Сапраўдныя мужчыны

- 14:31Сацыяльны ракурс

або Як выхаваць хлопчыка ў няпоўнай сям’і

У сучасных умовах сям’я з’яўляецца галоўным сацыяльным фактарам, які ўплывае на станаўленне асобы дзіцяці. Але адэкватная сацыялізацыя дзяцей у сям’і з адным з бацькоў немагчымая. “Для шчаслівага дзяцінства дзіця мае патрэбу ў доме, дзе ёсць і бацька, і маці”, — піша вядомы сацыёлаг І.С.Кон. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Сям’я выступае як першы выхаваўчы інстытут, сувязь з якім чалавек адчувае на працягу ўсяго жыцця. Менавіта ў сям’і закладваюцца асновы маральнасці, фарміруюцца нормы паводзін, раскрываюцца ўнутраны свет і індывідуальныя якасці асобы. Сям’я спрыяе самасцвярджэнню чалавека, стымулюе яго сацыяльную і творчую актыўнасць. Іншымі словамі, у сям’і ажыццяўляецца першасная сацыялізацыя дзіцяці.

Працуючы на пасадзе сацыяльнага педагога, я звярнула ўвагу на тое, што кожны год павялічваецца колькасць сем’яў, у якіх дзяцей выхоўвае адзін з бацькоў. За апошнія пяць гадоў колькасць няпоўных сем’яў значна вырасла. Прычыны гэтай тэндэнцыі — у росце разводаў, нараджэнні дзяцей па-за зарэгістраваным шлюбам, смяротнасці мужчын працаздольнага ўзросту, выездзе мужчын на работу ў краіны СНД з мэтай паляпшэння матэрыяльнага дастатку сям’і і інш.

Разам з тым роля мужчыны ў сям’і зніжана, страчаны станоўчыя гендарныя стэрэатыпы. Як правіла, няпоўная сям’я — гэта сям’я, у якой выхаваннем дзяцей займаецца толькі маці, часцей за ўсё недасведчаная ў асновах гендарнага выхавання.

Адсутнасць ролі бацькі ў выхаванні дзяцей, у прыватнасці хлопчыкаў, абцяжарвае фарміраванне мужчынскага характару і ўскладняе гендарнае станаўленне дзіцяці. Толькі ў сям’і набываюцца працоўныя навыкі, засвойваюцца нормы міжпалавых зносін, выбіраецца прафесія, ідзе падрыхтоўка да стварэння сям’і, фарміруюцца традыцыі і стэрэатыпы будучага самастойнага жыцця. Як паказвае практыка работы з няпоўнымі сем’ямі, дзе сыноў выхоўвае маці, часцей за ўсё ў іх існуюць праблемы з паводзінамі дзяцей. Таму сацыяльнаму педагогу ў рабоце па суправаджэнні няпоўных сем’яў, у якіх выхоўваецца будучы мужчына, важна дапамагчы пазбегнуць скажоных поларолевых паводзін дзіцяці.

У практычнай дзейнасці часцей за ўсё сустракаюцца такія тыпы няпоўных сем’яў, як разведзеная, пазашлюбная, асірацелая сям’я, сем’і, якія распаліся, а таксама сем’і, у якіх адзін з бацькоў асуджаны і знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Выхаваннем непаўналетніх у такіх сем’ях займаецца адна маці.

На працягу некалькіх гадоў пры складанні сацыяльнага пашпарта нашай школы адсочваю тэндэнцыю да павелічэння колькасці няпоўных сем’яў, у якіх жывуць вучні. Сярод навучэнцаў школы 70 дзяцей выхоўваюцца ў 64-х няпоўных сем’ях. Колькасць хлопчыкаў, якiх выхоўваюць маці ў няпоўных сем’ях, — 32.

Асаблівай увагі патрабуюць няпоўныя сем’і, дзе выхоўваюцца хлопчыкі-падлеткі, якія з-за сваіх узроставых асаблівасцей, як правіла, больш ранімыя, маюць шэраг комплексаў. Маці, занепакоеная сваім сацыяльным і матэрыяльным становішчам, імкнецца ўладкаваць асабістае жыццё, не прымаючы да ўвагі інтарэсы дзіцяці, руйнуючы свет “я і мама”.

Замена бацькі айчымам або сужыцелем прыводзіць да аддалення сына ад маці, пратэсту хлопчыка супраць сітуацыі, якая склалася, адкрытай канфрантацыі ці схаванай нянавісці і агрэсіі. Паказчыкамі такой праблемы з’яўляюцца замкнёнасць падлетка, адмаўленчыя паводзіны.

Маці не разумее прычын такіх паводзін сына, не мае псіхалагічнай падтрымкі, ёй няма з кім падзяліць адказнасць за сваё дзіця. У выніку ўзнікае дэпрывацыя дзіцяці і маці.

