Сакрэты росту прафесійных кампетэнцый

- 11:07Адукацыйная прастора

Алена Валянцінаўна Сматрова на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Заслаўскай гімназіі Мінскага раёна сем гадоў. Ёй удаецца ўвесь час быць на крок наперадзе, весці за сабой калектыў і рабіць гэта ў пазітыўнай, камфортнай, натхняючай абстаноўцы. За гады прафесійнай дзейнасці склалася сістэма метадычнай работы, якая пацвердзіла сваю эфектыўнасць.

Кампетэнтны падыход

Так атрымалася, што лёс Алены Валянцінаўны непарыўна звязаны з Заслаўскай гімназіяй. Гэтую ўстанову (першапачаткова сярэднюю школу № 3) яна ў свой час скончыла з залатым медалём і менавіта тут адчула: хочацца быць настаўнікам і нікім іншым! Паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Максіма Танка і атрымала кваліфікацыю “практычны псіхолаг ва ўстановах адукацыі. Выкладчык французскай мовы”. А пасля вярнулася ў родную гімназію ўжо ў якасці маладога спецыяліста. Праз 14 гадоў ад дырэктара Аляксандра Аляксандравіча Даманава, які па заслугах ацаніў прафесійныя якасці і перспектыўнасць былой вучаніцы, атрымала нечаканую прапанову — стаць намеснікам па вучэбнай рабоце. З першага дня зразумела: гэта адказная місія, якая абавязвае да таго, каб увесь час быць на некалькі крокаў наперадзе. Гэта стала адным з непахісных правілаў А.В.Сматровай.

Перш-наперш Алена Валянцінаўна шукала для сябе адказ на пытанне, кім жа яна цяпер павінна стаць: настаўнікам для калег, дарадчыкам, памочнікам? Вырашыла, што неабходна быць добрым арганізатарам і лідарам, умець аб’яднаць працоўны калектыў, даць патрэбны кірунак практыкуючым спецыялістам.

— Каб сфармуляваць для сябе місію намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, трэба ўвесь час трымаць руку на пульсе і ве­даць адказы на важныя пытанні. Якія тэндэнцыі на дадзены момант прэваліруюць у свеце? Якія педагагічныя кірункі перспектыўныя, а якія, наадварот, адыходзяць? — разважае А.В.Сматрова. — Сёння дзве асноўныя тэндэнцыі развіцця — глабалізацыя і медыйнасць. Інфармацыйныя сеткі даюць нам магчымасць знайсці адказы на любыя пытанні, звязваюць асобных людзей і групы ў адзінае цэлае. У той жа час мноства звестак з неправераных крыніц патрабуе больш крытычных адносін і ў выніку часта вяртае да праверанай інфармацыі і дасведчаных лю­дзей. Гэтыя асаблівасці, безумоўна, уплываюць на інтэрпрэтацыю асноўных мэт намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.

Алене Валянцінаўне падабаецца, што ва ўмовах камунікатыўнай і інфармацыйнай даступнасці значна палягчаецца арганізатарская дзейнасць. Можна больш часу ўдзя­ліць якасці мерапрыемстваў, а не тэхнічным нестыкоўкам. Мяняюцца і складнікі яшчэ адной важнай мэты — інфармавання: тут акцэнт робіцца на аказанні дапамогі ў адборы якаснай інфармацыі. Ускладняецца аналітычны аспект, і ў той жа час адкрываюцца цікавыя, шырокія магчымасці для праектавання новых форм вучэбнага працэсу, стварэння практычных праграм кіравання інавацыямі.

— Метады трансляцыі перадавога педагагічнага вопыту сёння істотна змяніліся, а значыць, і ў гэтым кірунку карэкціруецца місія намесніка дырэктара, — працягвае Алена Валянцінаўна. — Неабходна пашырыць не толькі свае навыкі работы ў медыйнай пра­сторы, але і педагогаў. Медыйнасць дазваляе фармуляваць новыя прафесійныя задачы настаўнікаў, выбіраць тэхналогіі і шляхі кантролю, якія дапамагаюць ства­рыць станоўчую матывацыю да сваёй дзейнасці і пастаяннага павышэння прафесійнага майстэрства.

