Сапраўдны сын сваёй малой радзімы

- 10:39Людзі адукацыі

За плячыма Сяргея Міхайлавіча Басаўца — 32 гады педагагічнага стажу. І ўсе яны звязаны з сярэдняй школай № 1 Давыд-Гарадка Столінскага раёна. Для настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі і курса “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” — гэта горад, дзе ён нарадзіўся, скончыў школу і рэалізаваўся як педагог.

Сяргей Міхайлавіч пачынаў педагагічную дзейнасць настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Як і кожнаму маладому спецыялісту, спачатку было цяжка. У савецкі час пачатковая ваенная падрыхтоўка вывучалася не толькі хлопцамі, але і дзяўчатамі. І ў класе было не 20—25 вучняў, а 30—35. Сумаваць на ўроках Сяргея Міхайлавіча нікому не даводзілася. Педагог даваў магчымасць выказваць уласныя думкі наконт пытанняў, звязаных з прадметам, паразважаць, прапанаваць выйсце са складанай сітуацыі. На настаўніку ляжала вялікая адказнасць за бяспеку вучняў, якія займаліся ў ціры.

Мне пашчасціла быць вучнем Сяргея Міхайлавіча. Нягледзячы на яго маладосць, кожны з нас праз некалькі ўрокаў ужо разумеў, што гэтага чалавека немагчыма не паважаць. Далёка не кожны настаўнік за кароткі час мог зацікавіць прадметам, нават слабапаспяховых і непаслухмяных вучняў, якія заўсёды ўважліва слухалі педагога. Для дзяўчат жа Сяргей Міхайлавіч з’яўляўся эталонам сапраўднага мужчыны.

У пачатку прафесійнай дзейнасці маладога педагога актыўна падтрымліваў яго бацька Міхаіл Нікіціч, настаўнік фізкультуры з гэтай жа школы. Ён ніколі не сумняваўся, што сын правільна выбраў прафесію. Гэты выбар падтрымлівала і жонка.

Сяргей Міхайлавіч апраўдаў надзеі не толькі родных і блізкіх, але вучняў і калег. На рахунку выхаванцаў педагога — больш за 70 узнагарод раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Першы раз вучні парадавалі настаўніка ў далёкім 1987 годзе, калі занялі 2-е месца ў раённай спартакіядзе дапрызыўнай і прызыўной моладзі. Праз 3 гады выхаванцы С.М.Басаўца аказаліся мацнейшымі ў раённай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”. Затым былі перамогі ў раённых і абласных спаборніцтвах па стральбе з дробнакалібернай вінтоўкі. І так амаль штогод.

Дзякуючы намаганням настаўніка, у 2000 годзе ў школе адкрыўся новы цір для стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі. Жадаючых наведваць заняткі па стральбе аказалася столькі, што даводзілася штогод адкрываць дадатковыя групы. Вынікі не прымусілі доўга чакаць: сярод пераможцаў і прызёраў розных спаборніцтваў шмат выхаванцаў Сяргея Міхайлавіча. Даволі паспяхова яго вучні выступаюць і на алімпіядзе па курсе “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”.

С.М.Басавец мэтанакіравана працуе над тым, каб юнакі пасля заканчэння школы былі фізічна і псіхалагічна падрыхтаваны да службы ва Узброеных Сілах Беларусі. Многія выпускнікі ўдзячны Сяргею Міхайлавічу за высокі ўзровень фізічнай і тэарэтычнай падрыхтоўкі, які дазволіў ім з лёгкасцю прайсці ваенную службу. Штогод некалькі юнакоў пасля тэрміновай службы застаюцца ва Узброеных Сілах. Многія выпускнікі працягваюць адукацыю ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў і Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. С.М.Басавец як настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі вельмі ганарыцца гэтым.

Сяргей Міхайлавіч асабістым прыкладам натхняе калег на творчую і самаадданую працу. Педагагічная дзейнасць настаўніка высока ацэнена не толькі кіраўніцтвам школы і раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Шматгадовая праца таленавітага педагога адзначана ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Віктар МАТУСЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 1 Давыд-Гарадка Столінскага раёна.