Рэктар БДЭУ: нашы выпускнікі ўплываюць на эканамічную палітыку краіны

- 12:02Интервью, Образование

Якасная эканамічная адукацыя павінна забяспечваць фундаментальныя веды і развіваць аналітычныя здольнасці будучых спецыялістаў. У гэтым перакананы рэктар БДЭУ Аляксей Ягораў.  Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з ім пра падрыхтоўку высакакласных эканамістаў.

— Аляксей Уладзіміравіч, што сабой уяўляе БДЭУ на сучасным этапе?

— Эканамічны ўніверсітэт сёння — гэта перш за ўсё вядучая ўстанова вышэйшай адукацыі эканамічнага профілю ў краіне. Кожны год наш універсітэт выбіраюць больш за 3 тысячы маладых, таленавітых, мэтанакіраваных выпускнікоў школ і каледжаў, хоць прахадны бал для паступлення шмат гадоў трымаецца на ўзроўні вышэй за 300. Гэтым пацвярджаецца прэс­тыж атрымання адукацыі менавіта тут, у адной са старэйшых УВА Беларусі, якая ў мінулым го­дзе адзначыла 90-годдзе.

БДЭУ дае магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю ў галіне не толькі эканомікі, але і бізнесу, кіравання, права, камунікацый, сацыяльных навук. Нашых выпускнікоў з радасцю прымаюць на работу міністэрствы, банкі, буйныя прадпрыемствы. Сярод нашых выпускнікоў можна знайсці і вядомых дзяржаўных дзеячаў, і акадэмікаў, і нават знакамітых спартсменаў.

У нашым універсітэце вялікі калектыў вучоных. Сярод іх больш за 60 дактароў навук і каля 400 кандыдатаў навук. Па іх падручніках і вучэбных дапаможніках вучацца студэнты не толькі Беларусі, але і блізкага замежжа. Універсітэт акрэдытаваны як навуковая арганізацыя, тут праводзяцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па праблемах нацыянальнай і сусветнай эканомікі і права. У нас паспяхова дзейнічаюць 10 навукова-педагагічных школ і звыш 30 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый пад кіраўніцтвам таленавітых выкладчыкаў. Работа СНДЛ спрыяе выяўленню і прыцягненню найбольш здольных студэнтаў і магістрантаў у аспірантуру. Да таго ж у нас створаны два студэнцкія бізнес-інкубатары на базе факультэта камерцыі і турыстычнай індустрыі і факультэта эканомікі і менеджменту.

БДЭУ сёння — гэта найбагацейшая бібліятэка, у якой звыш 1,3 млн выданняў. Створаны ўнікальны фонд эканамічнай літаратуры. Бібліятэкай карыстаюцца больш за 15 тысяч чытачоў з розных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый краіны.

Да таго ж і электронная бібліятэка ўніверсітэта — адна з найбуйнейшых сярод рэпазіторыяў Беларусі. У ёй знаходзіцца каля 62 тысяч паўнатэкставых дакументаў (аўтарэфератаў дысертацый, артыкулаў, матэрыялаў канферэнцый і інш.). А агульная колькасць бібліяграфічных запісаў у электронным каталогу з анлайн-доступам — амаль 730 тысяч. Наша бібліятэка мае статус паўнавартаснага электроннага выдання, у якім можна публіка­ваць вынікі даследаванняў як у першакрыніцы нароўні з друкаванымі перыядычнымі выданнямі, якія будуць індэксавацца ў міжнародных базах даных адкрытага доступу (OpenDOAR, ROAR, Google Scholar, WorldCat). Гэта забяспечвае бач­насць навуковых публікацый універсітэта для сусветнай грамадскасці.

У 1999 годзе быў створаны выдавецкі цэнтр БДЭУ, які стаў адным з першых універсітэцкіх выдавецтваў Беларусі. У ім выпускаецца вучэбная, навуковая і даведачная літаратура, якой забяспеч­ваюцца не толькі нашы студэнты, але і іншыя УВА, УССА, а таксама бібліятэкі, кнігарні, навуковыя арганізацыі і прадпрыемствы краіны. Наш выдавецкі цэнтр — пастаянны і актыўны ўдзельнік міжнародных кніжных выстаў-кірмашоў.

Яшчэ хочацца адзначыць, што ва ўніверсітэце з 2009 года маладыя выкладчыкі з КНР вучаць нашых студэнтаў кітайскай мове як другой замежнай на факультэтах міжнародных бізнес-камунікацый і міжнародных эканамічных адносін. І ў 2013-м у нас быў адкрыты кабінет Канфуцыя ад Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ.

— Як змяніўся эканамічны ўніверсітэт за апошні час і ці ўдаецца яму аператыўна рэагаваць на сучасныя выклікі ў падрыхтоўцы спецыялістаў?

