Сацыяльная паспяховасць — для кожнага

- 12:20Гродзеншчына, Прэс-тур

Ліцэй № 1 Гродна — установа, дзейнасць якой накіравана на фарміраванне сацыяльна-паспяховага выпускніка. Гучыць пафасна, але на справе кожны ўрок, кожны праект, кожнае мерапрыемства нясуць найперш сацыяльны змест. Як заўважыў дырэктар навучальнай установы Ігар Маслаў, “зялёнае святло” даецца любой ініцыятыве ліцэістаў. Галоўнае, каб яна даводзілася да паспяховага завяршэння.

Паняцце “поспех” педагогі і адміністрацыя ліцэя разумеюць як дасягненне чаканага навучэнцам і грамадствам выніку, які суправаджаецца адпаведнымі эмоцыямі: радасцю, задавальненнем, павышэннем матывацыі, самапавагай. Усё гэта ўплывае на эфектыўнасць фарміравання сацыяльнай паспяховасці. “У адукацыйным працэсе вучэбную паспяховасць многія часта змешваюць з паспяховасцю асобы дзіцяці ў цэлым. Аднак жыццё значна шырэйшае, чым навучальная ўстанова, нельга забывацца пра тое, што дзіця з’яўляецца ў ёй не толькі вучнем, але і суразмоўцам, сябрам, суб’ектам адукацыйнага працэсу, каардынатарам сацыяльных ініцыятыў, творчай асобай і інш.”, — заўважыў дырэктар ліцэя.

У ліцэй прыходзяць навучэнцы на трэцюю ступень агульнай сярэдняй адукацыі — на пачатку свайго юнацтва. Калектыў педагогаў і адміністрацыя, разумеючы актуальнасць і неабходнасць падрыхтоўкі вучняў-старшакласнікаў да паспяховай жыццядзейнасці, вызначылі місію сваёй дзейнасці: “Праз якасную адукацыю і творчую самарэалізацыю — да фарміравання паспяховай асобы!” Яе дасягненне забяспечваецца пры дапамозе шматаспектных відаў дзейнасці.

Вядучая роля ў арганізацыі жыццядзейнасці ліцэя, у стварэнні абставін жыцця дзяцей у ліцэі належыць педагогу. Як адзначыў Ігар Маслаў, менавіта ад яго светапогляду шмат у чым залежыць, ці будуць гуманнымі ўзаемаадносіны настаўніка і старшакласніка, ці будуць яны спрыяць фарміраванню ў вучняў такіх якасцей, як высокая самаацэнка, упэўненасць у сабе, аптымізм, паспяховасць. З 2016 года ліцэй № 1 Гродна з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў установы агульнай сярэдняй адукацыі”. Для практычнага дасягнення пастаўленых прыярытэтаў, укаранення ў адукацыйны працэс эфектыўных адукацыйных практык у навучальнай установе рэалізуецца сістэма метадычнага суправаджэння педагогаў.

Традыцыі ўстановы адукацыі дапамагаюць кожнаму педагогу і вучню ніколі не губляць пачуцця далучанасці да агульнай справы — ліцэйскага братэрства. “Варта адзначыць, што змест традыцый фарміраваўся на працягу 20-гадовага існавання ліцэя. Турыстычны злёт “Моладзь — за здаровы лад жыцця!”, “Тыдзень ліцэіста”, “Пасвячэнне ў ліцэісты”, “Павер у сябе!”, “Еўрабачанне”, тэматычныя дні ў ліцэі, спартыўна-масавае свята сумесна са студэнтамі Гродзенскага медуніверсітэта “Здароўе! Спорт! Перамога!”, “Галерэя памяці”, “Апошні званок” — каранёвая сістэма, якая ўтрымлівае адукацыйныя галіны ліцэя і дазваляе ім паварочвацца ў любы бок святла. Гэта і ёсць галоўны “імунітэт” для ўстановы адукацыі”, — працягваў дырэктар.

Другі напрамак работы па фарміраванні сацыяльна паспяховай асобы ліцэіста дае магчымасць ствараць умовы для задавальнення патрэбы старшакласнікаў рэалізаваць сябе ў сацыяльна значнай дзейнасці. Як ужо адзначалася, змест сацыяльна значных ініцыятыў, якія рэалізуюцца, вызначаецца персанальнымі запытамі ліцэістаў з апорай на падзейны падыход.

У ліцэі функцыянуе Цэнтр маладзёжных ініцыятыў “#Разам: разумна і эфектыўна”, клуб нефармальных зносін, навукова-даследчае таварыства ліцэістаў і інш. Каб актывізаваць кожнага ліцэіста праяўляць ініцыятыву ў вырашэнні праблем энергазберажэння, штогод рэалізуецца бесперапынны конкурс “Самы энергаэфектыўны клас”. Кожны навучэнец мае магчымасць атрымаць “зорачку” для свайго класнага калектыву і забяспечыць перамогу класа ў гэтым конкурсе. Папячыцельскім саветам ліцэя распрацаваны варыянт заахвочвання калектыву навучэнцаў, які стаў пераможцам конкурсу “Самы энергаэфектыўны клас”.

