Шлях праз тры стагоддзі

- 13:56Адукацыйная прастора

Рашэнне аб стварэнні ў Гродне бібліятэкі было прынята на адным з пасяджэнняў у гродзенскага генерал-губернатара Міхаіла Бабяніцкага ў верасні 1830 года. Першая ў Беларусі публічная бібліятэка, сёння Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага, з таго часу стала цэнтрам адукацыі і культуры Прынямоння. 190-годдзю культурнай установы быў прысвечаны шэраг мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел сотні гродзенцаў і гасцей з іншых рэгіёнаў Беларусі.

У пачатку гэтага года адбылася яшчэ адна значная падзея — абласная бібліятэка пераехала ў будынак у цэнтры горада, таму для многіх гасцей святочныя мерапрыемствы пачыналіся з экскурсій. Былі арганізаваны экспазіцыі рэдкіх і факсімільных выданняў, адкрытыя прагляды выданняў “Бібліятэка і час: асноўныя факты і падзеі”, “Кнігі, з якімі працуюць, вучацца, дасягаюць поспехаў”, “Малая радзіма: імгненні поспеху”.

Як падкрэсліла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, калектыў бібліятэкі вылучае пастаянны пошук новых форм работы, таму нават у складаны час пандэміі яна не страціла сваіх чытачоў. Гэтаму спрыяе і вялікая колькасць мерапрыемстваў. За год тут праводзіцца звыш 500 сацыяльна-культурных мерапрыемстваў у межах творчых праектаў і праграм — праекты “Дакрануцца да гісторыі”, “Кнігі, якія аб’ядноўваюць краіны”, “Курсам лідара”, фестываль “Кніжныя скарбы Беларусі”, акцыі “Чытаем разам” і “Наша добрае сэрца — дзецям-сіротам”.

З 2006 года праводзіцца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Гарадзенскія чытанні”. Канферэнцыя ў гонар 190-годдзя стварэння бібліятэкі праходзіла пад назвай “Бібліятэка як культурна-гістарычны аспект развіцця краіны”. На ёй не толькі падводзілі вынікі работы, але і вызначалі шляхі развіцця. Адбылася прафесійная размова пра тое, якімі шляхамі павінна развівацца бібліятэчная справа, як будаваць работу з чытачамі рознага ўзросту і розных сацыяльных груп, якім чынам выкарыстоўваць сучасныя дасягненні інфармацыйных тэхналогій.

Пра тое, як навучыць чытаць, развіваючы, пра стратэгію развіццёвага чытання і псіхалагічную крыніцу культуры такога чытання ў сучаснай моладзі разважаў у сваім выступленні кандыдат псіхалагічных навук, загадчык кафедры агульнай і сацыяльнай псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Колышка. Дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ Мікалай Грынько прадставіў бібліятэку ўніверсітэта як пляцоўку для развіцця і папулярызацыі беларускай культурнай спадчыны. Дырэктар навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, старшыня савета Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі Іна Юрык гаварыла аб здабытках і новых кірунках дзейнасці прафесійнага аб’яднання бібліятэкараў.

Бібліятэка імя Я.Ф.Карскага — гэта не толькі кнігі. Тут праводзіцца шмат асветніцкіх і культурных мерапрыемстваў. Госці горада і гарадзенцы з цікавасцю наведваюць мемарыяльны пакой Элізы Ажэшкі ў аддзеле замежнай літаратуры ў доме, дзе калісьці жыла сусветна вядомая пісьменніца. Супрацоўнікі бібліятэкі праводзяць экскурсіі па мемарыяльным пакоі на пяці мовах. І тут жа праходзяць калядныя балі для дзяцей, а летам — баль у дворыку дзіцячага філіяла, а таксама чытанні ў яблыневым садзе. Для чытачоў ладзяцца конкурсы самаробных кніг, а на сайце бібліятэкі ёсць старонка “Самаробная кніга”. Месцам прыцягнення дзяцей стаў інтэрактыўны цэнтр навукі і тэхналогій “Совушка”, створаны ў 2015 годзе.

Заключным акцэнтам святкавання юбілею і сапраўдным святам для гараджан стаў кнігаFest “Кніжныя скарбы Беларусі”. Тут дзейнічалі тэматычныя пляцоўкі цэнтра “Совушка”, “ПРО-движение в библиотеке”, дзе было арганізавана знаёмства з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі — віртуальнай рэальнасцю, адукацыйнай праграмай OSMO, 3D-ручкамі, настольнымі гульнямі, інтэрактыўнымі кнігамі, а таксама аўтограф-зона з гродзенскімі пісьменнікамі, дзіцячая гульнявая зона “Я з кнігаю сябрую”, фотазона “Літаратурны салон”, выязны гандаль “Асалода чытання”.

— 190 гадоў назад бібліятэка пачыналася з 40 чытачоў, — гаворыць дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага Лідзія Мальцава. — Сёння ў нас іх сорак тысяч, а кніжны фонд налічвае 600 тысяч экзэмпляраў на 70 мовах. Бібліятэка дынамічна і паслядоўна развівае ініцыятывы, накіраваныя на пашырэнне доступу карыстальнікаў да інфармацыйных рэсурсаў.

Па-ранейшаму лепшым падарункам для бібліятэкі застаецца кніга. У юбілейныя дні такіх падарункаў было нямала, у тым ліку і ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія перадаў яе дырэктар Раман Матульскі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара з кнігаFest.