучэбным прадмеце.
Пры стварэнні адукацыйных модуляў па 18 вучэбных прадметах для 1—11 класаў было задзейнічана больш за 500 настаўнікаў Гродзеншчыны, 110 творчых груп з 19 раёнаў Гродзенскай вобласці распрацоўвалі вучэбна-
метадычныя матэрыялы. Па кожнай тэме неабходна было распрацаваць прэзентацыю, апісанне да яе, тэсты, а таксама сфармуляваць вынік вывучэння тэмы (мэты, задачы, асноўныя тэрміны і высновы). Падчас работы педагогі прытрымліваліся метадычных патрабаванняў да стварэння відэафрагментаў і тэставых заданняў (структура відэафрагментаў, іх працягласць, прыёмы актывізацыі ўвагі і вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў, колькасць тэставых заданняў, іх віды і інш.). Прапанаваныя тэставыя заданні дазваляюць навучэнцам праверыць свае веды, атрыманыя ў ходзе вывучэння тэмы. У сувязі з тым, што ў нашай краіне навучанне праводзіцца на дзвюх дзяржаўных мовах, адукацыйныя модулі распрацоўваюцца педагогамі творчых груп на беларускай мове.
Метадыст упраўлення метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі С.В.Гудач расказала, што настаўнікі пачатковых класаў рэгіёна распрацоўвалі матэрыялы па 6 вучэбных прадметах: “Руская мова”для 3 класа; “Чалавек і свет” для 1 класа (для школ з рускай і беларускай мовамі навучання), “Чалавек і свет” для 3 класа (для школ з рускай і беларускай мовамі навучання); “Літаратурнае чытанне” для 4 класа. З мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў настаўнікі пачатковых класаў выкарыстоўвалі разнастайныя прыёмы: уводзілі праблемныя пытанні, дыдактычныя гульні, займальны матэрыял (рэбусы, загадкі), заахвочвальную лексіку (таямніцы, сакрэты і г.д.), пастаноўку відэа на паўзу і пры выкананні заданняў. Выкарыстанне прыёму паўзізацыі падчас прагляду відэафрагментаў дазваляе навучэнцам працаваць у сваім тэмпе, што, у сваю чаргу, спрыяе стварэнню сітуацыі поспеху для кожнага вучня, забеспячэнню камфортнага адукацыйнага асяроддзя. Педагогі ўключалі ў відэафрагмент разнастайныя прыёмы зваротнай сувязі: працягні фразу, знайдзі лішняе, выберы правільнае сцвярджэнне, гульні “Так-не”, “Святлафор” і інш.
З улікам спецыфікі выкладання прадметаў відэафрагменты па розных вучэбных прадметах мелі свае асаблівасці. Тлумачэнне матэрыялу па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” адначасова візуалізавалася з дапамогай ілюстрацый, схем, табліц. Педагогі Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна, гімназіі № 1 Астраўца, Лунненскай сярэдняй школы, школ Гродна выкарыстоўвалі ў сваіх відэафрагментах для развіцця цікавасці да прадмета відэа пра аб’екты і з’явы прыроды. Напрыклад, навучэнцы маглі не толькі ўбачыць, як у рэальным жыцці выглядае возера Нарач, яго неверагодныя расліны, але і паслухаць спевы жаўрука, стук дзятла. Такая форма падачы інфармацыі дае навучэнцам магчымасць звязаць атрыманую інфармацыю ў цэласную карціну аб той ці іншай з’яве ці аб’екце, дазваляе лёгка запамінаць і прасочваць узаемасувязі паміж інфармацыйнымі блокамі. Варта адзначыць, што большасць відэафрагментаў па вучэбным прадмеце “Літаратурнае чытанне” таксама заканчвалася заданнямі на ўключэнне ў пазнавальную дзейнасць навучэнцаў: “Даведайся ад родных, хто з тваіх продкаў змагаўся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “У чым праяўляецца любоў да сваёй Радзімы?”, “Падумай, пра паходжанне якіх слоў ты хацеў бы даведацца. Звярніся да этымалагічнага слоўніка”, “Падумай, што ты можаш зрабіць для таго, каб мова не знікла, засталася для будучых пакаленняў?”,” Падумай, якімі славутасцямі і дасягненнямі нашай Айчыны ты можаш ганарыцца сёння?”.
