Сацыяльны weekend

- 10:24Сацыяльны ракурс

У Мінску падвялі вынікі IX Рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. Са 156 праектаў у фінал, прайшоўшы ўсе адборачныя этапы, сур’ёзную падрыхтоўчую работу і навучанне, выйшлі толькі 14. Упершыню ў гісторыі конкурсу гран-пры і прыз глядацкіх сімпатый узяў адзін і той жа праект — “Стварэнне зручнага адзення для інвалідаў-калясачнікаў”. Пуцёўку ў жыццё атрымалі таксама яшчэ некалькі сацыяльных ініцыятыў.

Social Weekend — найбуйнейшы конкурс сацыяльных праектаў Беларусі, на якім кожны можа прапанаваць сваю ідэю, атрымаць фінансавую дапамогу на яе рэалізацыю, знайсці аднадумцаў. Упершыню ён прайшоў 20 чэрвеня 2013 года і за гэты час пераадолеў планку ў больш чым тысячу ўнікальных заявак. Сума фінансавай дапамогі, аказанай мецэнатамі канкурсантам, перавышае 200 000 беларускіх рублёў (у эквіваленце $140 000).

— Адбор у нас быў больш чым сур’ёзны — больш за 10 праектаў на месца ў фінале. 38 праектаў са 156 прайшлі спецыяльнае навучанне. 22 з іх трапілі ў паўфінал. У фінал былі адабраны 14 найбольш абгрунтаваных праектаў, з канкрэтнымі крокамі па рэалізацыі і новымі падыходамі да вырашэння існуючых праблем, — паведаміў кіраўнік конкурсу Аляксандр Скрабоўскі. — У фінале ўсе праекты змагаліся за падтрымку мецэнатаў. Пры гэтым хацеў бы падкрэсліць, што не грошы — вырашальны фактар удзелу праектаў у конкурсе. Тут вельмі важна, што аўтары ўсіх праектаў не разважаюць пра тое, што можна было б зрабіць, а бяруць і робяць тое, што лічаць карысным і для сябе, і для грамадства. Наша блакітная мара — развіццё сацыяльнага прадпрымальніцтва ў Беларусі, а галоўнай мэтай па-ранейшаму застаецца даць шанс ідэям увасобіцца ў жыццё, а людзям — рэалізавацца праз гэтыя ідэі.

У фінале конкурсу ў склад журы ўвайшлі прадстаўнікі ПРААН у Беларусі, Міністэрства эканомікі, Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый-спонсараў, бізнесмены. На іх суд былі прадстаўлены праекты, накіраваныя на дапамогу цяжкахворым і асаблівым дзецям, людзям з інваліднасцю, на прапаганду здаровага ладу жыцця, паляпшэнне гарадскога асяроддзя, узаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі. Таксама на перамогу прэтэндавалі ідэі ў сферах культуры і мастацтва, адукацыі.

Сярод пераможцаў конкурсу — фестываль сем’яў усынавіцеляў “Родныя людзі”. Яго прадставіла ініцыятыўная група ўсынавіцеляў і спецыялістаў па сямейным уладкаванні.

— Сёння ў нашай краіне больш за 6 тысяч сем’яў усынавіцеляў. Усе яны сутыкаюцца з тым, што нават самае маленькае дзіця прыходзіць у сям’ю ўсынавіцеляў з багажом вельмі негатыўнага вопыту, звязанага з траўміруючымі падзеямі ў жыцці дзіцяці. І дарослыя не заўсёды ведаюць, як правільна дапамагчы яму. Грамадства, на жаль, часта паглыбляе праблемы. Калі ўсё добра, яно робіць з усынавіцеляў герояў, а калі нешта пайшло не так — навешвае ярлыкі. У выніку сем’і вырашаюць не распаўсюджваць інфармацыю аб усынаўленні і ў адзіночку спраўляцца са сваімі праблемамі. У самых складаных выпадках гэта, на жаль, заканчваецца адменай усынаўлення і вяртаннем дзіцяці ў дзіцячы дом. Замест прапаганды ўсынаўлення як гераічнага выратавання сірот мы — за спакойнае, паважлівае і кампетэнтнае стаўленне да дзяцей і сем’яў, якія знайшлі адно аднаго, — адзначыла каардынатар праекта, псіхолаг, спецыяліст па сямейным уладкаванні Вольга Галаўнёва. — Наш фестываль — гэта не турзлёт, не конкурс талентаў, гэта сур’ёзнае, адукацыйнае, тэрапеўтычнае мерапрыемства, здольнае дапамагчы бацькам вырашыць шматлікія праблемы. Фестываль — частка нашага шляху ад таямніцы ўсынаўлення, ад рэгулярных сустрэч у “Псіхалагічнай гасцёўні для ўсынавіцеляў” да рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ўсынавіцеляў, да Цэнтра падтрымкі сем’яў усынавіцеляў. Мы хочам звярнуць увагу грамадства на тое, што фінансавая і валанцёрская падтрымка дзіцячых дамоў, як ні парадаксальна, падтрымлівае сіроцтва. Мы прапаноўваем падтрымліваць сямейнае ўладкаванне дзяцей, падтрымліваць сем’і ўсынавіцеляў. Калі будзе выбудавана сістэма падтрымкі сем’яў пасля ўсынаўлення — упэўнены, мы зможам крок за крокам зрабіць тэму ўсынаўлення ў грамадстве адкрытай, зразумелай — і, адпаведна, больш людзей будзе адважвацца на прыняцце дзіцяці, а ў гадавой статыстыцы адмен усынаўлення будзе стаяць прочырк.

