Рэцэпт маладосці

- 12:20Людзі адукацыі

Раіса Піталенка і Яўген Клемят працавалі ў віцебскай сярэдняй школе № 25. На пенсію пайшлі ў адзін дзень — 29 мая 2009 года. З таго часу цалкам аддаліся захапленню, дзякуючы якому ў сямнаццаць гадоў пазнаёміліся і якое зараз стала справай іх жыцця. Гэта тэатр, а дакладней, тэатр “Светач” з ліку ветэранаў і для ветэранаў Першамайскага раёна Віцебска.

Дзіцячая мара

Яна ўжо ў 4 класе ведала, што будзе настаўніцай. Можа, паспрыяла матуля, якая марыла стаць філолагам, але для гэтага трэба было паехаць з Віцебска, чаго яна, карміцелька сям’і, не магла сабе дазволіць. А можа, адбіўся ўплыў першай настаўніцы, якую дзяўчынка вельмі любіла. У няпоўных васямнаццаць Раісе завялі ў школе працоўную кніжку, а праз 42 гады, ідучы на пенсію, яна яе забрала. У яе было толькі два месцы працы: у віцебскай сярэдняй школе № 14 піянерважатай і ў сярэдняй школе № 25, якую будавалі калектывам з першай цаглінкі, настаўніцай малодшых класаў. Галоўным дэвізам Раісы Піталенка было “Не нашкодзь!”. Яна цудоўна разумела, як многа залежыць ад першага настаўніка, таму ў кожным дзіцяці шукала і бачыла добрае, хваліла — і ў класе, і на бацькоўскім сходзе, а заўвагі выказвала як бы між іншым, так, каб не было крыўдна. Дзеці яе любілі.

Раіса Міхайлаўна была настаўнікам вышэйшай катэгорыі, выхавальнікам вышэйшай катэгорыі, кіраўніком метадычнага аб’яднання, членам атэстацыйнай камісіі, цяпер, смяецца, старшыня ветэранскай арганізацыі школы. Педагогіка сапраўды была яе прызваннем. І сын пайшоў па яе слядах (дырэктар сярэдняй школы № 44 у Віцебску), а гэта таксама гаворыць аб многім. Звычайна даводзіла дзяцей да 4 класа і выпускала, але аднойчы была ў сваіх навучэнцаў, пяцікласнікаў і шасцікласнікаў, класным кіраўніком і выкладала беларускую мову. Паралельна, праўда, працавала і з першакласнікамі, але старэйшых не магла пакінуць — у іх быў узорны фальклорны калектыў. Яе дзіця.

Папялушка і юны мсціўца

Рая была ў 3 класе, калі ў спектаклі “Папялушка” ёй далі галоўную ролю. П’еса была ў вершах, а яна ведала іх на памяць. Спектакль прайшоў на біс. А ў 5 класе Рая стала пераможцай раённага конкурсу чытальнікаў. Яўген вучыўся ў 18-й віцебскай школе, і тагачасны дырэктар задумаў цыкл тэматычных вечароў па гісторыі Савецкага Саюза. Раздзяліў яе на эпізоды, і іх класу дасталася Вялікая Айчынная вайна. З аднакласнікаў многія займаліся ў тэатральных калектывах, даволі знакамітых, толькі адзін Жэня быў без “адукацыі”. Тым не менш, калі настаўнік сказаў: “Хто будзе іграць у спектаклі, узніміце рукі”, ён таксама падняў. Узялі ўсіх, ставілі “Юных мсціўцаў”, і самы гучны поспех выпаў на яго, Жэніну, долю.

Раісу ў тэатральны калектыў Палаца культуры запрасіў сусед — юрыст па прафесіі, ён працаваў там рэжысёрам. А Жэню пасля паспяховай ролі ў школьным спектаклі перацягнуў да сябе рэжысёр дзіцячага калектыву. Калі хлопцу споўнілася сямнаццаць, перадаў у дарослую групу. Адтуль якраз пайшоў артыст, і Жэню зацвердзілі на роль. Тут і адбылася першая сустрэча Раісы і Яўгена. Аднак не тое што пра каханне — нават пра сімпатыю не было гаворкі. Прайшло некалькі гадоў. Лёс развёў маладых людзей, і кожны ішоў сваім шляхам. Раіса выйшла замуж, нарадзіла сына, але сямейнае жыццё не склалася. Яўген вучыўся на машыніста. Аднойчы, калі прыехаў на пабыўку, сустрэў сваю партнёршу па спектаклях. Пасля ўспамінаў абодва загарэліся ідэяй узнавіць рэпетыцыі.

