Сеніцкія “шчабятухі” і “пацешкі”

- 16:00Адукацыйная прастора

У пачатку сакавіка на Міншчыне падвялі вынікі абласнога завочнага этапу VI Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. Мерапрыемства было прысвечана Году малой радзімы і прайшло пад дэвізам “Беларусь — мая мова i песня”. Сярод пераможцаў у намінацыі “Фальклорная творчасць” — два калектывы Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы Мінскага раёна: узорны ансамбль народной музыкі “Шчабятуха” і ансамбль “Сенiцкiя пацешкi”.

Узорны ансамбль народной музыкі “Шчабятуха”.

Ансамбль народнай музыкі “Шчабятуха” быў заснаваны ў школе ў 1998 го­дзе на базе эксперыментальнай педагагічнай пляцоўкі “Этнашкола”. Увесь гэты час калектыў узначальвала Аксана Уладзіміраўна Рудніцкая. У 2012 годзе творчасць ансамбля высока ацаніла атэстацыйная камісія Мінскага абласнога  цэнтра дзіцячай творчасці, і ў выніку ансамбль атрымаў званне “ўзорны”, якое пацвердзіў ужо два разы — у 2016 і 2019 гадах.

“Удзел у конкурсах для нашых дзяцей — гэта ўжо норма. Ансамбль быў лаўрэатам і дыпламантам абласных, рэспубліканскіх, міжнародных фестываляў і конкурсаў, дзе атрымліваў першыя месцы і гран-пры, — дзеліцца Аксана Рудніцкая. — Сярод нашых апошніх перамог — званне лаўрэатаў І ступені на міжнародным конкурсе “Крышталёвы васілёк” (2017), рэспубліканскім конкурсе “Беларускія таленты”, міжнародным конкурсе Light of music (2018), міжнародным Гранд-конкурсе “ Талент года” (2019), міжнародных конкурсах BYFEST, Musical star of Slovenia, Talents of Europe, “Крышталёвая ліра”, “Новыя вяршыні”, ”Зорка перамогі”, “Залаты арфей”, “Калядная зорка” (усе гэтыя конкурсы адбыліся ў 2020 годзе).

Удзел “Шчабятухі” ў конкурсе “Прывітанне, свет!” не першы. Два разы мы былі фіналістамі абласнога этапу конкурсу, а ў 2019 годзе атрымалі дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскім этапе. Сакрэт такіх вынікаў — у таленавітых і здольных дзецях, якім цікава тое, чым яны займаюцца. Сёння гэта вучні 4—7 класаў. У нашым калектыве дзеці займаюцца да 9 класа, а пачынаюць спрабаваць свае здольнасці з 1—2 класа. Наша школа з эстэтычным ухілам, у калектыў трапляюць самыя актыўныя і здольныя дзеці. Кагосьці прыводзяць за ручку пасля нашых канцэртаў бацькі, але ў асноўным мы ацэньваем магчымасці дзяцей і самі прапаноўваем ім паспрабаваць сябе ў якасці артыстаў.

У ансамблі дзеці іграюць на дудках, жалейках, цымбалах, скрыпках і шумавых інструментах. Асаблівую асалоду ўдзельнікі калектыву атрымліваюць ад ігры на этнаінструментах — чыгунах, ухватах, маслабойках, пральнай дошцы, ёсць у нас нават ступа, піла і каса! Наш рэпертуар — народныя песні, танцы, кампазіцыі беларускіх аўтараў. Маімі актыўнымі памочнікамі з’яўляюцца педагогі па інструментах. Так, Юрый Іванавіч Галаўко (ён жа і наш канцэртмайстар) і Сняжана Аляксандраўна Кірпічонак разам са мной “адказва­юць” за духавыя інструменты, Іна Васільеўна Канановіч і Ганна Яўгенаўна Казлова вучаць ігры на цымбалах, а Ганна Станіславаўна Чарнагорава — ігры на скрыпцы.

Ансамбль “Сеніцкія пацешкі”.