Камфортная атмасфера і матывацыя

Алена Валянцінаўна атрымала яшчэ адну спецыяльнасць — “Менеджар устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Прафесійная падрыхтоўка і псіхалагічная адукацыя дапамагаюць ёй паспяхова ажыццяўляць дзейнасць, накіраваную на псіхолага-педагагічнае і метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ў гімназіі.

— Спачатку, безумоўна, было складана ва ўсім разабрацца і пабудаваць сваю  сістэму работы, — прыгадвае Алена Валянцінаўна. —  Праблемнымі былі самыя розныя сітуацыі. Напрыклад, перыядычна ўзнікала неабходнасць удзельнічаць у конкурсах, семінарах ці іншых мерапрыемствах. Аднак настаўнікі адносіліся да такіх прапаноў холадна, у іх не было жадання, і гэта зразумела, бо размова кожны раз ішла пра немалую дадатковую нагрузку.

На мерапрыемстве ў адной са сталічных школ кіраўнік установы сказаў: “У нас супрацоўнікі крыўдзяцца, калі мы не запрашаем іх прымаць удзел у конкурсах”. На той момант у пачынаючага намесніка дырэктара гэтыя словы выклікалі вялікае здзіўленне і заставілі сур’ёзна задумацца. Алена Валянцінаўна паставіла перад сабой задачу — стварыць такую абстаноўку, каб педагогі гімназіі таксама мелі жаданне прымаць актыўны ўдзел у разнастайных мерапрыемствах. І сёння яе радуе, што сітуацыя са­праўды змянілася. Былыя праблемы зніклі: без угаворвання і пераконвання настаўнікі ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах і, як правіла, паказваюць выдатныя вынікі. Каб дасягнуць такіх перамен, А.В.Сматрова старалася змяніць адносіны да падобных мерапрыем­стваў. Тлумачыла педагогам, што гэта магчымасць зрабіць крок наперад, набыць каштоўны вопыт, адчуць сябе больш упэўнена.

Акрамя таго, хуткаму рэагаванню на прапановы і паспяховаму ўдзелу ў разнастайных мерапрыемствах дапамагае дакладнае разуменне таго, што лепш за ўсё атрымліваецца ў кожнага члена педагагічнага калектыву. Менавіта дзякуючы гэтаму, Алена Валянцінаўна заўсёды дакладна ведае, каму прапанаваць прыняць удзел у тым ці іншым мерапрыемстве, хто найбольш выйгрышна зможа прадэманстраваць свой вопыт і прадставіць гімназію. Яна не прыхільнік таго, каб асвойваць нешта спецыяльна і дзяліцца вопытам, якога на самай справе пакуль няма, рэпеціраваць урокі. Гэта заўсёды адчуваецца з першых жа хвілін, выглядае ненатуральна, з’яўляецца стрэсам для педагогаў і вучняў. А.В.Сматрова ў рамках тэматычнага кантролю часта наведвае ўрокі, пры неабходнасці заўсёды рада аказаць дапамогу любому настаўніку, падказаць кірунак, які можа яго зацікавіць і гарманічна ўпісацца ў дзей­насць. Аптымальныя ўмовы для самаразвіцця, глыбокае веданне таго, на што робіць стаўку і што асвойвае кожны педагог, дапамагаюць настаўнікам дзяліцца сваім вопытам з жаданнем і задавальненнем.

— Арганізоўваючы метадычную работу, неабходна дабіцца аднаго — паспяховасці калектыву, а для гэтага трэба знайсці падыход да кожнага, — адзначае А.В.Сматрова. — Мая задача як метадыста — абавязкова заўважыць, прызнаць моцныя бакі і ўклад педагога ў агульную справу. Гэта важная ўмова для таго, каб настаўнікі адчувалі задаволенасць працай і сваю значнасць.