— Праз пару тыдняў я заканчваю вучобу, тады сустрэнемся, — паабяцаў Яўген.

Яны сустрэліся ў Палацы культуры — і пачалося: хадзілі па дамах, збіраючы ўдзельнікаў, рэпеціравалі на кватэрах, у тым ліку і ў Раісы. Функцыі рэжысёра давялося ўзяць на сябе Яўгену. “Жаніцьба” паводле Гогаля амаль была гатова, калі ўмяшаўся прафесійны рэжысёр і запатрабаваў перарабіць спектакль. Патрэбны былі вершы, і Яўген напісаў іх больш за 12, іншая музыка (кампазітарам стаў сам рэжысёр). Гэта настолькі аб’яднала, што часам усім здавалася, нібыта яны — адна сям’я. Аднойчы, як гэта нярэдка бывала, сядзелі ў кватэры Раісы. Яўгену далі ў рукі гітару, а калі прыйшоў час разыходзіцца, рэжысёр папрасіў: “У нас сем’і, пара па дамах, а ты дапамажы Раі прыбраць посуд…”

Дапамог. І застаўся назаўсёды. Яны разам ужо 35 гадоў.

Пачаць спачатку

Да арміі Яўген Клемят працаваў на заводзе імя Кірава. Вярнуўся сюды і пасля службы, але потым выбраў чыгунку. Спачатку быў памочнікам машыніста і 25 гадоў — машыністам цеплавоза. У 1996 годзе прыйшлося пакінуць работу па стане здароўя. Гэта быў самы цяжкі перыяд у яго жыцці: і стрэс, і дэпрэсія. Не ведаў, куды сябе дзець, чым заняцца. Тады на дапамогу прыйшла жонка. Раіса Міхайлаўна папрасіла: “Я рыхтуюся да адкрытага ўрока і хачу паставіць сцэнку. Дапамажы папрацаваць з дзецьмі”.

Свабоднага месца не знайшлося, і ім давялося рэпеціраваць у школьным калідоры. Займаючыся з вучнямі, Яўген Рамуальдавіч краем вока ўбачыў, што нейкая жанчына спынілася і назірае за ім. Яшчэ падумаў: “Глядзіце, калі цікава!” Калі сабраўся ісці дадому, жонка затрымала: “Цябе хоча бачыць завуч малодшых класаў”.

Са здзіўленнем пазнаў у намесніку дырэктара тую самую жанчыну, што назірала за ім у калідоры. Яна адразу сказала, што ёй спадабалася, як ён працуе з дзецьмі, і прапанавала: “Ці не маглі б вы весці ў нас тэатральны гурток?”

Лепшай прапановы і быць не магло, але Яўген Клемят адказаў у сваёй манеры, стрымана: “Канечне. З задавальненнем”.

Дзядзечка на экзамене

Праз нейкі час Раіса Міхайлаўна сказала мужу: “Ведаеш, у школе без вышэйшай адукацыі рабіць няма чаго”.
Яўген Рамуальдавіч звёў усё на жарт: “Які інстытут, калі 46 гадоў за плячыма?!” Але не на тую натрапіў. Жонка прымусіла пайсці па медыцынскую даведку ў апошні дзень прыёму дакументаў. Калі прыйшла за яго хварэць, адна з абітурыентак ветліва падказала: “Ваш дзядзечка ўжо адказвае”.

Студэнтам ён быў патрабавальным да сябе. Па ўзросце большасці аднакурснікаў мог быць бацькам, таму сорамна было не паспяваць. Скончыў інстытут у 51 год. Працаваў, як і жонка, у 25-й школе настаўнікам гісторыі і вёў гурток. Гэта былі “Тэатральныя гульні”, ці афіцыйна “Асновы тэатральнай дзейнасці”. Вёў экатэатр, сам быў сцэнарыстам і драматургам, пачаў пісаць вершы.