Што тычыцца назвы ансамбля, то яна з’явілася пасля таго, як ён стаў узорным. Кіраўнік разам з дзецьмі вырашылі, што менавіта так яны цяпер будуць звацца.

— З самага пачатку мае навучэнцы былі вельмі шумнымі і гаваркімі, я з  іх смяялася і казала: “Вы мае шчабятухі”, што азначае “мае птушачкі, якія без перапынку шчабечуць”, і дзецям гэта заўсёды падабалася”, — з цеплынёй расказвае кіраўнік ансамбля.

З не меншай цеплынёй расказвае пра сваіх падапечных, якія займаюцца фальклорнымі спевамі ў калектыве “Сеніцкія пацешкі”, яго кіраўнік Вольга Аляксандраўна Суданава-Люцко. Вакальнаму ансамблю ў гэтым годзе споўнілася 5 гадоў, але хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо паспелі паказаць сябе найлепшым чынам на пляцоўках у школе, вобласці, рэспубліцы і нават на міжнародным узроўні.

“Ідэя заснавання калектыву была вельмі арганічнай. З маімі падапечнымі я знаёма з пачатковых класаў, сёння гэта ўжо сямікласнікі. З 1 класа яны займаюцца ў мяне ў хоры, і адначасова я іх класны кіраўнік. Так што адно аднаго мы ведаем дасканала. Мне ўдалося далучыць іх да фальклору, выклікаць інтарэс спачатку да спевак і пацешак, а потым і да беларускіх абрадаў. Калі толькі пачыналася дзейнасць калектыву, дзеці былі зусім малымі, і першае, што прыхо­дзіла ў галаву, — яны такія пацешныя, непасрэдныя, таму ў назве галоўнае слова  “пацешкі”, — расказвае Вольга Аляксандраўна.

Да конкурсу “Прывітанне, свет!” калектыў падрыхтаваў нумар, звязаны з абрадам “Жніво”. Увогуле ж у рэпертуары ансамбля ёсць абрады “Каляды”, “Вялікдзень”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, а яшчэ пастаноўка “Кірмаш”.

— Сёння мы працуем над абрадам “Купалле”. Трэба сказаць, што рэпертуар для нашых дзяцей дастаткова складаны, але я бачу, што ім гэта падабаецца, яны гатовы вучыцца новаму і з задавальненнем адточваюць сваё майстэрства для новых конкурсаў і выступленняў. Спачатку  мае выхаванцы толькі спявалі, цяпер мы ўключаем і харэаграфічныя элементы. Самыя маленькія ўдзельнікі калектыву, якія ў гэтым годзе далучыліся да нас, адразу займаюцца харэаграфіяй. І гэта выдатна! Некаторыя з маіх выхаванцаў адначасова з’яўляюцца ўдзельнікамі калектыву “Шчабятуха”, і ў нас ўжо ёсць вопыт сумесных выступленняў на фестывалях у Германіі, Польшчы, Славакіі, дзе мы рыхтавалі сумесную праграму. У будучыні,  спадзяюся, мы створым агульны калектыў, які будзе ўключаць усе напрамкі народнай творчасці — песні, музыку, танцы.

 А пакуль што мы развіваемся кожны ў сваім напрамку. Прыемна, што ў гэтым го­дзе мой выхаванец Арсеній Санец стаў пераможцам Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі імя І.В.Ахрэмчыка “Я ў свеце творчасці” з даследчым праектам на тэму “Як вясну мы сустракалі” — аб традыцыі святкавання абраду “Гуканне вясны”. Навуковым кіраўніком разам са мной была наш канцэртмайстар Сняжана Аляксандраўна Кірпічонак. А яшчэ раней калектыў паспяхова паўдзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе “Спяваем разам” (3-е месца ў 2018 годзе) і абласным конкурсе “Майскі фэст” (1-я месцы ў 2018 і 1019 гадах),” — падагульняе педагог.

Таццяна ЛАПАЦІНА.
Фота з асабістага архіва герояў матэрыялу.