Школа выжывання для лэдзi

- 17:12Выхаванне

Кожны, хто глядзеў “Жыццё Пі”, спрабаваў прымераць на сябе сiтуацыю: а што б я рабіў, калі б заўтра апынуўся ў адной лодцы з тыграм пасярод акiяна? Дзяўчынак-гайдаў, вядома, не вучаць выжываць побач з вялiзнымi драпежнiкамi, але пазнаваць iх сляды ў лесе, завязваць надзейныя вузлы 16 рознымі спосабамі i рабiць плыты без цвiка i малатка — у абавязковым парадку.

Складаныя навыкі

Адкуль жа бяруцца дзяў­чынкi, здольныя “каня на скаку спынiць”, i хто iх вучыць “нежаночым” заняткам — лазiць па дрэвах i разбiваць паходныя лагеры? Адказы на гэтыя i iншыя пытаннi дапаможа знайсці Алена Георгiеўна Дзмiтрыева, рэгіянальны камісар Брэсцкага абласнога аддзялення дзіцячага грамадскага аб’яднання “Асацыяцыя беларускіх гайдаў” i кіраўнік аб’яднання па iнтарэсах “Скаўтынг для дзяўчынак”, што дзейнічае на базе Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей i моладзi.

— У гайдаў свой статут, свае сімволіка i форма. Апошняя з’яўляецца не столькi сiмвалам прыналежнасцi да арганiзацыi, колькi візітоўкай дзяўчынкі-­ўдзельніцы, — расказвае Алена Георгiўена. — Па нашых нашыўках i значках на традыцыйнай зялёнай кашулi гайда можна адразу зразумець, якiмi навыкамi ўжо авалодала дзяўчына, што яна ведае, якiя нарматывы здала. Напрыклад, каб атрымаць знак па дысцыплiне “Прыроднае краязнаўства”, гайд павiнна знайсцi ў лесе 25 відаў лекавых траў, расказаць, як iх сабраць, засушыць, згатаваць з iх мiнiмум 4 лекавыя зборы, ведаць, як выглядаюць сляды дзiкiх звяроў, знайсцi дзясятак сузор’яў у небе, умець арыентавацца па компасе, распазнаваць ядомыя i неядомыя грыбы i ягады. Усе навыкi, якiя атрымлiваюць дзяўчынкi, скiраваны на тое, каб дапамагчы iм самастойна выжыць у дзiкай прыродзе, выкарыстоўваючы свой досвед i розум.

У чым рознiца?

Многiм незразумела, у чым адрозненне скаўтаў ад гайдаў: i адны, i другiя маюць форму, ходзяць у паходы, могуць аказаць першую медыцынскую дапамогу, арыентуюцца па зорках у небе… Тлумачым: гайды — гэта дзявочае адгалінаванне скаўтынгу. Яно з’явiлася ў Вялiкабрытанii, каб дзяўчынкi таксама змаглi далучыцца да цiкавай i пазнавальнай “школы выжывання”. Праграма гайдаў арыентавана на асаблiвасцi дзявочага светабачання, фiзiчныя даныя дзяўчынак, выхоўвае маральныя каштоўнасцi, якiя пасля спатрэбяцца iм для фармiравання здаровай сям’i. Напрыклад, з падлеткамi абавязкова праводзяцца трэнiнгi па тэмах рэпрадуктыўнага здароўя, фармiравання павагi да ўласнага цела, уменняў цвёрда казаць “не” ў рызыкоўнай сітуацыі, будаваць адносiны, у тым лiку з супрацьлеглым полам.

Традыцыi i сiмволiка

Усе дзяўчынкі, якія хочуць ­стаць гайдамі, знаёмяцца з традыцыямi арганізацыі, яе сiмволiкай i законамi. Калi яны адчуваюць маральную гатоўнасць да большага, то праходзяць абрад пасвячэння: даюць абяцанне гайда.

Тры часткi абяцання (лю­біць Радзіму, жыць па законах гайдаў, дапамагаць іншым людзям) знаходзяць адлюстраванне ў сiмволiцы арганiзацыi — трылiснiку. Ён з’яўляецца мiжнароднай эмблемай гайдаў i выяўляецца на ўсiх знаках прыналежнасцi аб’яднанню.

Дзяўчынкi, якiя прайшлi абрад пасвячэння, могуць вiтаць адна адну традыцыйным салютам гайда. Для поцiску яны заўсёды падаюць сваiм “сёстрам” левую руку (яна знаходзiцца з боку сэрца, такiм чынам пацiсканне рукi ў гайдынгу сiмвалiзуе шчырую сардэчнасць).

Не ўсе адразу гатовы даць абяцанне гайда. Многiя не прахо­дзяць абрад пасвячэння па некалькi гадоў, камусьцi раяць не спяшацца i крыху падрасцi.

