Робататэхніка ў сельскай школе

- 12:27Навіны рэгіёнаў

Сучасны свет гатовы даць дзіцяці шмат цікавага, а галоўнае, карыснага. Адной з такіх магчымасцей для развіцця з’яўляецца робататэхніка, навучанне розным сучасным тэхналогіям, што можа стаць вельмі займальным заняткам для дзіцяці. У нашай школе таксама створана аб’яднанне па інтарэсах “Робататэхніка”.

Яго наведваюць 15 вучняў ва ў­зросце ад 10 да 12 гадоў. Заняткі праходзяць адзін раз у тыдзень па дзве гадзіны. У якасці асноўнага абсталявання пры навучанні робататэхніцы прапануюцца канструктары LEGO. Вучні працуюць з наборам Lego Mindstorms Education EV3. Навучанне адбываецца ў працэсе гульні. Дзеці самі збіраюць мадэлі робатаў, якасці якіх прымяняюцца ў штодзённым жыцці.

Lego Mindstorms Education EV3 забяспечвае прастату пры зборцы пачатковых мадэлей, што дазваляе вучням атрымліваць вынік у межах аднаго або пары ўрокаў. І пры гэтым магчымасці ў змене мадэлей і праграм вельмі шырокія. Такі падыход дапамагае навучэнцам ускладняць мадэль і праграму, праяўляць самастойнасць у вывучэнні тэмы. Праграмнае забеспячэнне Lego Mindstorms Education EV3 мае шырокія магчымасці, у прыватнасці дазваляе весці рабочы сшытак і прадстаўляць свае праекты непас­рэдна ў асяроддзі праграмнага забеспячэння Lego EV3.

Бацькі з цікавасцю назіраюць за захапленнем сваіх дзяцей робататэхнікай. Сочаць за іх поспехамі ў асваенні новых тэхналогій, радуюцца, што дзеці з цікавасцю і карысцю праводзяць вольны час.

Аб’яднанне па інтарэсах “Робататэхніка” для дзяцей нашай школы адкрывае шырокія магчымасці і ў будучыні можа даць старт у прафесію. Захапляючыя заняткі па робататэхніцы развіваюць мысленне, папаўняюць слоўнікавы запас, фарміруюць камунікатыўныя ўменні, навыкі вядзення дыскусіі, вучаць працаваць у камандзе. Дзеці ў будучыні будуць камфортна адчуваць сябе ў новым свеце і лёгка разбірацца з новымі тэхналогіямі, а гэта вялікая перспектыва для кожнага.

Аляксандр БАНДЫСІК,
настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Робататэхніка”.