Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве прайшоў на базе Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 47 вучняў 11 класа і 38 вучняў 10 класа.
Як расказаў старшыня журы Аляксандр Леанідавіч Дзядзінкін, дырэктар Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МИТСО”, заданні тэарэтычнага і практычнага тура складаліся ў рамках школьнай праграмы і прадугледжвалі пісьмовыя адказы. Вучні змаглі праявіць свой інтэлектуальны патэнцыял, дадатковыя веды, творчасць, паказаць сябе ў нестандартных умовах, выказаць меркаванне па шэрагу праблем. Першы (тэарэтычны) тур уключаў 4 блокі пытанняў па тэмах, кожны з якіх складаўся з 3—5 пытанняў, якія таксама мелі дадатковыя пытанні. Аб’ём некаторых заданняў па адной тэме даходзіў да 30 старонак. Для разгляду школьнікам у 11 класе была прапанавана тэма “Інавацыйнае развіццё Рэспублікі Беларусь”. Аргументавана, са спасылкай на факты вучні гаварылі пра перспектывы нашай краіны. Наша дзяржава поліканфесійная, чаму быў прысвечаны наступны блок заданняў. Чацвёрты блок прысвячаўся эканоміцы, параўнальнай характарыстыцы рыначнай і планавай эканомікі, пытанням попыту і прапанавання, вучні называлі і характарызавалі дзейнасць вядучых эканамістаў і г.д. Падчас практычнага тура адзінаццацікласнікі рашалі тэставыя заданні розных тыпаў: на выбар аднаго з чатырох, суадносіны “паняцце” — “азначэнне”, сабраць з апорных слоў азначэнне і назваць тэрмін, які зашыфраваны ў ім, знайсці абагульняючае паняцце, прыбраць лішні тэрмін, вызначыць правільнасць меркавання, уставіць прапушчаныя словы ў тэксце.
У 10 класе падчас першага тура ўзнімаліся пытанні сацыялогіі (сацыяльных працэсаў), паводзін чалавека ў натоўпе, міжасобасных адносін (любоў, сяброўства, канфлікты), эканомікі (палітыкі танных і дарагіх грошай). Вучні прапаноўвалі свае меркаванні аб тым, што лепш падыходзіць для эканомікі Беларусі, прыводзілі прыклады іншых краін, расказвалі аб эканамічных механізмах, мадэлявалі сітуацыю, пераносілі веды ў практычную плоскасць, рабілі высновы.
“З кожным годам удзельнікі алімпіяды дадаюць у сваіх ведах, усё больш дэманструюць самастойнасць у мысленні, палёт думкі, агульную эрудыцыю. Яны добра паказваюць сябе ў нестандартных сітуацыях, пераносяць веды з агульнасусветных працэсаў на Беларусь, аперыруюць неабходнымі тэрмінамі і разумеюць ключавыя тэндэнцыі”, — адзначыў Аляксандр Дзядзінкін. У журы алімпіяды знаходзілася чацвёра прадстаўнікоў МИТСО, прадстаўнікі абласных універсітэтаў, два настаўнікі.
Максімальную колькасць балаў (268 з 300) на алімпіядзе па грамадазнаўстве набрала Хрысціна Прышчэпава, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі. Яе настаўніца Надзея Вячаславаўна Агеева расказала, што ў гэтым годзе на спаборніцтвах школу прадстаўлялі тры яе вучаніцы. Акрамя Хрысціны, гэта былі Алеся Стук (10 клас), а таксама Лізавета Іванова (11 клас), якая атрымала дыплом І ступені.
“Падрыхтоўкай школьнікаў да алімпіяды па грамадазнаўстве я займаюся на працягу 15 гадоў. Уся неабходная для гэтага літаратура ёсць у школе. Працуем таксама з першакрыніцамі, прававымі дакументамі, грамадзянскім і крымінальным кодэксамі, — расказала Надзея Вячаславаўна. — Самая галоўная ўмова поспеху дзяўчынак — гэта іх працавітасць, гатоўнасць шмат займацца, ахвяраваць часам, іншымі захапленнямі, а таксама моцны характар, добрая памяць і стымул да перамогі. Вывучаць грамадазнаўства дзяўчынкі пачалі на факультатыве ў 8 класе і прынялі ўдзел у раённай алімпіядзе за 9 клас. Хрысціна і Ліза сваю прафесійную дзейнасць плануюць звязаць з юрыспрудэнцыяй, міжнароднымі адносінамі”.
Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі: Хрысціна Прышчэпава, вучаніца сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі (настаўніца Н.В.Агеева); Дар’я Юхманава, вучаніца гімназіі № 2 Віцебска (настаўніца В.В.Чаплыгіна); Лізавета Іванова, вучаніца сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі (настаўніца Н.В.Агеева); Дар’я Корсак, вучаніца сярэдняй школы № 8 Ліды (настаўніца Т.М.Суркант); Юлія Кавалеўская, вучаніца сярэдняй школы № 12 Брэста імя К.Л.Губарэвіча (настаўніца А.М.Стрыж); Раман Караленка, вучань ліцэя Наваполацка (настаўніца Т.В.Цішук); Вольга Гаціла, вучаніца Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 (настаўніца Ю.І.Аўрамава); Ксенія Раманава, настаўніца ліцэя № 1 Гродна (настаўніца А.А.Фіронава); Дар’я Лыськова, вучаніца Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 (настаўніца Ю.І.Аўрамава).
Дыплом ІІ ступені і спецыяльны прыз Міністэрства адукацыі атрымала Настасся Корсак, вучаніца Воранаўскай сярэдняй школы (настаўніца Т.А.Пушнянкова).
Надзея ЦЕРАХАВА.