Абсалютнай пераможцай конкурсу прафесійнага майстэрства кіраўнікоў устаноў адукацыі “Кіраўнік года — 2016”, які ўпершыню адбыўся на Віцебшчыне, стала дырэктар сярэдняй школы № 16 Полацка Ірына Зімніцкая. Як стаць лепшым у вобласці дырэктарам школы? Напэўна, многія з паспяховых калег Ірыны Аляксееўны пагодзяцца з яе адказам: “Школа — мая праца і захапленне. Не таму, што не хапае часу, а таму, што мне гэта цікава!”
Падчас вучобы ў сярэдняй школе № 7 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы палачанка Ірына Зімніцкая засвоіла прынцып: “Лепш зрабіць і шкадаваць, чым не зрабіць зусім і не здабыць вопыт”. Хаця нагод для шкадавання па вялікім рахунку не было. Дзяўчына з задавальненнем і паспяхова вучылася, а па хіміі і рускай мове нават перамагала на раённым і гарадскім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Актыўна займалася спортам: безумоўным прыярытэтам тут былі баскетбол і лыжы. Юная спартсменка неаднойчы станавілася ўладальніцай дыпломаў спаборніцтваў рознага ўзроўню. Узначальвала камсамольскую арганізацыю класа і была намеснікам сакратара школьнай камсамольскай арганізацыі. Тым не менш галоўнымі захапленнямі заставаліся ўсё ж англійская мова, любоў да якой прывіла настаўніца Валянціна Яцэнка, і гісторыя, у якую, дзякуючы выдатнаму майстру сваёй справы Але Дзяменцьевай, была ўлюбёная палова школы.
— Вучоба, агляды, злёты, алімпіяды, конкурсы, паходы, спаборніцтвы, суботнікі — ніводнай дарэмна страчанай хвіліны, і гэта ўсё не па афіцыйнай камандзе было, мы тады гэтым жылі і так прывыклі будаваць сваё жыццё, — успамінае сваё камсамольскае юнацтва Ірына Аляксееўна. — Вельмі добра памятаю надпіс над дошкай у вучэбным кабінеце: “Гісторыя ідзе не міма, а праз кожнага з нас”. Коратка, ёміста і абсалютна дакладна!
Сяброўкі клікалі паступаць разам у лінгвістычны ўніверсітэт, аднак Ірына не стала адмаўляцца ад аднаго захаплення на карысць другога. Відаць таму, што ў выпускных класах вызначылася з трэцім: таленавітая і старанная вучаніца камфортна адчувала сябе ў адукацыйнай прасторы і вырашыла не пакідаць школу — быць педагогам. Вектары прыярытэтаў склаліся ў адзін: педагагічны інстытут імя А.М.Горкага, спецыяльнасць “Гісторыя. Замежная мова”. Варта адзначыць, што і студэнцкая біяграфія нашай гераіні ўражвае: сустрэла сваё каханне, стала жонкай, маці — і змагла так размеркаваць свой час, што сямейныя клопаты не перашкодзілі паспяховай вучобе на дзённым аддзяленні. Пасля атрымання дыплома маладую настаўніцу накіравалі ў Полацк.
— У аддзеле адукацыі мне прапанавалі сярэднюю школу № 2, і наступныя сем гадоў я працавала там настаўніцай замежнай мовы, — расказвае Ірына Зімніцкая. — Неаднойчы атрымлівала запрашэнні перайсці ў сваю школу. Варыянт вельмі прывабны, вось толькі адважылася на яго не адразу. Хацелася выпрацаваць уласны прафесійны почырк, а я тады асцерагалася, што побач з настаўнікамі, якія мяне вучылі, буду адчуваць сябе вучаніцай. Была і больш важная прычына затрымацца — першае класнае кіраўніцтва, мае дзеці. Разам мы ішлі ад 5 класа да выпускнога, дзе, між іншым, вызначылася 7 медалістаў: адзіны выпадак у гісторыі школы. Нарэшце я ўсё ж вярнулася ў Полацкую нацыянальную гімназію — такі статус набыла родная школа. Мне пашанцавала: трапіла якраз на акрэдытацыю гімназіі і як настаўнік замежнай мовы атрымала ад калег высокую ацэнку.
