Рэкамендацыі еўрапейскіх экспертаў будуць улічаны для ўзмацнення бяспекі БелАЭС

- 11:18Інфармацыйная гадзіна

Нацыянальны даклад Беларусі па выніках стрэс-тэстаў на АЭС адпавядае патрабаванням Еўрасаюза. Аб гэтым паведаміў у Мінску кіраўнік групы еўрапейскіх экспертаў па партнёрскай праверцы стрэс-тэстаў Беларускай АЭС Марк Фой.

“Калі гаварыць пра заключэнне, якое мы зрабілі, то група экспертаў прыйшла да высновы, што нацыянальны даклад Беларусі ў цэлым адпавядае патрабаванням для стрэс-тэстаў Еўрасаюза. Нагадаю, 460 пісьмовых пытанняў былі перададзены ў Беларусь для атрымання адказаў (у час працэдуры партнёрскай праверкі. — ЗаўвагаБелТА.). Гэта вялікая колькасць пытанняў, вельмі сціслыя часавыя рамкі, у якія гэта трэба было зрабіць. Першапачаткова мы прасілі адказаць толькі на пытанні групы экспертаў, але Дзяржатамнагляд даў адказы на ўсе пытанні, і некаторыя з іх выходзілі за рамкі тэмы стрэс-тэстаў”, — адзначыў Марк Фой. Група экспертаў таксама канстатавала, што Дзяржатамнагляд даваў адказы не толькі на пісьмовыя, але і на вусныя пытанні.

Эксперты пацвердзілі, што праект атамнай станцыі, якая будуецца ў Беларусі, — гэта праект з палепшаным рэактарам тыпу ВВЭР.

Па выніках партнёрскай праверкі былі дадзены рэкамендацыі, разгляд і ўкараненне якіх еўрапейскія эксперты лічаць важнымі. Трэба ўлічыць іх у нацыянальным плане па ўзмацненні бяспекі АЭС і ў будучыні пастаянна абнаўляць гэты план.

Паводле слоў Марка Фоя, рэкамендацыі тычацца “вызначэння адэкватнасці меж бяспекі для розных здарэнняў на станцыі, а таксама ўстаноўкі некаторага дадатковага абсталявання”.

Акрамя таго, абазначаны некаторыя пазітыўныя практыкі, што прысутнічаюць пры рэалізацыі беларускага праекта. Гэта наяўнасць пасіўных сістэм бяспекі, пасткі расплаву, меры засцярогі для прадухілення і кіравання цяжкімі аварыямі на станцыі. Пазітыўна ўспрыняты аналіз розных крытычных сітуацый у нацыянальным дакладзе па стрэс-тэстах, работа вучэбна-трэніровачнага цэнтра з поўнамаштабным трэнажорам, наяўнасць добра абсталяванай пажарнай часці на тэрыторыі станцыі.

“Дзяржатамнагляд разгледзіць усе рэкамендацыі, якія былі прапанаваны еўрапейскімі калегамі. Нам трэба падысці вельмі разумна да гэтых рэкамендацый — у якім фармаце мы будзем выкарыстоўваць, распрацоўваць і пакладзём іх у аснову нашых мерапрыемстваў”, — адзначыла ў сваю чаргу начальнік Дзяржатамнагляду Вольга Лугаўская на прэзентацыі грамадскасці вынікаў партнёрскай праверкі вынікаў стрэс-тэстаў БелАЭС.

“Рэкамендацыі, якія мы атрымалі па выніках партнёрскай праверкі, мелі для нас выключную каштоўнасць і вялікую важнасць, праведзена вельмі вялікая работа”, — падкрэсліла начальнік Дзяржатамнагляду.

Атрыманыя рэкамендацыі будуць улічаны пры складанні нацыянальнага плана дзеянняў па ўзмацненні бяспекі Беларускай АЭС.

Беларусь у 2016 годзе добраахвотна правяла стрэс-тэсты АЭС з улікам спецыфікацыі ENSREG. Нацыянальны даклад па выніках стрэс-тэстаў быў накіраваны ў Еўракамісію і размешчаны ў адкрытым доступе ў інтэрнэце ў 2017 годзе, асноўны вывад — Беларуская АЭС устойлівая да ўзнікнення падзей, падобных да тых, што адбыліся на “Фукусіме” ў 2011 годзе. У час правядзення партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў Беларусь у сакавіку 2018 года наведала ўпаўнаважаная ENSREG група з 17 экспертаў з рэгулюючых органаў у сферы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. У яе складзе былі прадстаўнікі Еўракамісіі, у якасці наглядальнікаў — прадстаўнікі МАГАТЭ, Расіі і Ірана.

Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення “3+” паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі — у 2020-м.