Сакрэт у высокім прафесіяналізме і чалавечнасці

- 11:06Людзі адукацыі

У любой установе прафтэхадукацыі вам пацвердзяць: які майстар, такія і вучні. Нездарма ў старажытнасці ўсе імкнуліся аддаць сваіх дзяцей вучнямі да найлепшых майстроў, бо быць побач з прафесіяналам сваёй справы, назіраць за яго працай, дапамагаць яму ўласнымі рукамі — гэта адзіны спосаб спасцігнуць таямніцы рамяства. І шчасце, калі такі майстар знаходзіцца.
Таццяна Браніславаўна Падзялінская, майстар вытворчага навучання Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля, менавіта такая: сапраўдны прафесіянал, які вучыць не столькі словам, колькі прыкладам. Яна цалкам спраўджвае сваё прозвішча і дзеліцца з вучнямі ўсім, што ўмее сама. І тыя вельмі цэняць гэтую адданасць майстра, стараюцца вучыцца як мага лепш. Нездарма групы Таццяны Падзялінскай заўсёды знаходзяцца ў лідарах ліцэйскага рэйтынга.

Яе работу нельга назваць простай. Узяўшы групу 15-гадовых падлеткаў на 1 курсе, яна працуе з ёй аж да выпуску. За тры гады навучэнцы набываюць тры кваліфікацыі: “маляр”, “тынкоўшчык”, “абліцоўшчык-плітачнік”. Гэта значыць, што Таццяна Браніславаўна павінна навучыць іх усім відам апрацоўчых работ, адказнаму стаўленню да прафесіі, працавітасці, акуратнасці.
“Я заўсёды гавару дзецям, што ўсё залежыць толькі ад іх саміх, — расказвае Таццяна Браніславаўна. — Прафесія, якую яны набываюць, безумоўна, будзе іх карміць, бо ва ўсе часы патрэбна будаваць і рамантаваць дамы. Але тое, наколькі добра яны будуць зарабляць, залежыць ад узроўню іх кваліфікацыі, надзейнасці і сумленнасці”.
Дзеці прыслухоўваюцца, бо вельмі паважаюць свайго майстра. Паважаюць за яе высокі прафесіяналізм: ім давядзецца шмат папрацаваць, каб выконваць работу гэтак жа прыгожа, роўна і акуратна, як яна. Паважаюць за цудоўныя чалавечыя якасці. Усмешка Таццяны Браніславаўны здольна спыніць любы разлад у групе. Маральная планка майстра настолькі высокая, што побач з ёй кожны мусіць станавіцца лепшым і спакайнейшым.
Адметна, што ў групах Таццяны Падзялінскай практычна не бывае страт кантынгенту. Здараюцца толькі адзінкавыя выпадкі, калі хтосьці сыходзіць. Яна як бярэ на 1 курсе 30 дзяцей, так і выпускае 30.
“У Таццяны Браніславаўны заўсёды вельмі добрыя групы, адны з найлепшых у ліцэі, — гаворыць намеснік дырэктара Любоў Іванаўна Траханава. — За 3 гады яна ўмее выхаваць прафесіяналаў (многія атрымліваюць на выхадзе максімальны 4 разрад). У нас праводзяцца спаборніцтвы паміж групамі, і па розных паказчыках гадаванцы Таццяны Падзялінскай займаюць лідзіруючыя пазіцыі”.
Майстар пераканана, што прафтэхустанова можа стаць для маладых людзей вельмі добрым жыццёвым стартам. Прыкладам служыць яе асабістая кар’ера.
Па першай адукацыі Таццяна Браніславаўна — цырульнік. Прафесія ёй падабалася, аднак не давала ніякай перспектывы атрымаць уласнае жыллё. Для іншагародняй дзяўчыны гэта было важна. На дварэ стаялі 90-я гады, і яна вырашыла пайсці працаваць на будоўлю, дзе напачатку прапаноўваўся інтэрнат і ў будучыні можна было пабудаваць кватэру. Пазней Таццяна Падзялінская паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і перайшла працаваць майстрам у ліцэй № 10 будаўніцтва.
Разрад маляра і педагагічная адукацыя дазваляюць Таццяне Браніславаўне быць паспяховым майстрам вытворчага навучання. Сёння яе вучні працуюць на самых розных будоўлях краіны. Ёсць і тыя, хто ўжо скончыў універсітэт і зараз працуе на кіруючых пасадах, адзін выпускнік — нават галоўным інжынерам на прадпрыемстве.
“Калі мае цяперашнія вучні трапляюць на практыку да маіх былых выпускнікоў, то я абсалютна спакойная. Ведаю почырк кожнага і тое, што яны зробяць усё так, як трэба, з вялікай адказнасцю”, — гаворыць Таццяна Браніславаўна.
Кіраўніцтва ліцэя адзначае, што Таццяна Падзялінская выдатна валодае сучаснымі тэхналогіямі ў будаўніцтве. “Калі на базе нашага ліцэя адкрываўся вучэбны цэнтр “Цэрэзіт” і майстрам прапанавалі прайсці навучанне, каб далей яны змаглі вучыць дзяцей, Таццяна Браніславаўна ўжо ўсё ведала, умела і рабіла, — расказвае Любоў Іванаўна Траханава. — Яна надзвычай чуйная да ўсяго новага, імкнецца асвойваць перадавыя тэхналогіі і ўкараняць іх у вучэбны працэс”.
Інтэлігентная, працавітая, сціплая, Таццяна Падзялінская ўмее перадаць свае лепшыя якасці вучням. “Яна вельмі любіць сваю работу і любіць дзяцей, якіх вучыць прафесіі. Яна — сапраўдная, — расказвае пра калегу Любоў Іванаўна Траханава. — Пабольш бы такіх педагогаў у сістэме прафтэхадукацыі — і ў нас не было б праблем”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.