Усе дзiцячыя “я стамiлася”, “я забылася” цяжка сумясцiць з класiчным вобразам дзяўчынкi-гайда, якая рана вучыцца самастойнасцi i адказнасцi, не толькi за сябе, але i за iншых. Напрыклад, рэйнджары (дзяўчынкі 15—18 гадоў), што нясуць дзяжурства на паходнай кухнi, не проста гатуюць ежу на ўсiх, але і самастойна складаюць меню, робяць раскладку ­прадуктаў, разлiчваюць калараж порцый, вя­дуць падлiкi, што i ў якой колькасцi трэба закупiць, аж да таго, колькi спатрэбiцца солi i цукру…

— Мы на практыцы нагадваем сваiм выхаванкам пра неабходнасць быць эканомнымi, але не ствараць пры гэтым праблемы для самiх сябе і свайго здароўя, — тлумачыць Алена Георгіеўна. — Прыналежнасць да арганізацыі кажа пра ўменне расходаваць свой рэсурс рацыянальна, не быць прагнай, калі ёсць вострая неабход­насць выдаткаваць грошы на патрэбную справу, але ўстрымацца ад неразумных спакус. Вядома, паходнае жыццё — гэта суровае выпрабаванне на трыва­ласць, але мая мэта — навучыць дзяўчынак быць у гармонii з навакольным светам i самiмi сабой нават у такiх умовах. Не забываць пра сваю бяспеку, фiзiчны камфорт i здароўе: напрыклад, абавязкова браць з сабой аптэчку, насiць у паход сядушку, каб не садзiцца на мокрае, бруднае цi халоднае, i г.д.”.

Кожны прадстаўнiк аб’яднання абавязаны выконваць 10 законаў гайдаў:

1. Слова гайда павінна быць надзейным.
2. Гайд паслядоўная ў сваіх справах і ўчынках.
3. Гайд імкнецца быць карыснай і заўсёды дапамагаць іншым людзям.
4. Гайд — сяброўка ўсім людзям і сястра ўсім гайдам.
5. Гайд заўсёды ветлівая.
6. Гайд — сябар жывёл і ахоўвае прыроду.
7. Гайд умее падпарадкоўваць свае інтарэсы інтарэсам арганізацыі.
8. Гайд усміхаецца, заўсёды захоўвае пачуццё аптымізму.
9. Гайд беражлівая, але не скупая.
10. Гайд высакародная ў намерах, словах і справах.

Усяму свой час

У гайдынгу iснуе простае ўзрос­тавае дзяленне. Дзяўчынкi 7—10 гадоў — “птушачкі”. Яны з дапамогай гульняў і актыўных заняткаў вучацца самым простым карысным рэчам.

Дзяўчынкi сярэдняга ўзросту — 11—14 гадоў — называюцца гайдамi. Гэта ўзрост актыўнага навучання і асваення жыццёва важных навыкаў. Заняткі гайдаў больш складаныя і разнастайныя па напрамках — аб неабходнасцi разумець сябе, весці здаровы лад жыцця, захоўваць пачуццё аптымізму і веру ў дабро.

Старшая група — 15—18 гадоў — рэйнджары. Яны займаюцца самаадукацыяй і самаразвіццём, вучаць малодшых дзяўчынак таму, што ўмеюць самi, развiва­юць уласныя iнiцыятывы, напрыклад, па краязнаўчай дзейнасцi.

Дзяўчаты і маладыя жанчыны старэйшыя за 18 гадоў — гэта лідары, якія на добраахвотных пачатках працуюць з дзяўчынкамі, удзельнічаюць у трэнінгах, семінарах і канферэнцыях.

З дзецьмі ўсё зразумела. А што ж рабіць педагогам, якiм таксама цiкава хадзiць у паходы, ставiць палаткi, вязаць вузлы шаснаццаццю рознымi спосабамi, вучыць шыфры? Куды звяртацца, калi жаданне ёсць, а арганiзацыi гайдаў паблiзу няма?

Алена Георгіеўна раіць: “Настаўнiкi Брэсцкай вобласцi мо­гуць звярнуцца з прапановай непасрэдна да мяне, бо я з’яўляюся метадыстам абласнога інстытута развiцця адукацыi, а прадстаўнiкi iншых абласцей павiнны накiроўваць свае пажаданнi непасрэдна ў Нацыянальны савет Асацыяцыі беларускіх гайдаў. Калi набiраецца група жадаючых, для iх арганiзуецца 3—4-дзённы трэнiнг, падчас якога педагогi прахо­дзяць базавую падрыхтоўку (вывуча­юць традыцыi, сiмволiку арганiзацыi, формы і метады работы з групамі дзяўчынак рознага ўзросту ў гайдынгу). Пасля заканчэння заняткаў настаўнiкi атрымлiваюць сертыфiкаты i ўсе патрэбныя вучэбныя матэрыялы. Цяпер яны могуць вярнуцца ў сваю ўстанову адукацыi i накiраваць дырэктару просьбу аб стварэннi ў школе аб’яднання гайдаў: будзем рады пашырэнню кола сваiх сяброў”.

Вiталiна НЕСЦЯРОВIЧ.
Фота з архiва Алены ДЗМIТРЫЕВАЙ.