— Сёлета я мела магчымасць прыняць удзел у распрацоўцы вучэбных модуляў да новага падручніка па біялогіі для 10 класа, — расказала І.В.Бойка, настаўніца сярэдняй школы № 18 Гродна. — Умовы, якія ставіць перад намі жыццё, патрабуюць укаранення новых педагагічных тэхналогій. Кожны вучань цяпер будзе мець магчымасць падцягнуць або вывучыць прапушчаную тэму. Вучэбныя модулі дазволяць кожнаму вучню самастойна планаваць сваю дзейнасць, эфектыўна рыхтавацца да іспытаў, ацэньваць свае веды і ставіць перад сабой больш высокія мэты.
— Працаваць над модулямі было складана, але ў той жа час вельмі цікава, — адзначыла С.Ч.Зацейкіна з гродзенскага ліцэя № 1. — Нам дастаўся раздзел з тэмамі, якія раней не вывучаліся. Вельмі шмат часу пайшло на падбор інфармацыі. Неабходна было падаць матэрыял у даступнай форме, але ў той жа час на належным узроўні, які адпавядае ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў.
Як расказала Н.В.Мажэйка, настаўніца геаграфіі, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 1 Бярозаўкі Лідскага раёна, сумесна з творчай групай настаўнікаў раёна былі падрыхтаваны вучэбныя модулі па геаграфіі для 6 класа і па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” для 5 класа.
— Як настаўнік-прадметнік асобныя элементы відэафрагментаў выкарыстоўваю для паўтарэння і сістэматызацыі ведаў як у пачатку, так і ў канцы ўрока, — адзначыла Н.В.Мажэйка. — Навучэнцам, якія адсутнічаюць на ўроку, у абавязковым парадку задаю праглядзець відэафрагмент і, акрамя тэста да яго, прапаную выканаць дадатковае заданне па відэафрагменце. Хочацца таксама адзначыць, што сістэмнае прымяненне вучэбных модуляў забяспечвае цэласнасць і паслядоўнасць засваення вучэбнага матэрыялу, прадастаўляе навучэнцам магчымасць для праяўлення самастойнасці, садзейнічае стварэнню аптымальных умоў для самакантролю.
Для падрыхтоўкі матэрыялаў па вучэбным прадмеце “Матэматыка” 6 клас была створана творчая група з настаўнікаў вышэйшай катэгорыі. У яе ўвайшлі і настаўнікі Мураванаашмянкаўскага вучэбна-педагагічнгага комплекса яслі-сад-сярэдняя школа М.Ю.Швабовіч і Г.І.Швабовіч, якім давялося распрацоўваць модулі па раздзеле “Працэнты і прапорцыі”. Была праведзена вялікая работа па стварэнні модуляў: звядзенне разам прадастаўленых творчай групай матэрыялаў для распрацоўкі ўрокаў, падбор і распрацоўка тэставых заданняў для праверкі першаснага засваення матэрыялу, падбор і вывучэнне праграм па стварэнні відэаролікаў, анімацыі, апрацоўкі малюнкаў, агучванне відэаролікаў, падбор ілюстрацыйнага матэрыялу, які адпавядае вывучаемым тэмам. В.Г.Палуйчык, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Кастрычніцкага раёна Гродна, расказала, што настаўнікі-філолагі бралі ўдзел у распрацоўцы модуляў для 5 класа па беларускай мове, для 8 класа па рускай мове. Сам модуль уключае мэты навучання, сфармуляваныя на зразумелай вучню мове, відэаролікі з тлумачэннем вучэбнага матэрыялу і тэсты з 10 заданняў рознага тыпу для самаацэнкі ведаў і навыкаў.
— Ствараючы вучэбныя модулі, мы стараліся, каб іх змест быў тэматычна вытрыманы, — адзначыла метадыст. — Напрыклад, у серыі модуляў па беларускай мове пра зычныя гукі, іх вымаўленне і правапіс уводзяцца тэмы роднай мовы, прыроды, дружбы, гасціннасці беларусаў, захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. “Суразмоўцамі” васьмікласнікаў пры вывучэнні простага і ўскладненага сказа выступаюць рускія класікі. Вучэбныя модулі ўжо актыўна выкарыстоўваюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна як для самастойнага вывучэння беларускай і рускай мовы, так і ў якасці фрагментаў на розных этапах урока і, несумненна, дапамагаюць эфектыўна засвойваць вучэбную праграму.