Школе Яўген Клемят аддаў больш за дзесяць гадоў жыцця. Калі пытаюся, якая справа яму бліжэй, адказвае: “І тое і другое. Я працаваў дзеля дзяцей”.

І прыгадвае адну сустрэчу ў горадзе. Яшчэ здалёк прыкмеціў высокага хлопца, а калі падышоў бліжэй, пазнаў — той займаўся ў школьным тэатральным гуртку, хаця лічыўся адпетым хуліганам. Дык вось, у той раз, заўважыўшы Яўгена Рамуальдавіча, хлопец кінуўся насустрач і адразу аб’явіў: “Буду вучыцца ў тэатральным інстытуце. Я паступіў!”

Агульны інтарэс

Іх аматарскі калектыў пры Палацы культуры неўзабаве атрымаў званне народнага.

— У Жэні з дзяцінства званне артыста народнага тэатра, — удакладняе Раіса Міхайлаўна. — Ён у 70-я гады быў лаўрэатам 1-га Усесаюзнага фестывалю самадзейнай творчасці, у 1987 годзе — 2-га. Узнагароджаны нагрудным знакам “За дасягненні ў самадзейным мастацтве”.

Пра сябе сказала між іншым, што гурток беларускага фальклору, які вяла ў 1 класе, пазней вырас ва ўзорны школьны фальклорны калектыў. “Не без удзелу Жэні”, — аддала даніну справядлівасці. Восем гадоў назад яны пайшлі на пенсію. Але без справы не засталіся, бо з 2003 года ў іх быў тэатр “Светач”. Гэта каля 20 чалавек. Яўген Клемят — рэжысёр, Раіса Піталенка — мастацкі кіраўнік. І абодва бліскуча выступаюць на сцэне. Артысты па ўзросце розныя — аднаму было нават 83 гады! Рэпетыцыі для большасці — гэта перш за ўсё зносіны. Прэм’еру заўсёды паказваюць у роднай 25-й школе. Яны адгукаюцца на ўсе шматлікія запрашэнні, могуць выступаць нават часцей! І ўсё бясплатна. Неяк летам увогуле пазбавілі сябе канікул — у абласной бібліятэцы пераварушылі гару старых часопісаў у пошуках падыходзячых тэкстаў. Творчы працэс нагадвае хатні педсавет. Калі атмасфера накаляецца, ён бярэ ў рукі гітару, а для Раісы Міхайлаўны гэта як бальзам на душу — вельмі любіць мужаў “Віцебскі вальс”, напісаны да 1000-годдзя роднага горада.

На сцэне жыцця

Яўген Рамуальдавіч смяецца, што працуе па сістэме смажанага петуха: пакуль не клюне, за вершы да спектакля не садзіцца. Раіса Міхайлаўна не адступае. Калі ж прыходзіць натхненне, можа спыніцца сярод вуліцы і запісваць. Неяк гэта здарылася ў магазіне, і прадаўцы спалохаліся, што так доўга піша імпазантны мужчына. Шмат песень даводзіцца складаць да дзіцячых спектакляў — кожнаму герою. Цэлыя паэмы прысвячае ўдзельнікам вайны, хаця, шчыра кажучы, не паэмы, хутчэй, п’есы ў вершах.

— З ім не сумна, — усміхаецца Раіса Міхайлаўна.

Здагадваюся, што гэта, як і цікавасць да тэатра, рэцэпт іх шчаслівага сямейнага жыцця. А праз мінуту ў гэтым пераконваюся. Яўген Рамуальдавіч працягвае зборнік, дзе некалькі яго вершаў, і чытае пасвячэнне жонцы:

“С любимым человеком жизнь прожить —

И счастья в мире большего не надо!..”

Ніна ПІСАРЭНКА.
Фота з асабістага архіва Раісы ПІТАЛЕНКА і Яўгена КЛЕМЯТА.