Прызнанне акрыляла і натхняла. Праз некаторы час Ірыне Аляксееўне прапанавалі стаць завучам па замежнай мове. Наступныя 6 гадоў былі часам пошуку, метадычных знаходак і эксперыментаў — адно ўвядзенне ў вучэбны план трэцяй замежнай мовы калегам пра многае скажа! Але галоўнай сваёй задачай кіраўнік бачыла як мага больш поўна сабраць вопыт старэйшых настаўнікаў і трансліраваць яго моладзі. Далей ёй зноў прыйшлося рабіць выбар: дырэктар сярэдняй школы № 16 Ірына Драздова запрасіла ў сваю каманду ў якасці намесніка па вучэбнай рабоце, і запрашэнне было прынята. А на працягу апошніх трох гадоў Ірына Зімніцкая ўзначальвае згаданую ўстанову адукацыі.
— Можа, высакамоўна гучыць, але наша школа для мяне сапраўды стала родным домам. Яна заўсёды была асаблівай, вылучалася моцнай педагагічнай камандай, — у вачах дырэктара свеціцца гонар за сваю ўстанову адукацыі. — Калі Ірына Афанасьеўна ўзначаліла аддзел адукацыі, спорту і турызму, мы працягнулі распачатую разам работу. Трэба сказаць: усё, што было задумана, сёння рэалізавана. Гэта тычыцца работы над праектамі па арганізацыі профільных медыцынскіх класаў і Das Deutsche Sprachdiplom der Kultusministerkonferenz. Нельга абысці ўвагай і праведзеныя мадэрнізацыю і рамонты, тэхнічнае пераабсталяванне: у “другім доме” павінна быць камфортна ўсім. Перамогі ў штогадовым раённым конкурсе вучэбных кабінетаў для нас — традыцыя, і мы стараемся ўтрымліваць лідарства.
З магіяй лічбаў цяжка спрачацца: мінулы, 2016, год для полацкай школы № 16 быў сапраўды адметны. Яе навучэнцы ўпершыню атрымалі вынікі шпрахдыплома, прычым двое з васьмі прадэманстравалі ўзровень В2. У скарбонцы дасягненняў — цэлая серыя перамог на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, конкурсах, алімпіядах, уключаючы бронзавы медаль Міжнароднай алімпіяды па фізіцы. Калектыў другі раз быў занесены на гарадскую Дошку гонару як лепшая ўстанова адукацыі.
— У планах на найбліжэйшую перспектыву — арганізацыя аўтарскага фізіка-матэматычнага класа і выкладанне ў школе кітайскай мовы, — адзначае дырэктар. — Працягнем рэалізацыю некалькіх сацыяльна значных, эксперыментальных і інавацыйных праектаў, сярод якіх — работа па тэхналогіі перавернутага ўрока, праграмаванне ў асяроддзі Scratch, прафарыентацыя (у нас дзейнічаюць не толькі медыцынскі, але і педагагічны клас, прычым у апошнім спачатку было 14 чалавек, а потым дзецям спадабалася, яны падцягнуліся на факультатыў — і цяпер іх ужо 19), добраўпарадкаванне тэрыторыі мікрараёна. Разам з навучэнцамі і іх бацькамі мы стварылі выдатную зону адпачынку і ў выніку выйгралі конкурс, які праводзіла Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Усім у школе неабходна ўсведамляць, што мы не толькі дзеці, педагогі і тэхнічны персанал, але і бацькі, што гэта жывы арганізм, які рухаецца наперад, развіваецца. Я ўдзячная кожнаму творцу нашай агульнай калектыўнай справы за адзінства, ініцыятыву і падтрымку, дасягненні і імкненне быць лепшымі ва ўсім. Згодная, што адзін з прыярытэтаў сучаснасці — навучыць, як вучыцца, набываць веды ўсё жыццё ў залежнасці ад патрэб. Аднак упэўнена, што не менш важна навучыць кантактаваць, чуць і разумець тых людзей, якія знаходзіцца побач, працаваць у камандзе, умець складваць патэнцыялы кожнага “я” ў пераможнае “мы”.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.