У сям’і, дзе маці вымушана выконваць мноства неўласцівых ёй чыста мужчынскіх функцый і роляў, дзеці атрымліваюць аднабаковае выхаванне. У адзінокай маці нярэдка фарміруецца асабліва адмоўны комплекс пачуццяў да мужчын, да шлюбнага і сямейнага жыцця, а такім чынам і ў дзяцей могуць скласціся дэфармаваныя і скажоныя ўяўленні аб шлюбе і сям’і. Парушэнне псіхалагічнага клімату абумоўлена тым, што для маці характэрны вялікая ізаляванасць і адарванасць ад навакольнага свету.

Маюць месца таксама выпадкі, калі крыўду на былога мужа, вінаватага ў распадзе сям’і, жанчына спаганяе на сваім дзіцяці, праяўляючы жорсткасць. У любым выпадку спрыяльны псіхалагічны клімат у сям’і адсутнічае. Матэрыяльны бок жыцця пераважае: апрануць, абуць, накарміць, купіць тэлефон — каб было, як ва ўсіх, каб не горш за іншых. Жывучы ў такой сямейнай атмасферы, хлопчык становіцца спажыўцом.

Самая ж вялікая складанасць — цяжкасці ў правільнай поларолевай ідэнтыфікацыі і арыентацыі хлопчыка. У яго фарміруюцца стэрэатыпы паводзін, зносін, узорам якіх для яго з’яўляецца маці. Хлопчык не стане мужчынам, калі побач з ім няма мужчыны. У яго асяроддзі павінен быць узор мужчынскіх паводзін (дзядзька, настаўнік, дзядуля, трэнер, брат і інш.), дзякуючы якому ён засвоіць мужчынскі спосаб паводзін, вырашэння праблем, уменне несці адказнасць за сябе і блізкіх, ініцыятыўнасць. Зносіны з мужчынамі, іх падтрымка ў цяжкіх сітуацыях, агульныя захапленні ствараюць умовы для фарміравання мужчынскіх рыс характару.

Калі хлопчыка выхоўвае толькі маці, ён не можа лідзіраваць, дамінаваць, бо ў яго няма магчымасці адпрацоўваць гэтыя якасці. Як хлопчык можа канкурыраваць са сваёй маці? Як ён можа навучыцца гэтаму ў маці? Ніяк. Ён можа навучыцца толькі падпарадкоўвацца ёй і душыць у сабе лідара.

Хлопчык ніколі не стане мужчынам, калі ў яго няма абавязкаў, калі ён жыве на ўсім гатовым і нічога не павінен рабіць, калі ўвесь час чуе “нельга”, “не чапай”, калі мама ўсё робіць самастойна, беражэ яго. Які сэнс станавіцца мужчынам? Роля маці ў тым, каб падбадзёрваць хлопчыка, прасіць дапамогі, пазначаць кола абавязкаў, за якія ён будзе несці адказнасць, і інш.

Хлопчыкаў робіць мужчынамі вера маці ў іх, пастаянныя падбадзёрванні: “Ты справішся”, “Ты мужчына”, “Ты моцны”, “Хто, калі не ты”. Маці важна прымаць і верыць, не караць хлопчыка фізічна, каб не ламаць яго псіхіку, даць сыну вырасці мужчынам, даць яму свабоду быць тым, кім ён з’яўляецца, вучыцца не камандаваць ім, не націскаць, не абмяжоўваць, стварыць умовы для прыняцця самастойных рашэнняў, ажыццяўлення выбару, заставацца ў полі бачнасці і быць адкрытай для дыялогу.

Памылкі, дапушчаныя маці ў выхаванні хлопчыка ў дзяцінстве, прыводзяць да таго, што ён не валодае пэўнымі мужчынскімі якасцямі, а ў дарослым жыцці гэтыя памылкі нават здольны прывесці да страты мужнасці і росту інфантылізму мужчын, да праблемы выбудоўвання сямейных адносін і выканання мужчынскіх роляў ужо ў сваёй уласнай сям’і.

Зніжэнне выхаваўчых магчымасцей няпоўнай сям’і, дзе выхаваннем непаўналетняга займаецца маці, адбываецца з-за збегу шэрага неспрыяльных акалічнасцей. Гэта, напрыклад, працяглае знаходжанне дзіцяці ў канфліктнай сітуацыі, напружаная псіхалагічная атмасфера ў сувязі з няправільным стаўленнем яе членаў да асаблівасцей жыццядзейнасці, няўменне выбіраць педагагічна мэтазгодны стыль выхавання, узнікненне сітуацый эмацыянальнага голаду або празмернай, ахвярнай мацярынскай любові, а таксама амаральныя паводзіны ў асабістым жыцці, нізкі культурна-адукацыйны і прафесійны ўзровень, матэрыяльна-бытавыя цяжкасці, слабая сувязь са школай.

Вызначыўшы праблему, можна спланаваць далейшую работу з такой катэгорыяй сем’яў. Для станоўчага выніку неабходна вывучыць кожную сітуацыю, наладзіць з сям’ёй даверлівыя партнёрскія адносіны, якія будуць накіраваны на пазітыўныя змены.

