Шляхам да горада-саду

- 11:41Выхаванне

У мінулыя выхадныя на карце беларускіх гарадоў, дружалюбных да дзяцей, з’явіўся новы горад. У апошні летні дзень, падчас свята горада, гэтае ганаровае званне афіцыйна атрымаў Салігорск. Ён стаў сёмым па ліку горадам, які можа ганарыцца такім статусам.

За штурвалам — усім кагалам

Салігорск — адзін з самых маладых гарадоў Беларусі і адзін з самых знакамітых дзякуючы наладжанай тут горнахімічнай прамысловасці (калійныя ўгнаенні экс-партуюцца ў 80 краін свету). Цяпер да гэтага пераліку азначэнняў дадаўся і “дружалюбны да дзяцей”. А што гэта такое, вы зразумееце, калі трапіце сюды і пагледзіце на горад сваімі вачыма. Тут кожны пяты гараджанін — дзіця (усіх жыхароў 135 тысяч), але пры такіх суадносінах тут створана ўсё для дзяцей. У горадзе, акрамя шырокай сеткі навучальных устаноў, шмат устаноў для адпачынку, заняткаў спортам і развіцця: музычная і мастацкія школы, 4 чатыры ўстановы дадатковай адукацыі (у іх займаецца больш за 6 тысяч дзяцей) і 4 дзіцяча-юнацкія школы. Спартыўныя амбіцыі юныя салігарчане рэалізоўваюць і на стадыёнах, якія змяшчаюць 8 тысяч балельшчыкаў, у лёгкаатлетычных манежах, у Лядовым палацы, у 6 басейнах і ажно 26 спартыўных залах. Тэрыторыю творчасці пашыраюць гарадскі Палац культуры, Дом культуры “Будаўнікоў”, Цэнтр культуры і вольнага часу, сучасны кінатэатр “Венера”. Для адпачынку і аздараўлення дзяцей — філіял Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння рэабілітацыйны цэнтр “Зялёны бор”, аздараўленчыя лагеры, Парк чатырох стыхій, дзіцячы пляж, развітая сфера паслуг гандлю, грамадскага харчавання. Дзякуючы ініцыятыве “Горад, дружалюбны да дзяцей”, Салігорск актыўна працягвае будаўніцтва: адкрываюцца новыя навучальныя і спартыўныя ўстановы, спецыялізаваныя спартыўныя і кадэцкія класы. Каб ісці па правільным шляху, кіраўніцтва Салігорска тры гады назад запрасіла за штурвал і юных штурманаў — удзельнікаў маладзёжнага парламента. У такім супрацоўніцтве быў зроблены курс на бяспеку: усе 3 гімназіі і 10 школ горада былі абсталяваны электроннай сістэмай доступу, дзіцячыя садкі — званкамі і сістэмамі відэа-назірання. У сярэдняй школе № 1 устаноўлена пад’ёмнае прыстасаванне Standart для навучэнцаў з абмежаванымі магчымасцямі, пры садзейнічанні абласной арганізацыі -ДТСААФ тут быў адкрыты Цэнтр бяспекі дарожнага руху Салігорскага раёна. Гэты цэнтр другі ў краіне і першы ў Мінскай вобласці, ён арыентаваны на прафілактычную работу з усімі навучэнцамі раёна. Акрамя таго, былі добраўпарадкаваны праезная частка і вуліцы.А сам Салігорск прыбраўся ў зеляніну і кветкі. Двары, зоны адпачынку сталі гонарам гараджан і паказчыкам іх жа стараннасці і фантазіі. На тое, каб Салігорск стаў горадам-садам, улады не шкадавалі грошай. Напрыклад, вуліца Набярэжная, добраўпарадкаванне якой стала самым дарагім для бюджэту раёна, стала новай славутасцю горада.“Для нас, салігарчан, атрымаць такое званне вельмі ганарова. Гэта пацвярджэнне таго, што ў нас жывуць нераўнадушныя людзі. А сам праект, спадзяюся, дазволіць гораду больш эфектыўна ажыццяўляць палітыку ў адносінах да дзяцей і іх сем’яў, павышаць узровень прававой культуры ў моладзі, сумеснымі высілкамі ажыццяўляць маладзёжныя ідэі і вырашаць многія праблемы”, — адзначае Таццяна Анатольеўна Кірбай, загадчыца сектара выхаваўчай і ідэалагічный работы аддзела адукацыі, спорту і турызму Салігорскага райвыканкама.Як адзначыла Аляксандра Лаўрова, якая да верасня была старшынёй маладзёжнага парламента, за тры гады свайго існавання маладзёжны парламент паспеў рэалізаваць у Салігорску дзясяткі праектаў, акцый, фестываляў, свят. Напрыклад, праект “Акадэмія поспеху” аб’яднаў лідараў самакіравання ўсіх школ горада. Галоўныя яе кірункі — навучанне перадвыбарным тэхналогіям і журналісцкаму майстэрству. Гэтай вясной стартавала новая ініцыятыва — фестываль лідараў “Формула поспеху”, які стаў пляцоўкай для абмену вопытам сярод дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, маладзёжных ініцыятыў і вучнёўскага самакіравання. Большасць мерапрыемстваў праходзіць у раённым маштабе: завочныя гульні “Грамадзянін краіны піянерыі”, “Падарожжа па краіне акцябрат”, чэмпіянат па інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”, гульні КВЗ і ЮІР, фестываль паветранага змея, кубак раёна па спартыўным турызме, святы-ўшаноўванні пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў і шмат іншых. Летам ужо стартаваў арт-праект “Вірус творчасці”.

