Самае важнае — “надвор’е” ў школе

Гэтая жанчына, здаецца, выпраменьвае лагоду і дабрыню. Яна спакойная і разважлівая, без мітусні і з незвычайнай лёгкасцю сумяшчае шматлікія штодзённыя настаўніцкія справы з актыўнай прафсаюзнай работай. Ларыса Уладзіміраўна Дронава выкладае рускую мову і літаратуру ў Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі слыху, а таксама ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю школы і з’яўляецца членам прэзідыума Мінскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Работу с асаблівай катэгорыяй дзяцей настаўніца выбрала інтуітыўна — так ёй падказала сэрца, таму паступала менавіта на факультэт дэфекталогіі педінстытута. Сёння Ларыса Уладзіміраўна ўпэўнена, што сэрца дало правільную падказку, і вось ужо больш за 30 гадоў яна працуе з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія маюць парушэнні слыху. “Нашы вучні проста цудоўныя. Працаваць з імі заўсёды радасна і прыемна. Яны адкрытыя, шчырыя, ім усё цікава, і на любую прапанову яны адразу ж адгукаюцца”, — з пяшчотай расказвае настаўніца пра сваіх выхаванцаў.Усе гады сваёй прафесійнай дзейнасці настаўніца застаецца вернай адной і той жа ўстанове адукацыі. Школа, што знаходзіцца ў Ждановічах, стала для яе амаль родным домам. Можа таму яна з задавальненнем удзельнічае і ў прафсаюзных справах — каб у гэтым доме былі лад і згода. “Хочацца, каб людзям было камфортна працаваць, каб яны ішлі на работу з задавальненнем. Менавіта такую атмасферу імкнёмся ствараць у школе. А для гэтага неабходны і дастойныя ўмовы працы, і добразычлівыя адносіны паміж калегамі, і цікавы адпачынак, ды і многа яшчэ чаго. Усё гэта наша прафсаюзная арганізацыя стараецца ствараць. Дробязей у гэтай справе няма!” — мяркуе Ларыса Уладзіміраўна. Відавочна, што арганізацыі, якую яна ўзначальвае, гэта ўдаецца — такая добразычлівая атмасфера ў школе сапраўды пануе. Усе святочныя даты адзначаюць цікавымі мерапрыемствамі з арыгінальнымі задумамі і сцэнарыямі. Разам супрацоўнікі адпраўляюцца на экскурсіі і ў падарожжы: наведваюць музеі, гістарычныя месцы, храмы, прадпрыемствы. У школе праходзяць канцэрты знакамітых выканаўцаў і калектываў, клопатам агорнуты ветэраны. Усё гэта прафсаюзная арганізацыя арганізоўвае ў цесным узаемадзеянні з адміністрацыяй школы. Вось такое цікавае і разнастайнае жыццё. Відавочна, што калегі задаволены і такой сваёй актыўнасцю, і прафсаюзным лідарам. Невыпадкова ўжо тройчы на гэтую пасаду выбіралі Ларысу Уладзіміраўну Дронаву — чалавека, які лічыць, што самым важным з’яўляецца добрае “надвор’е” ў школе, і ўмее такое “надвор’е” ствараць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.