Безумоўна, у жыцці бываюць розныя моманты, і не толькі прыемныя. Аднак Алена Валянцінаўна сфармулявала для сябе жалезнае правіла: неабходна абавязкова адзна­чаць людзей за іх поспехі. Прычым яна імкнецца зрабіць гэта некалькі разоў: і вусна, і пісьмова, і ў асабістай размове, і на метадычным аб’яднанні ці педагагічным савеце. А вось калі ёсць нейкія заўвагі ці недахопы, гэта становіцца нагодай не для публічнага абмеркавання, а для прыватнай, спакойнай гутаркі. Такі падыход дапамагае вырашаць праблемы без лішняга негатыву, весці не маналог, а дыялог і шукаць канструктыўнае рашэнне для таго, каб выправіць недахопы, якія ўзніклі.

Арыенцір на сучаснасць, актыўнасць і паспяховасць

Намеснік дырэктара заўважыла, што творчая работа станоўча ўплывае на дынаміку павышэння прафесіяналізму і асабістых дасягненняў педагогаў. На сённяшні дзень у Заслаўскай гімназіі створаны і паспяхова працуюць раённыя рэсурсныя цэнтры па беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры. Настаўнікі эфектыўна і з жаданнем ствараюць медыйнае асяроддзе, выкарыстоўваючы электронныя журналы і дзённікі, рэсурсы WEB 2.0. Калектыў прадукцыйна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх вэб-квестах, інтэрнэт-, навукова-практычных канферэнцыях, вэбінарах, ІТ-педсаветах, у фарсайт-форумах і эдкэмпах.

— Сёння мы пераможцы абласной дыстанцыйнай алімпіяды педагагічных работнікаў па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Мастацтва” і “Інфарматыка”, рэспубліканскага дыстанцыйнага конкурсу педагагічных ідэй і майстэрства, рэспубліканскага вэб-квеста “Пяць крокаў да метадычнай кампетэнтнасці”. І гэта далёка не ўсе нашы дасягненні, — з гордасцю за родную ўстанову і калектыў адзначае А.В.Сматрова.

Як вядома, поспеху дабіваюцца толькі тыя, у каго ёсць каманда, зацікаўленая справай, здольная выконваць любыя задачы. У Заслаўскай гімназіі разумеюць старую, правераную часам ісціну: кадры вырашаюць усё! У кожнага другога педагога — вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. Ва ўсіх без выключэння вышэйшая адукацыя і своечасовае павышэнне кваліфікацыі. У некаторых супрацоўнікаў дзве вышэйшыя адукацыі ці акадэмічная ступень. Акрамя таго, настаўнікі ўключаны ў абласныя і рэспубліканскія творчыя групы.

Узровень прафесійнай кампетэнцыі настаўнікаў Алена Валянцінаўна імкнецца павышаць праз сістэмнае ўвядзенне ў метадычную работу інавацыйных форм, заснаваных на выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій, а таксама праз актывізацыю і распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту. Удзел у разнастайных кірунках дзейнасці і мерапрыемствах спрыяе ўдасканаленню майстэрства, прафесійнаму калегіяльнаму ўзаемадзеянню педагогаў. Самае ж выніковае ў працы па трансліраванні вопыту — гэта пастаянныя, мэтанакіраваныя зносіны намесніка дырэктара з кіраўнікамі метадычных аб’яднанняў, настаўнікамі, клопат аб іх тэарэтычным і метадычным росце.

Заслаўская гімназія пастаянна далучаецца да новых праектаў. Пад кіраўніцтвам Алены Валянцінаўны тут рэалізоўваўся рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі “перавернуты ўрок” як механізма павышэння якасці адукацыі вучняў”. Па выніках праведзенай работы ў гімназістаў адзначана павышэнне ўзроўню навучання, сярэдняга бала, унутранай матывацыі да вучэбнай дзейнасці, актыўнасці і адказнасці за свае дасягненні. Педагогі больш эфектыўна пачалі выкарыстоўваць час урока і больш актыўна карыстацца сэрвісамі WEB 2.0.

Цікава, што неўзабаве ў гімназіі вырашылі паспрабаваць перавярнуць не толькі ўрок, але і метадычную работу. Напрыклад, праводзілі педагагічную IT-майстэрню.

