Самы высокі конкурс у Ліцэй БДУ — у матэматычны і фізічны класы

- 11:50Якасць адукацыі

У Ліцэі БДУ падвялі вынікі ўступнай кампаніі. Сёлета агульны конкурс у гэтую ўстанову склаў 6,6 чалавека на месца.

Таццяна Сідаровіч.

Як паведамілі ў прэс-службе ўніверсітэта, усяго ў ліцэй было пададзена 1739 заяў. Сёлета жадаючых стаць ліцэістамі БДУ стала значна больш. Для параўнання: у мінулым го­дзе было 1520 заяў. Аднак агульны конкурс захаваўся такім жа, як і ў 2019 го­дзе, — 6,6 чалавека на месца. Гэта звязана з тым, што летась 40 месцаў з 264 атрымалі пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Сёлета ж алімпіяда для вучняў 9 класаў не праводзілася, таму хоць колькасць абітурыентаў і павялічылася, але прапарцыянальна большай стала і колькасць месцаў.

Найбольшай папулярнасцю падчас сёлетняй уступнай кампаніі карысталіся біялагічныя класы. Тут было 286 прэтэндэнтаў, і ў выніку конкурс склаў 6,5 чалавека на месца. У матэматычны клас зарэгістраваліся 217 абітурыентаў (конкурс — 9,9 чалавека на месца), у фізічны — 208 (конкурс — 9,5), гуманітарны — 198 (конкурс — 9), інфарматыка-матэматычны — 165 (конкурс — 7,5), хімічны — 119 (конкурс — 5,4), гісторыка-грамадазнаўчы — 90 (конкурс — 4,1) і філалагічны — 69 (конкурс — 3,1).

Асаблівасцю сёлетняй кампаніі стаў набор адразу па трох новых профілях навучання: эканамічным, інфарматыка-фізічным і лінгвістычным. Першы арыентаваны на вывучэнне інфарматыкі і англійскай мовы. На другім ліцэісты будуць узмоцнена асвойваць фізіку і інфарматыку, а на трэцім — гісторыю і англійскую мову. Новыя прапановы адразу ж выклікалі цікавасць у школьнікаў і іх бацькоў. У выніку конкурс склаўся 8,7; 4,9 і 3,9 чалавека на месца.

— Для нас конкурс — важны паказчык таго, што карыстаецца попытам у абітурыентаў і іх бацькоў, — адзначыў дырэктар Ліцэя БДУ Ігар Мікалаевіч Варакса. — Безумоўна, радуе, што ўсе нашы новыя профілі добра стартавалі. Напрыклад, інфарматыка-фізічны профіль з’яўляецца ўнікальным. Ён істотна адрозніваецца ад існуючага інфарматыка-матэматычнага. Навучэнцы будуць вучыцца не толькі праграмаваць, але і рабіць прататыпы, самастойна ператвараць свае ідэі ў жыццё. Для гэтага ёсць і спецыяльная лабараторыя, і 3D-прынтары. У мінулым навучальным годзе, хоць інфарматыка-фізічнага профілю яшчэ і не было, заўважылі цікавасць у дзяцей да такой тэматыкі.

Усяго сёлета ў Ліцэй БДУ ў 10 класы прыняты 264 вучні. Сфарміраваны 12 класаў. У кожным з іх будзе вучыцца па 22 чалавекі. Калі гаварыць пра геаграфію будучых ліцэістаў, то тут агульная тэндэнцыя захавалася: 73% — жыхары Мінска і 27% — прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі. Паколькі створаны аптымальныя ўмовы для маладых адораных людзей, у якіх самыя разнастайныя інтарэсы, і на 12 класаў прыпадае аж 11 разнастайных профіляў, адміністрацыя ўпэўнена: усе наваспечаныя ліцэісты змогуць рэалізаваць сябе, развіць свае таленты і атрымаць добры старт для далейшай паспяховай вучобы.

Таццяна Сідаровіч, якая стала ліцэісткай, спадзяецца, што бу­дзе вельмі цікава вучыцца ў кампаніі падлеткаў з аднолькавымі інтарэсамі. Дзяўчына выбрала філалагічны профіль. Яна на выдатна скончыла дзе­вяць класаў сярэдняй школы № 12 Мінска. Вырашыла паспрабаваць свае сілы — і паступіла, набраўшы 129 балаў пры 105 прахадных.

Дарэчы, адрозненнем уступнай кампаніі — 2020 стала тое, што сёлета ўсім абітурыентам давялося пасту­паць у ліцэй на агульных умовах, паколькі ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ўдзельнічалі толькі адзінаццацікласнікі. Але дасягненні школьнікаў пастараліся ўлічыць. Пры паўпрахадным бале прыярытэт аддаваўся лаўрэатам абласнога ці мінскага гарадскога этапу алімпіяды.

У гэтым годзе ўступная кампанія праходзіла ў нестандартных умовах. Давялося ўзмоцнена клапаціцца пра бяспеку і захаванне здароўя ўдзельнікаў. Было прадумана ўсё да дробязей, і такая тактыка апраўдала сябе — ніякіх праблем не ўзнікла. Для абітурыентаў, якія зарэгістраваліся ў асабістым кабінеце, але па ўважлівай прычыне не змаглі прыйсці на ўступныя іспыты, традыцыйна быў арганізаваны рэзервовы дзень. Варта адзначыць, што сёлета было значна больш чалавек, чым звычайна, якім такі дзень спатрэбіўся.

Дарэчы, прыём дакументаў у Ліцэй БДУ вядзецца ў анлайн-рэжыме чацвёрты год. Але пастаянна з’яўляюцца новаўвядзенні. Так, новым у сёлетняй уступнай кампаніі стала пашырэнне функцыяналу “Асабістага кабінета абітурыентаў”. Вынікі экзаменаў можна было даведацца ў ліцэі, а таксама праз гэты электронны рэсурс.

— Мы пастаянна ўдасканальваем сістэму работы з абітурыентамі, імкнёмся зрабіць працэс максімальна адкрытым і празрыстым. Сёлета ўпершыню правялі эксперымент — размясцілі адс­каніраваныя адказы дзяцей і ключы да заданняў у “Асабістым кабінеце абітурыента”, — тлумачыць Ігар Мікалаевіч Варакса. — Усе 1739 правераных работ былі адсканіраваны, каб кожны, не выязджаючы з дому, мог убачыць свае вынікі і нават пры неабходнасці адразу анлайн падаць апеляцыю. Калі некага не задавальняў такі электронны фармат, безумоўна, можна было прыехаць у ліцэй, і тут ужо праглядзець не толькі свае адказы, але і заданні. Аднак падобныя звароты былі адзінкавымі.

Таццяна ШЫМКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.