Саюз моладзі — адна сям’я

31 кастрычніка ў Белдзяржфілармоніі адбылася ўрачыстая вечарына, прысвечаная закрыццю трэцяга працоўнага семестра 2016 года.

У гэты вечар у зале не засталося ніводнага вольнага месца: тут сабраліся лепшыя студэнцкія атрады, ганаровыя госці, ветэраны студатрадаўскага руху, а таксама кіраўніцтва адміністрацый раёнаў, устаноў і арганізацый Мінска.

У рамках мерапрыемства былі вылучаны лепшыя студэнцкія атрады па шасці кірунках, штабы працоўных спраў, якія развіваюць студатрадаўскі рух на базе сваіх устаноў адукацыі, а таксама наймальнікі з ліку арганізацый і прадпрыемстваў. У гэты вечар атрадаўцы атрымлівалі прывітальныя словы і ўзнагароды ад старшыні Мінскага гарвыканкама Андрэя Шораца, старшыні гарадскога Савета дэпутатаў Васіля Панасюка, кіраўніка галоўнага ўпраўлення па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі Мінгарвыканкама Паўла Скалабана, камандзіра Рэспубліканскага студэнцкага атрада Івана Шостака, першага сакратара Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Юрыя Чачукевіча.

Першым адзначылі медыцынскі атрад імя Васіля Лявонава (БДМУ), а лепшымі камандзірам і камісарам былі названы адпаведна Іна Жукоўская і Аляксандра Амштэйн. Арганізатары нездарма пачалі цырымонію менавіта з гэтага напрамку, бо практыка дзейнасці медыцынскіх атрадаў стала новаўвядзеннем гэтага года. Сярод педагагічных атрадаў лепшым стаў атрад Таццяны Жылінскай і Івана Васілевіча “Ліра” (БДПУ імя Максіма Танка). Перамога ў гэтай намінацыі дасталася таксама і сэрвіснаму атраду імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Піліпенкі (Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі), а сярод камандзіраў і камісараў былі адзначаны Таццяна Паршута і Іван Кузьмін. Узнагароды не прымусілі чакаць і сваіх герояў з БНТУ і Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава Белдзяржуніверсітэта — кіраўнікоў будаўнічых і экалагічных атрадаў “Дружба” і “Бярэзінскі біясферны запаведнік”. Узнагароду першай ступені атрымалі таксама байцы зводнага сельскагаспадарчага атрада “Звязда-Каменка” (БДАТУ) на чале з лепшымі камандзірам Дзмітрыем Вішнеўскім і камісарам Раманам Крывецкім. А самым выбітным студэнцкім атрадам, які працаваў на аб’ектах са статусам “маладзёжная будоўля”, стаў будаўнічы атрад БНТУ імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі (камандзір Віталь Казакевіч, камісар Яўген Сібірцаў). Падзякі і каштоўныя падарункі таксама атрымалі атрады, якія занялі ў згаданых намінацыях другое і трэцяе месца. Узнагарода за лепшы студэнцкі атрад паводле інтэрнэт-галасавання дасталася прадстаўнікам сэрвіснага атрада “Памяць” (Мінскі дзяржаўны каледж тэхналогіі і дызайну лёгкай прамысловасці).

Далей адбылося ўзнагароджанне штабаў студатрадаў. Тут былі адзначаны штаб працоўных спраў БНТУ, штаб Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання і штаб студэнцкіх атрадаў Фрунзенскай раённай арганізацыі БРСМ сталіцы.

Падзякі і падарункі атрымалі больш за 20 працаўнікоў студатрадаў, якія падчас трэцяга працоўнага семестра праявілі свае арганізацыйныя таленты, а таксама лепшыя наймальнікі — “Атлант”, “Мінскхлебпрам”, “Белпошта” і іншыя.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.