Рэжым надзвычайнага становішча прадоўжаны

- 11:23Інфармацыйная гадзіна

Парламент Францыі адобрыў законапраект аб прадаўжэнні ў краіне рэжыму надзвычайнага становішча на 3 месяцы ў сувязі з тэрактамі ў Парыжы, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы.

Рэжым надзвычайнага становішча быў уведзены прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам на ўсёй еўрапейскай тэрыторыі краіны, уключаючы Корсіку. Гэтае рашэнне было прынята пасля тэрактаў у Парыжы, учыненых у ноч на 14 лістапада. Надзвычайнае становішча было ўведзена тэрмінам на 12 дзён. Для падтрымання законнасці ва ўмовах крызіснай сітуацыі прэфекты на месцах атрымліваюць паўнамоцтвы ўводзіць рэжым каменданцкай гадзіны, абмяжоўваць дарожны рух, забараняць правядзенне грамадскіх сходаў, абмяжоўваць свабоду перамяшчэння асобам, якія могуць уяўляць небяспеку для грамадскага парадку, уводзіць кантроль за дзейнасцю прэсы.
Таксама французскі лідар прапанаваў пазбаўляць грамадзянства асуджаных за тэрарызм, забараняць уезд у краіну асобам з двайным грамадзянствам, западозраных у прыналежнасці да тэрарыстычнай дзейнасці, а таксама павялічыць бюджэт сілавых ведамстваў.
Надзвычайнае становішча на ўсёй тэрыторыі Францыі ўводзілася тры разы ў час вайны ў Алжыры (у 1955, 1958 і 1961 годзе). З тых часоў адзіным выпадкам прымянення гэтага закона быў 2005 год, калі ў прыгарадах Парыжа адбыліся масавыя вулічныя беспарадкі.