Самыя хуткія, спрытныя, дружныя

На базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў ХІІІ Рэспубліканскі конкурс “Усе разам” па развіцці рухальнай актыўнасці дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі фізічнымі і (ці) псіхічнымі парушэннямі. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі Міністэрства адукацыі Беларусі, упраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, ПалесДУ і Брэсцкі абласны цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. 

— Асноўная мэта конкурсу — павышэнне якасці жыцця асаблівых дзяцей, іх сацыяльная рэабілітацыя праз арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай работы, — расказала начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі А.М.Змушко. — Акрамя таго, конкурс накіраваны на стымуляцыю рухальнай актыўнасці дзяцей праз выкананне спецыяльна арганізаваных гульнявых практыкаванняў, развіццё фізічных здольнасцей, удасканаленне рухальных уменняў і навыкаў, якія садзейнічаюць самастойнасці ў побыце, далучэнне да здаровага ладу жыцця, паспяховую сацыялізацыю і інтэграцыю ўдзельнікаў конкурсу ў грамадства сродкамі адаптыўнай фізічнай культуры, фарміраванне талерантных адносін да асаблівых дзяцей і інш. Зразумела, што конкурс не ацэньвае спартыўныя дасягненні ўдзельнікаў, а адзначае поспехі кожнага дзіцяці ў выкананні пэўных заданняў з улікам абмежаваных фізічных магчымасцей.

— Падчас конкурсных выпрабаванняў асаблівыя дзеці атрымліваюць каштоўны сацыяльны вопыт, фарміруюць актыўную жыццёвую пазіцыю і навыкі сацыяльнай адаптацыі, — дадала галоўны спецыяліст сектара аховы дзяцінства ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама В.В.Плескацэвіч. — Уд зел у конкурсе дапамагае набыць упэўненасць у сабе, бо спорт — гэта цудоўны спосаб рэалізацыі чалавечых магчымасцей, згуртавання калектыву і умацавання духу ўзаемадапамогі.

У конкурсе ўдзельнічалі 7 каманд па 12 чалавек у кожнай з ліку выхаванцаў устаноў спецыяльнай адукацыі. Каманда Віцебшчыны “ВЖиК” складалася з навучэнцаў ЦКРНіР Аршанскага раёна і дапаможнай школы № 24 Оршы. Каманда Гомельшчыны “Гомельскія рысі” сабрала дзяцей з Добрушскага і Калінкавіцкага раённых ЦКРНіР. У склад каманды Гродзеншчыны “Дружныя дзеці” ўвайшлі навучэнцы ЦКРНіР і дапаможнай школы № 1 Гродна, а таксама Парэцкай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Каманда Магілёўшчыны “Магілёўскія львы” аб’яднала дзяцей з розных ЦКРНіР, спецыяльных агульнаадукацыйных і дапаможных школ і школ-інтэрнатаў вобласці. Каманда Міншчыны “Апельсін” складалася з навучэнцаў Салігорскага раённага ЦКРНіР. Каманду Мінска “Дружба” прадстаўлялі выхаванцы дапаможнай школы-інтэрната № 10. У склад каманды Брэстчыны “Журавінка” ўвайшлі дзеці з ЦКРНіР Пінска. Прадстаўнікі ўсіх каманд з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі розных профільных конкурсаў.

Канкурсанты выконвалі шэраг спецыяльных практыкаванняў з элементамі слалама, боўлінга, баскетбола, футбола і хакея. Акрамя таго, дзеці спаборнічалі ў кіданні і лоўлі мяча ў парах, камбінаванай хадзьбе па лаўках, чаўночным бегу, пасадцы “бульбы”, зборы “грыбоў” і “ўраджаю”, скачках з перашкодамі, выцягванні “рэпкі”, лоўлі “рыбы” і інш. Падчас выступленняў удзельнікам дапамагалі іх педагогі і студэнты-валанцёры ПалесДУ, якія рабілі ўсё магчымае, каб кожны канкурсант адчуваў сябе самым актыўным, моцным, хуткім, спрытным, вынослівым, здагадлівым, спартыўным і творчым.

Па выніках конкурсу яго ўдзельнікі былі адзначаны ў розных намінацыях. Самай спрытнай аказалася каманда Брэстчыны, самай умелай — Міншчыны, самай хуткай — каманда Мінска, самай актыўнай — Гомельшчыны, самай дружнай — Гродзеншчыны, самай вынослівай — Магілёўшчыны, самай моцнай — каманда Віцебшчыны. Акрамя дыпломаў, кожны ўдзельнік атрымаў памятны прыз і салодкі падарунак.

Трэба адзначыць, што тры дні, праведзеныя ў Пінску, запомняцца дзецям не толькі конкурснымі выпрабаваннямі, але і цікавай культурнай праграмай, накіраванай на ўстанаўленне сяброўскіх зносін. Арганізатары падрыхтавалі тэатральны паказ, дзве гульнявыя праграмы і аглядную экскурсію на цеплаходзе па рацэ Піне.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.