Саміт G20: лідары абмяркоўваюць праблемы сучаснасці

- 11:26Інфармацыйная гадзіна

У Гамбургу праходзіць саміт лідараў краін G20, перадаюць інфармагенцтвы.

Прыярытэтнымі тэмамі саміту сталі барацьба са змяненнем клімату, развіццё Афрыкі, пытанні дапамогі і пераадолення наступстваў голаду на планеце, узмацненне ролі жанчыны ў грамадстве. Першы дзень работы саміту быў прысвечаны процідзеянню тэрарызму, гандлю і эканамічным праблемам, клімату. У другі дзень абмяркоўваюцца паляпшэнне сітуацыі ў Афрыцы, праблемы міграцыі, ахова здароўя і развіццё лічбавых тэхналогій.

Акрамя афіцыйнай праграмы, лідары краін “Групы дваццаці” праводзяць дзясяткі двухбаковых і шматбаковых кантактаў, у рамках якіх і першая асабістая сустрэча прэзідэнтаў Расіі і ЗША Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа.

Саміт лідараў краін G20 праходзіць ва ўмовах павышаных мер бяспекі. Каля 20 тысяч супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у тым ліку спецназ, сочаць за правапарадкам на вуліцах горада. Падрыхтаваны машыны з вадамётамі, браневікі патрулююць вуліцы Гамбурга, таксама ўзмоцнены меры бяспекі ў метро. На месцы працуюць прадстаўнікі замежных спецслужбаў.

Каля 200 няўзброеных паліцэйскіх праводзяць растлумачальную работу з мясцовымі жыхарамі, турыстамі, уладальнікамі магазінаў, якія могуць фінансава пацярпець у сувязі з правядзеннем саміту. Улады горада стварылі тэлефонную гарачую лінію.

Гарадскія ўлады атрымалі больш за 20 заявак на правядзенне акцый праціўнікаў G20, самая шматлікая з якіх пройдзе сёння, 8 ліпеня.