“Серабро” і дзве “бронзы”

- 9:10Адукацыйная прастора

на Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы — у школьнікаў Беларусі

На 32-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы IOI 2020 беларускія школьнікі заваявалі адзін сярэбраны і два бронзавыя медалі. У алімпіядзе прынялі ўдзел школьнікі 87 краін.

Як расказаў педагог дадатковай адукацыі клуба юных пажарных Мазыра Аляксей Баруноў, International Olympiad in Informatics — 2020 прайшла анлайн з 13 па 23 верасня з хостынгам у Сінгапуры. У мінулыя гады алімпіяду прымалі вочна 29 розных краін:

— International Olympiad in Informa­tics — адна з некалькіх міжнародных навуковых алімпіяд, якія штогод прахо­дзяць ва ўсім свеце. Старшакласнікі з розных краін спаборнічаюць у гэтым прэстыжным алгарытмічным спаборніцтве, дэманструючы свае навыкі ў галіне інфарматыкі.

Для ўключэння ў склад каманды з чатырох чалавек кандыдаты прайшлі васьмідзённы адбор на анлайн-спаборніцтвах, якія былі арганізаваны навуковым камітэтам беларускай каманды. З 10 прэтэндэнтаў былі адабраны школьнікі з Віцебскай і Гомельскай вобласці, Ліцэя БДУ.

16 і 19 верасня прайшлі асноўныя туры алімпіяды. Удзельнікам было прапанавана па тры задачы алгарытмічнага характару. На працягу 5 гадзін неабходна было распрацаваць алгарытм і ства­рыць праграмны код, які адпавядае тэхнічнаму заданню з умовы задачы. Праверка якасці распрацаваных праграм вялася аўтаматычна, праз тэсціруючую сістэму IOI 2020.

Па выніках двух тураў сярод 343 афіцыйных удзельнікаў міжнародных спаборніцтваў быў вызначаны 171 лепшы. 29 з іх былі ўзнагароджаны залатымі медалямі, 57 — сярэбранымі, 85 — бронзавымі.

Сярод беларусаў сярэбраны медаль у Андрэя Мішчанкі, выхаванца клуба юных пажарных Мазыра. Хлопец атрымаў 345,32 бала. Бронзавыя медалі ў Яраслава Барысава з гімназіі № 8 Віцебска (315,46 бала) і ў Паўла Санкіна з Ліцэя БДУ (294,93 бала).

Ірына АСТАШКЕВІЧ.