Будучыя прадпрымальнікі могуць рэалізаваць свой асобасны патэнцыял у дзейнасці ліцэйскай бізнес-кампаніі, у якой арганізоўваюцца заняткі “Школы бізнесу”. У школе абмяркоўваюцца пытанні прадпрымальніцкай дзейнасці, рынку і рыначных адносін, рэалізацыі бізнес-плана, фінансавай эфектыўнасці бізнесу і інш. На сёння вызначаны спектр паслуг ліцэйскай бізнес-кампаніі: 3D-мадэляванне (вучэбныя курсы), фотамастацтва (вучэбныя курсы і паліграфічныя паслугі), відэамантаж (вучэбныя курсы і відэаздымка з наступнай апрацоўкай), выраб сувенірнай прадукцыі. Для азнаямлення будучых кліентаў з прадукцыяй бізнес-кампаніі навучэнцамі ліцэя самастойна распрацаваны электронныя рэсурсы, якія размешчаны ў інтэрнэце.

Творчым ліцэістам даецца магчымасць праявіць сябе ў дзейнасці тэатральнага калектыву ліцэя Images, які ў 2016/2017 навучальным годзе быў узнагароджаны дыпломам III ступені ў фінале абласнога агляду-конкурсу тэатраў на замежнай мове “Трыумф”.

Трэцім напрамкам работы ўстановы адукацыі па стварэнні ўмоў для сацыяльнага поспеху навучэнцаў выступае цеснае адукацыйнае супрацоўніцтва з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Гродна. У ліцэі прадукцыйна функцыянуюць філіялы трох кафедраў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. На працягу некалькіх гадоў сумесна з Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам рэалізуецца праект “Школа абітурыента”, адукацыйныя экскурсіі праходзяць сумесна з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам.

У бягучым навучальным годзе ў ліцэі сумесна з Купалаўскім універсітэтам рэалізуецца практыка правядзення інтэрнэт-заняткаў у рэжыме відэаканферэнц-сувязі з мэтай аб’яднання студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей і навучэнцаў педагагічных груп установы адукацыі для абмеркавання актуальных праблем, звязаных з працай настаўніка.

Нам падчас наведвання ліцэя ўдалося на свае вочы ўбачыць, як ліцэісты і студэнты сродкамі відэаканферэнцыі абмяркоўваюць мадэль сучаснага педагога, вядуць дыялог пра тое, якім павінен быць сучасны настаўнік, якія патрабаванні да яго прад’яўляе цяперашні час, у якой меры асабістыя якасці студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей і ліцэістаў педагагічных груп адпавядаюць якасцям сучаснага педагога.

Такая форма арганізацыі педагагічнага ўзаемадзеяння забяспечвае зацікаўлены жывы дыялог двух бакоў. Добразычлівы, добры, мяккі, гуманны, які разумее… Такім бачаць сучаснага настаўніка ліцэісты. Разумны, мудры, эрудзіраваны, крэатыўны, цікавы — гэта вобраз ідэальнага настаўніка ў студэнтаў. Студэнты бачаць сваю будучую прафесію вачыма навучэнцаў, а ліцэісты тлумачаць, якія настаўніцкія якасці і чаму яны цэняць. “Практыка правядзення такога віду заняткаў мае свой працяг. У перспектыве да размовы плануецца падключаць бацькоў навучэнцаў, экспертаў-прадстаўнікоў з універсітэта і інш.”, — адзначыў дырэктар.

Прымнажае педагагічную эфектыўнасць адзінага адукацыйнага асяроддзя ліцэя створаны на яго базе маштабны музейны комплекс, у якім зладжана функцыянуюць тры музеі і тры музейныя пакоі:

• музеі “Гiсторыя педагогiкi Гарадзеншчыны XII—XXI стст.”, спорту і экалагічнага турызму, фатаграфіі;

• музейныя пакоі інтэрнацыянальнай дружбы і міжнароднага супрацоўніцтва, энерга- і рэсурсазберажэння, пакой патрыятычнага выхавання.

Варта падкрэсліць, што кожны музей і музейны пакой у адукацыйным асяроддзі ліцэя мае сваю гісторыю стварэння, канцэптуальную аснову і выконвае адукацыйную місію. Пры такім падыходзе можна сцвярджаць, што слоган дзейнасці ліцэйскага музейнага комплексу — “Сённяшняе, якое памятае мінулае, годна будучыні” — рэалізуецца канцэптуальна і на справе.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.