— Гэта форма навучання педагогаў, якая для кожнага ўдзельніка стварае ўмовы для атрымання новых ведаў і вопыту шляхам самастойнага ці калектыўнага адкрыцця, — гаворыць А.В.Сматрова. — Сутнасць работы — у дэвізе: “Навучыўся сам — навучы іншага”. Настаўнік, які свабодна валодае пэўнымі сэр­вісамі і праграмамі, вучыць калег ствараць уласныя вэб-прадукты і эфектыўна прымяняць іх у прафесійнай дзейнасці. Атрымліваецца хутка, практычна, педагогі не губляюць час, каб разабрацца самім у тэорыі, а адразу асвойваюць практычныя навыкі. Напрыклад, такім чынам мы рыхтавалі віртуальныя дошкі, віктарыны, тэсты. Галоўны вынік працы ў педагагічнай IT-майстэрні — не толькі практычныя ўменні, але і сам працэс спасціжэння новага і стварэння метадычнага прадукта.

Адным з цікавых новаўвядзенняў сталі метадычныя перапынкі. Каб не адкладваць абмеркаванне пытанняў да нарад ці педагагічных саветаў, намеснік дырэктара вырашыла ўвесці новую кароткую форму работы. Такія метадычныя перапынкі дазваляюць не толькі звярнуць увагу на пытанні, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння, але і свое­часова, без прамаруджвання раска­заць калегам пра нешта новае. Галоўная тэма заўсёды выбіраецца даволі вузкая і загадзя даводзіцца да калектыву.

— Сістэматычна расказваю настаўнікам пра інавацыі, цікавыя ідэі, — тлумачыць Алена Валянцінаўна. — Рабіць гэта на метадычных перапынках аказалася вельмі зручна. Дарэчы, мне выдатна дапамагала “Настаўніцкая газета”. Я проста брала з сабой апошнія нумары і падказвала, на што варта ў першую чаргу звярнуць увагу педагогам па тым ці іншым прадмеце. Падобныя перапынкі былі ўсімі ўспрыняты пазітыўна і дапамаглі сістэматызаваць метадычную работу.

Алена Валянцінаўна з’яўляецца ініцыятарам і кіраўніком праекта “Духоўна-маральнае выхаванне вучняў гімназіі на традыцыях праваслаўнай культуры”. Яе радуе, што дзеці з цікавасцю наведваюць такія заняткі, задаюць шмат сур’ёзных, глыбокіх пытанняў. Яна ўпэўнена, што дадзены п­раект дапамагае маладым людзям зрабіць правільны выбар у той ці іншай складанай сітуацыі, духоўна ўзбагачае іх і ўплывае на тое, каб у гімназіі панавалі дух адзінства, цяпло і камфорт.

Творчы характар дзейнасці, мэтанакіраванасць, асабістая ініцыятыва і камунікабельнасць — асноўныя сакрэты прафесійнай кампетэнтнасці Алены Валянцінаўны. Пастаяннае імкненне да самаразвіцця яна паказвае ўласным прыкладам, ахвотна далучаючыся да ўсіх мерапрыемстваў і праектаў. Прымала ўдзел у метадычнай эстафеце “Вопыт і маладосць: супрацоўніцтва ці альтэрнатыва?”, сеткавым метадычным праекце “Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў рабоце з педагагічнымі кадрамі”, сеткавай метадычнай майстэрні “Сучасныя падыходы да арганізацыі метадычнай работы”. Матэрыялы з іх актыўна выкарыстоўвае ў рабоце, і яе напрацоўкі атрымліваюць добрыя водгукі.

Безумоўна, місія намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце складаная і адказная. А.В.Сматрова не пашкадавала, што адважылася на перамены, ёй цікава працаваць і развівацца. Больш за ўсё ў рабоце падабаюцца магчымасць творчай самарэалізацыі, актыўная прафесійная пазіцыя, задавальненне ад паспяхова рэалізаваных праектаў і, безумоўна, удзячнасць калег, вучняў і баць­коў. Алена Уладзіміраўна адчувае сваю запатрабаванасць, і гэта адзін са складнікаў яе простага чалавечага шчасця.

Таццяна ШЫМКО.