Садружнасць хоча большага ўзаемадзеяння з Украінай і Грузіяй

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімір Макей па выніках пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін — удзельніц Садружнасці.

Паводле слоў дыпламата, асаблівая ўвага ў час пасяджэння была ўдзелена больш актыўнаму ўдзелу краін у дзейнасці Садружнасці. “Мы хацелі б, каб Украіна, ды і іншыя краіны — тая ж Грузія, якая ў свой час выйшла з СНД, — больш актыўна ўзаемадзейнічалі з Садружнасцю. Як бы там ні было, СНД застаецца даволі ўплывовай арганізацыяй на постсавецкай прасторы”, — сказаў Уладзімір Макей.

Ён адзначыў, што ў цэлым сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў прайшла ў канструктыўнай, насычанай, ажыўленай і таварыскай атмасферы. Міністры абмяняліся меркаваннямі па міжнародным парадку дня, праінфармавалі адзін аднаго аб сітуацыі ў сваіх краінах.

“Асаблівую ўвагу калегі ўдзялілі пытанням забеспячэння міру і бяспекі ў нашых рэгіёнах і ў свеце ў цэлым, урэгулявання сітуацыі ў гарачых кропках. Мы выклалі нашу пазіцыю па Украіне, міністр замежных спраў Расіі расказаў аб захадах, якія робяцца для ўрэгулявання сітуацыі ў Сірыі”, — дадаў Уладзімір Макей.