Сістэматычнае правядзенне сацыяльна-педагагічных кансультацый няпоўных сем’яў дазваляе даць адзінокім маці інфармацыю, кваліфікаваную падтрымку спецыяліста. У рамках бацькоўскага ўсенавуча неабходна абмяркоўваць пытанні, прысвечаныя гендарнаму выхаванню дзіцяці, забеспячэнню палавой недатыкальнасці, асвятленню прававых аспектаў з прыцягненнем работнікаў праваахоўных органаў і ўстаноў аховы здароўя.

Школа дае магчымасць арганізацыі сумеснай занятасці маці і сына. Гэта ўдзел у агульнашкольных мерапрыемствах, у рабоце аб’яднанняў па інтарэсах, спартыўных спаборніцтвах.

Вывучэнне роднаснага і сацыяльнага асяроддзя дзіцяці, вызначэнне пазітыўнай даступнасці для яго адносін з асобамі мужчынскага полу (дзядзька, старэйшы брат, дзядуля, сусед і інш.) могуць служыць станоўчым прыкладам для далейшага станаўлення асобы і ідэнтыфікацыі з мужчынамі. У нашай школе з гэтай мэтай былі арганізаваны цыклы нефармальных сустрэч з прадстаўнікамі мужчынскіх прафесій.

Мужчынскія рысы характару, мадэль паводзін хлопцы адпрацоўваюць ва ўмовах перасовачнага палатачнага лагера, дзе ў складаных умовах яны набываюць такія рысы, як цягавітасць, цярпенне, вучацца згуртаванасці, узаемадапамозе, пачуццю адказнасці. Штогод навучэнцы з няпоўных сем’яў праводзяць пятую працоўную чвэрць у лагеры працы і адпачынку “Вецер перамен”, дзе ўпершыню зарабляюць грошы, якія становяцца ўкладам у сямейны бюджэт.

Для поўнага ўяўлення пра ўзаемаадносіны паміж маці і сынам неабходна наведваць сем’і дома для вывучэння ўмоў пражывання і мадэлі адносін паміж членамі сям’і. Варта адзначаць дзеянні маці, накіраваныя на стварэнне ўмоў, якія спрыяюць развіццю мужчынскіх якасцей сына (адказнасці, мэтанакіраванасці, ініцыятыўнасці), з дапамогай ускладання часткі абавязкаў па гаспадарцы на яго.

Таксама штодня трэба кантраляваць наведванне ўрокаў, занятасць у вольны ад вучобы час (заняткі па інтарэсах, спартыўныя секцыі, кіраўнікамі якіх з’яўляюцца мужчыны) і ў шосты школьны дзень, а таксама аналізаваць кола зносін і становішча дзіцяці сярод аднагодкаў.

З удзелам хлопчыкаў з няпоўных сем’яў у рамках кірунку “роўны вучыць роўнага” ў нас праводзіліся трэнінгавыя заняткі, накіраваныя на фарміраванне здаровага ладу жыцця, а таксама на ўменне знаходзіць выйсце з цяжкіх жыццёвых сітуацый, прымаць адказныя рашэнні, агучваць і адстойваць свой пункт гледжання ў асяроддзі аднагодкаў, аргументавана гаварыць “не”, набываць пазітыўны вопыт, несці адказнасць за свае ўчынкі і рашэнні, праектаваць на сябе мужчынскую мадэль паводзін.

Для фарміравання гендарнай культуры ў хлопчыкаў, якіх выхоўваюць маці ў няпоўных сем’ях, я, педагог-кансультант роўнага навучання, і валанцёры-інструктары такога навучання правялі серыю трэнінгаў, мэта якіх — развіццё ўяўлення ўдзельнікаў мерапрыемства пра мужчын і жанчын, іх якасці, гендарныя ролі, мадэлі паводзін. У выніку ў хлопчыкаў былі сфарміраваны ўяўленні пра мадэлі паводзін юнакоў і дзяўчат (мужчын і жанчын) і іх асобасныя якасці.

Такім чынам, сістэмнасць у рабоце з няпоўнымі сем’ямі, дзе маці выхоўваюць хлопчыкаў, дае магчымасць валодаць сітуацыяй, якая складваецца ў такіх сем’ях, адсочваць праблемныя моманты, звязаныя з навучаннем, міжасобаснымі ўзаемаадносінамі як паміж аднагодкамі, так і дарослымі, якія ўдзельнічаюць у жыцці дзіцяці. Наладжваць з бацькамі добразычлівыя адносіны лягчэй, калі ўлічана сітуацыя, загадзя прадуманы не толькі змест гутаркі, але і яе ход, магчымыя варыянты і нечаканыя павароты.

Мэтанакіраваная работа стварае аптымальныя ўмовы для далейшай выпрацоўкі і праяўлення мужчынскіх якасцей, засваення і выканання мужчынскай ролі ў поўнай меры. Ацэнку выніковасці можна даць толькі праз пэўны прамежак часу, калі юнакі самастойна будуць выкарыстоўваць атрыманыя веды ў дарослым жыцці, ствараючы ўжо свае сем’і.

Алена ІВАНЧЫКАВА,
сацыяльны педагог Азёрскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.