— Наш універсітэт пастаянна развіваецца, бо час не дазваляе стаяць на месцы. Сённяшнія абітурыенты — прадстаўнікі пакалення Z (зумеры). Яны актыўна выкарыстоўваюць лічбавыя сэрвісы і тэхналогіі, для іх гэта ўжо неад’емная частка жыцця. Лічыцца, што зумеры больш адукаваныя, чым усе папярэднія пакаленні, яны цікавяцца навукай і тэхналогіямі. Уся сістэма вышэйшай адукацыі павінна арыентавацца на іх, трымаць руку на пульсе. А таму зараз у навучанні студэнтаў мы прымяняем найноўшыя тэхналогіі адукацыі, у тым ліку дыстанцыйныя адукацыйныя праграмы і лічбавыя тэхналогіі.

Рэалізуючы праект “Лічбавы ўніверсітэт”, развіваем адукацыйныя тэхналогіі, інтэрактыўныя сродкі навучання, мультымедыйную платформу дыстанцыйнага прадастаўлення адукацыйнага кантэнту, працягваем фарміраванне аўтаматызаванай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы збору, захоўвання, апрацоўкі і аналізу даных. У нас функцыянуюць чатыры адукацыйныя парталы, сайты факультэтаў, кабінет абітурыента БДЭУ, электронныя адукацыйныя курсы, бібліятэка відэаматэрыялаў, электронная біржа вакансій.

Да таго ж у нашым універсітэце актыўна вядзецца эксперыментальная і інавацыйная дзей­насць. Арганізавана падрыхтоўка на англійскай мове па спецыяльнасцях агульнай вышэйшай і паглыбленай вышэйшай адукацыі. У рамках праекта “Універсітэт 3.0” на працягу апошніх пяці гадоў актуалізуецца змест вучэбных праграм дысцыплін, накіраваных на развіццё прадпрымальніцкіх кампетэнцый студэнтаў і слухачоў. Да адукацыйнага працэсу актыўна далучаюцца спецыялісты-практыкі па прадпрымальніцкай дзейнасці і камерцыялізацыі навуковых і інавацыйных вынікаў.

Мы ўвесь час працуем над павышэннем статусу нашай УВА ў міжнародных рэйтынгах універсітэтаў. Павольна, але дакладна рухаемся наперад да больш высокіх пазіцый. Напрыклад, па даных рэйтынга Webometrics Ranking of World Universities сярод 30 тысяч УВА БДЭУ ўвахо­дзіць у першыя 20% лепшых універсітэтаў свету.

Студэнты БДЭУ — гэта тыя спецыялісты, якія ў найбліжэйшай будучыні стануць вызначаць эканамічную палітыку і далейшае развіццё нашай краіны, таму сёння мы павінны закласці ў іх самыя сучасныя і прагрэсіўныя веды і ўменні.

— БДЭУ пастаянна развіваецца і ўдасканальвае спецыяльнасці. Якія з іх найбольш папулярныя і ці чакаць нам новых?

— У найбліжэйшай перспектыве мы можам гаварыць хутчэй аб новых прафілізацыях спецыяльнасцей, якія адлюстроўваюць існуючыя навуковыя напрамкі ва ўніверсітэце, рэгіянальныя асаблівасці, патрэбы грама­дзян і арганізацый — заказчыкаў кадраў, іншыя фактары. Універсітэт мае ўсе магчымасці, каб ствараць такія арыгінальныя праграмы і пазіцыянаваць іх на рынку адукацыйных паслуг.

БДЭУ — флагман не толькі эканамічнай адукацыі. Апошнім часам мы рыхтуем і палітолагаў у галіне палітычнага менеджменту, і сацыёлагаў, і псіхолагаў у галіне прадпрымальніцкай дзейнасці. Усё, што робім, тычыцца не толькі эканомікі, але і сумежных галін. Калі гаварыць пра топавыя спецыяльнасці, то ўжо не першы год у іх лік уваходзяць “Сусветная эканоміка”, “Маркетынг” і “Лагістыка”. Нагадаю, тры кіты любой эканамічнай сістэмы — гэта такія спецыяльнасці, як “Бухгалтарскі ўлік”, “Эканоміка і кіраванне” і “Фінансы і крэдыт”. Гэтыя спецыяльнасці будуць заўсёды існаваць і карыстацца папулярнасцю.

— Якой вам бачыцца будучыня ўніверсітэта?

— У ліку прыярытэтных можна вылучыць тры асноўныя напрамкі развіцця. Гэта павышэнне якасці адукацыйнага працэсу і практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў праз эфектыўнае ўзаемадзеянне з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і рэалізацыю новых падыходаў у адукацыі. Мы збіраемся яшчэ больш шчыльна працаваць з айчыннымі прадпрыемствамі, забяспечваючы гнут­касць вучэбных праграм, іх адаптацыю ў большай ступені пад запыты заказчыкаў кадраў, а таксама ўкараненне эфектыўных адукацыйных тэхналогій.