Па выніках конкурсу праект “Фестываль сем’яў усынавіцеляў “Родныя людзі” атрымаў поўную фінансавую падтрымку. Такім чынам, ужо 1—3 ліпеня мерапрыемства ў другі раз пройдзе ў Навагрудскім раёне (Гродзенская вобласць). Усе падрабязнасці можна знайсці на сайце фестывалю rodnye.by.

Праект, які таксама атрымаў падтрымку ў фінале конкурсу, — Scrawlless. Гэта інтэрнэт-партал для выканання пісьмовых работ па школьных прадметах для дзяцей з парушанай дробнай маторыкай.

— У Беларусі каля сямі тысяч дзяцей з парушэннямі дробнай маторыкі. З-за абмежаваных магчымасцей яны не могуць трымаць у руках ручку, самастойна пісаць. У іх узнікаюць цяжкасці з прапрацоўкай школьнага матэрыялу і выкананнем дамашніх заданняў. У якасці альтэрнатывы дзецям прапаноўваюць работу ў тэкставым рэдактары. Аднак яны доўга не могуць знайсці ў ім неабходныя сімвалы, паколькі клавіятура не адаптавана пад патрэбы і магчымасці гэтых дзяцей. Акрамя таго, звычайныя тэкставыя рэдактары не дазваляюць запісваць такія нелінейныя рэчы, як дробы, ступень ліку, карані. Па гэтай прычыне большасць разлікаў выконваецца на калькулятары — і гэта велізарная праблема, таму што іншыя школьнікі выкарыстоўваюць звыклы падлік слупком. Уменне ж лічыць слупком закладваецца з пачатковай школы і прымяняецца на працягу ўсяго навучання. Узнікаюць пытанні і пры пабудове геаметрычных чарцяжоў. Часцей за ўсё дзеці выкарыстоўваюць гатовыя чарцяжы з метадычных дапаможнікаў або чарцяжы, якія зрабілі іх бацькі, — расказалі аўтары праекта. — Scrawlless — гэта вэб-партал, з дапамогай якога дзеці змогуць лічыць слупком, будаваць геаметрычныя чарцяжы і выконваць шмат іншых задач, раней для іх недаступных.

Адметна, што праект належыць моладзі — камандзе студэнтаў БДУІР і БНТУ — Дзмітрыю Кузьмічу, Алене Пашкевіч, Дзянісу Глебаву і Яўгеніі Краўчанка.

— Для таго каб праверыць актуальнасць стварэння інтэрнэт-партала Scrawlless, мы з камандай наведалі Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў. Пагутарылі з кіраўніцтвам цэнтра, прадэманстравалі папярэднюю версію прадукту, правялі тэсціраванне — далі дзецям магчымасць папрацаваць на нашым партале. Тэсціраванне паказала, што дзецям сапраўды зручна і цікава працаваць на нашым партале. Гэты сэрвіс не з’яўляецца навучальным. Мы лічым, што няма нічога больш эфектыўнага і каштоўнага, чым кансультацыя настаўніка, таму ствараем магчымасць адпраўкі дамашняй работы настаўніку і зносіны з ім анлайн, калі дзіця знаходзіцца на хатнім навучанні.

Акурат падчас фіналу Рэспубліканскага конкурсу Social Weekend стала вядома, што стартап Scrawlless выйшаў у фінал Міжнароднага конкурсу Microsoft Imagine Cup (Сіэтл, ЗША), дзе ў хуткім часе пазмагаецца за галоўны прыз — 100 тысяч долараў на сваё развіццё.

— Фіналам конкурсу жыццё праекта не заканчваецца. Фінал — гэта толькі дадатковая веха, адпраўная кропка для развіцця праекта, — адзначыў кіраўнік конкурсу Аляксандр Скрабоўскі. Дарэчы, падаць заяўку на ўдзел у наступным сезоне найбуйнейшага конкурсу сацыяльных праектаў у Беларусі Social Weekend можна будзе ўжо ў канцы жніўня. У заяўцы дастаткова апісаць праблему, з якой вы сутыкнуліся, прапанову па яе вырашэнні і першыя крокі па рэалізацыі праекта.

Марына ПЫРКОВА.
Фота арганізатараў конкурсу.