Знімаючы бар’еры

Трэба сказаць, што ў адрозненне да парламентарыяў з іншых гарадоў, якія ў першую чаргу імкнуцца развіць сетку забаўляльных устаноў для дзяцей, салігарчане з пёршых дзён засяродзіліся на вырашэнні праблем сваіх равеснікаў, куды больш важных, чым насычаны вольны час. “Рыхтуючы даклад “Аб становішчы дзяцей у Салігорску” за 2012 год, мы даведаліся, што ў горадзе і раёне пражываюць 344 дзіцяці з інваліднасцю і з іх 209 не могуць хадзіць. Нас вельмі кранулі гэтыя лічбы, — гаворыць Аляксандра Лаўрова. — Паўстала пытанне: як гэтым дзецям дапамагчы? Сталі шукаць адказ. Выйшлі на вуліцы з пытаннем да гараджан: ці даступны наш горад людзям з абмежаваннямі? Аказалася такая сітуацыя: установы горада і самі пад’езды актыўна абсталёўваюцца пандусамі, але інфармацыі пра тое, якія канкрэтна, не было. Таму мы вырашылі вывучыць, якія ж установы, будынкі маюць пандусы. Так з’явіўся праект “Горад без бар’ераў”. У яго ўключыліся ўсе школы горада. На пасяджэнні парламента мы вырашылі распрацаваць картасхему горада, абазначыць на ёй аб’екты з пандусамі: бальніцу, магазіны, кафэ, бібліятэкі і іншыя. Карту размясцілі ў інтэрнэце. Сярод іншых нашу ініцыятыву падтрымаў інфармацыйны партал “Электронны Салігорск”.Гэты праект стаў пераможцам на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Дзеці і дарослыя: партнёрства ў інтарэсах асобы, грамадства, дзяржавы”. У маі гэтага года парламентарыі прадставілі яго на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб развіцці інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. Словы падзякі атрымалі ўдзельнікі праекта і ад Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.
“Праект дазволіў нам лепш разумець дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, — гаворыць Аляксандра. — З многімі з іх мы пасябравалі, сталі часта сустракацца. Без іх не абыходзіцца і наша традыцыйнае свята “Дзень дружбы”.Жаданымі гасцямі на гэтым і іншых святах сталі і тыя дзеці і падлеткі, якія некалі аступіліся, для таго каб данесці да іх, што быць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх — не значыць мець непрывабны ярлык, а толькі тое, што над сабой трэба больш працаваць і знайсці сабе карысны занятак. У створаным маладзёжным клубе “Зносіны” гэтыя дзеці адчулі сябе патрэбнымі падчас трэнінгаў, якія праводзіліся па вядомым прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, пастараліся максімальна ўключыцца ў падрыхтоўку гарадскіх мерапрыемстваў. Рыхтуюцца маладыя валанцёры і па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, якія працуюць у гэтым кірунку з моладдзю. У горадзе трэці год працуе мабільны пункт добраахвотніцкага кансультавання і тэсціравання для спажыўцоў ін’екцыйных наркотыкаў у межах міжнароднага праекта “Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь”. У новым навучальным годзе стартуе сацыяльны праект “Калі не я, то хто зробіць маё жыццё шчаслівым”. Рэалізоўваць яго будуць падлеткі, якія стаяць на розных відах уліку.

Стаўка на вынік

За апошнія тры гады для юных салігарчан створана адкрытая адукацыйная пляцоўка. А ў тым, што яе яны выкарыстаюць напоўніцу, сумнявацца не прыходзіцца. Пра высокі творчы і інтэлектуальны патэнцыял гавораць іх перамогі на прадметных і творчых конкурсах, фестывалях і спартыўных спаборніцтвах розных узроўняў. Напрыклад, у мінулым годзе ў раёне тры 100-бальнікі па выніках ЦТ, не скарачаецца колькасць навучэнцаў, узнагароджаных прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў — з 2011 года іх было 57 навучэнцаў і 5 педагогаў. Падчас конкурсных мерапрыемстваў за апошнія тры гады скарбонку раёна папоўнілі 835 абласных перамог, 1055 рэспубліканскіх і 948 міжнародных. Безумоўна, гэта дасягненне не толькі навучэнцаў, але і іх педагогаў. Акрамя таго, на рэспубліканскую Дошку гонару занесена гімназія №1 Салігорска, а Салігорскі раённы ЦКРНіР стаў пераможцам у абласным конкурсе сярод устаноў спецыяльнай адукацыі.
Павіншуем салігарчан з чарговым дасягненнем і пажадаем поспехаў на новых вышынях.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Эдуарда КІДЗЯЕВА.