Сёння эканоміцы неабходны спецыялісты, якія валодаюць ужо не толькі вузкапрофільнымі ведамі. Спецыяліст будучыні — гэта работнік, які гатовы працаваць на стыку спецыяльнасцей, валодаючы міждысцыплінарнымі кампетэнцыямі, фарміраванне якіх патрабуе сінтэзу розных ведаў. Такая падрыхтоўка забяспечыць яго здольнасцямі да пастаяннага навучання і прафесійнага самаўдасканалення. Гэта трэнд не толькі будучыні, але і сучаснасці. У рамках гэтай тэндэнцыі мы тонка адчуваем ваганні рынку і накіроўваем намаганні на тое, каб рэалізоўваць адукацыйныя праграмы міждысцыплінарнага характару, каб выпускнікі былі здольны праца­ваць у розных галінах прамысловасці і бізнесу. Дзякуючы падобнаму падыходу, на выхадзе з універсітэта мы маем спецыяліста, які, валодаючы практыка-арыентаванымі навыкамі па прафесіі, мае больш шансаў у пошуку работы на сучасным рынку працы.

Такі комплекс намаганняў накіраваны на захаванне ўніверсітэтам адпаведнай нішы на рынку адукацыйных паслуг і на павышэнне ўласнага патэнцыялу праз пад­рыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў па міждысцыплінарных спецыяльнасцях, што адпавядае патрабаванням сацыяльна-эканамічнага і прамысловага развіцця краіны.

На сённяшні дзень у прыярытэце рэалізацыя міжнародных навуковых і адукацыйных праектаў, пашырэнне магчымасцей універсітэта для замежных грамадзян.

Каб забяспечыць геаграфічную дыверсіфікацыю экспарту адукацыйных паслуг, мы вядзём пастаянную работу па выхадзе на абсалютна новыя для ўніверсітэта рынкі (краіны Афрыкі, Індыя, Пакістан), па актывізацыі работы на асноўных сегментах рынку за кошт прапанавання новых відаў адукацыйных паслуг (КНР, Расія, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, Турцыя), у тым ліку эксперыментальных вучэбных праграм агульнай і паглыбленай вышэйшай адукацыі на англійскай мове. Да таго ж шмат намаганняў прыкладаем для стварэння сумесных адукацыйных праграм і пашырэння супрацоўніцтва з УВА, навукова-даследчымі і адукацыйнымі арганізацыямі краін блізкага і далёкага замежжа (Азербайджан, Арменія, Казахстан, КНР, Расія, Сербія, Таджыкістан, Узбекістан).

Паспяховую дзейнасць прагрэсіўнага ўніверсітэта ўжо немагчыма ўявіць без адаптацыі адукацыйнага працэсу пад патрабаванні лічбавай трансфармацыі дзяржавы і грамадства.

Укараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у вучэбны працэс сучаснай УВА прадыктавана тэндэнцыямі эканамічнага развіцця краіны. Гэта данасць, якая патрабуе ад універсітэта інтэнсіфікацыі намаганняў па адаптацыі адукацыйных праграм і ў корані мяняе развіццёвае асяроддзе ўніверсітэта ў цэлым. Такая складаная задача патрабуе карпатлівай і сістэмнай работы ўсяго ўніверсітэцкага калектыву, які павінен мець больш высокі ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці і камп’ютарнай дасведчанасці, у тым ліку веды ў сферы не толькі інфармацыйных тэхналогій, але і штучнага інтэлекту. З аднаго боку, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі з’яўляюцца адным са сродкаў навучання, а з другога — гэта моцны памочнік, які забяспечвае сістэму эфектыўнай камунікацыяй паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу: адміністрацыяй, студэнтамі і выкладчыкамі.

— Адна са стратэгічных мэт развіцця БДЭУ — гэта яго трансфармацыя ў Нацыянальны эканамічны ўніверсітэт Беларусі. Што зменіцца з набыццём такога статусу?

— Я перакананы, што такой УВА не хапае нашай сістэме адукацыі. Менавіта Нацыянальны эканамічны ўніверсітэт зможа вызначаць, так бы мовіць, правілы гульні ў падрыхтоўцы спецыялістаў для айчыннай і сусветнай эканомікі, рэалізоў­ваць адукацыйныя праграмы на стыку эканомікі і права. Такая канцэпцыя развіцця БДЭУ дазволіць пашы­рыць і яго геаграфічнае прадстаўніцтва праз стварэнне філіялаў у рэгіёнах краіны. Наш універсітэт мае дастатковы патэнцыял, багаты вопыт і навуковыя школы, каб рэалізаваць гэтыя грандыёзныя планы. У нас прадстаўлены самы шырокі дыяпазон эканамічных спецыяльнасцей у краіне, а высокі ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці прафесарска-выкладчыцкага складу забяспечвае якасную адукацыю. Усё гэта спрыяе падрыхтоўцы высакакласных і канкурэнтаздольных спецыялістаў.

— Аляксей Уладзіміравіч, дзякуй за змястоўную размову! Далейшага росквіту эканамічнаму ўніверсітэту!

  Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва БДЭУ