Метадыст Смаргонскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ю.А.Грыгарчук паведаміла, што педагогі раёна прымалі ўдзел у стварэнні адукацыйнага кантэнту па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” 3 клас. Распрацоўку вучэбных модуляў ажыццяўлялі вопытныя і ініцыятыўныя настаўнікі пачатковых класаў. Веданне розных метадаў і сродкаў навучання спрыяла найбольш рацыянальнаму іх спалучэнню ў працэсе падрыхтоўкі відэафрагментаў. Педагогі выкарыстоўвалі разнастайныя прыёмы ўцягвання навучэнцаў у вучэбна-пазнавальную дзейнасць. Пры стварэнні вучэбных модуляў педагогі значную ўвагу ўдзялялі выкананню эрганамічных патрабаванняў да візуалізацыі вучэбнага матэрыялу, уключэнню вучняў у вучэбную дзейнасць, падтрымцы эмацыянальна-інтэлектуальнай актыўнасці на працягу ўсяго фрагмента.
Т.М.Сурконт, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 8 Ліды, паведаміла, што творчая група настаўнікаў гісторыі Лідскага раёна ажыццяўляла распрацоўку 6 вучэбных модуляў па сусветнай гісторыі для 9 класа па раздзеле “Гісторыя СССР і Расійскай Федэрацыі”. Самай працаёмкай і складанай аказалася работа па стварэнні відэафрагмента да вучэбнага модулю. Трэба было скласці сцэнарый, падабраць ілюстрацыйны матэрыял і праверыць яго на адпаведнасць эпосе, прадумаць заданні для вучняў, зрабіць прэзентацыю, агучыць яе і зманціраваць відэафільм. Быў распрацаваны адзіны падыход да стварэння відэафрагментаў. Абавязковым атрыбутам кожнага сталі перавод тэкставага матэрыялу падручніка ў табліцы, схемы, графікі для лепшага ўспрымання яго вучнямі; выкарыстанне шырокага спектра ілюстрацыйнага матэрыялу — фатаграфій, плакатаў, інфаграфікі, паштовых марак, карыкатур, паштовак, малюнкаў помнікаў архітэктуры і да т.п.; уключэнне гістарычных крыніц; дабаўленне ўрыўкаў дакументальнай відэахронікі; увядзенне разнастайных заданняў для вучняў, напрыклад, такіх як праблемнае пытанне, заданні на аналіз гістарычнай сітуацыі, заданні на аргументацыю, якія патрабуюць зірнуць на праблему з розных бакоў, заданні, звязаныя з аналізам гістарычнай крыніцы, заданні з ілюстрацыйным матэрыялам і інш.
Марына Робец, метадыст Слонімскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, расказала, што творчай групай настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Слоніма распрацоўваліся вучэбныя модулі па вучэбным прадмеце “Руская літаратура” для вучняў 9 класа. Педагогі выпрацавалі агульны алгарытм дзейнасці: вырашылі, што для напісання фрагмента ўрока неабходна не проста падаць матэрыял у форме лекцыі, але і арганізаваць віртуальны дыялог з навучэнцамі, прапаноўваючы ім спыніць прагляд фрагмента, адказаць на пытанні, падумаць, паразважаць. Каб ажывіць урок, раскрыць тонкія нюансы пачуццяў, перажыванняў, адчуванняў лірычных герояў, было прынята рашэнне ўключыць у відэафрагмент дэкламацыю вершаў вядомымі акцёрамі. Цяжкасць пры распрацоўцы ўрока заключалася ў тым, каб змястоўны матэрыял укласці ў пэўныя часавыя рамкі, але пры гэтым не ўпусціць галоўныя моманты аналізу твора.
Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс пастаянна папаўняецца дадатковымі матэрыяламі з вопыту работы настаўнікаў розных куткоў краіны. Гэта блогі і сайты па вучэбных прадметах, электронныя сродкі навучання, інтэрактыўныя гульні і практыкаванні, трэнажоры, тэсты і віктарыны, вэб-квесты і праекты і многае іншае, што робіць самастойнае навучанне лёгкім і цікавым.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.