Што дапамагае навучэнцам гомельскай школы № 12 выдатна выступаць на прадметных алімпіядах

- 9:00Главная, Образование

Гомельская школа № 12 займае лідзіруючыя пазіцыі па падрыхтоўцы навучэнцаў да ЦТ і ЦЭ. Што дапамагае навучэнцам гэтай школы выдатна выступаць на прадметных алімпіядах, дасягаць поспехаў у розных конкурсах і фестывалях, упэўнена сябе адчуваць на іспытах, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказалі дырэктар установы і педагогі.

Перспектывы ў дэталях

Па словах дырэктара сярэдняй школы №12 Вячаслава Антоненкі, педагагічны калектыў трымае высокую планку ў якасці выкладання і навучання: па статыс­тыцы ўстанова займае лідзіруючыя пазіцыі па падрыхтоўцы навучэнцаў да ЦТ і ЦЭ. Асаблівая ўвага ўдзяляецца вывучэнню прыродазнаўчых і тэхнічных навук, лінгвістычнаму профілю і, канечне, спорту. З году ў год вучнi становяцца пераможцамі міжнародных алімпіяд па хіміі і рускай мове. Высокія вынікі яны паказваюць на разнастайных творчых і прадметных конкурсах па беларускай мове і літаратуры. А наяўнасць спартыўных класаў дае школьнікам максімальныя магчымасці для фізічнага  развіцця: юныя гамяльчане зай­маюцца настольным тэнісам, дзюдо, плаваннем, футболам.

Акрамя таго, тут развіваюць эколага-біялагічны профіль, прытрымліваюцца місіі па азеляненні абласнога цэнтра. Дарэчы, саджанцы клёнаў, каштанаў і дубоў ужо прэзентаваны гораду і высаджаны. Таксама тут займаюцца пасынкаваннем вечназялёных хвойных раслін, напрыклад, туй. Эстэтычны кірунак у выхаванні падрастаючага пакалення планамерна развіваецца, школа цесна супрацоўнічае са школай мастацтваў, вучаніцы становяцца лепшымі вакалісткамі горада. У традыцыйным конкурсе на лепшае выкананне вальса хлопцы і дзяўчаты з 12-й школы сталі пераможцамі. На абласным конкурсе сярод дзіцячых школьных тэатраў зноў жа навучэнцы гэтай школы лепшыя. Іх пастаноўкі адрозніваюцца інтэрактыўнасцю. У асноўным тэматыка мініяцюр мае прафілактычную накірава­насць.

Падчас невялікай экскурсіі ўдалося заўважыць, што будынак установы не тыпавы, пабудаваны літарай “Е” і больш нагадвае інжынерны корпус, у якім можна і згубіцца. Ідучы па калідорах і зазіраючы ў кабінеты, пераконваешся, што школа добра абсталявана ўсім неабходным для якаснага навучання.

— Акцэнт робім таксама на спорце: нашы вучні становяцца прызёрамі еўрапейскіх чэмпіянатаў па настольным тэнісе, актыўна развіваем алімпійскі від спорту тэквандо, — адзначыў Вячаслаў Ула­дзіміравіч. — Нашы выпускнікі ў далейшым вучацца ў Гомельскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву, з’яўляюцца членамі нацыянальнай зборнай каманды Беларусі. Многія таленавітыя вучні дасягаюць поспехаў на жыццёвым і прафесійным шляху. Так, выпускнік Багдан Ранішэнка — алімпіяднік, які перамагаў на рэспубліканскай прадметнай алімпія­дзе, алімпіядзе Саюзнай дзяржавы і алімпіядзе Оксфардскага ўніверсітэта. А цяпер, з’яўляючыся супрацоўнікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ён усе сілы прыкладае для распрацоўкі альтэрнатывы хіміятэрапіі. Багдан абавязкова стане ўладальнікам Нобелеўскай прэміі. Калі ў яго атрымаецца стварыць рэчыва, якое бу­дзе маркіраваць хворыя клеткі без ударнай дозы ёду, то сапраўды гэта будзе неверагодным прарывам у навуцы.

З любоўю да работы

Каб дасягнуць поспеху ў навучанні, дзецям трэба да таленту дабавіць працавітасць, а астатняе дасць настаўнік. Педагогі школы паказваюць вучням, што можна і трэба ісці далей, паглыбляць свае веды. Дапамагаюць у гэтым настаўніца біялогіі Святлана Курганава, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Любоў Кісялёва і Алена Лагвінец, у перадавіках настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Бальсевіч, настаўніца хіміі Святлана Карэба. Іх выхаванцы штогод маюць дасягненні ў алімпіядным руху, а таксама на конкурсах і экзаменацыйных іспытах.

Сярэдняй школе № 12 сёлета споўнілася 85 гадоў. Тут працавалі 3 заслужаныя настаўнікі Рэспублікі Беларусь і вучыўся экс-прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сяргеевіч Сідорскі. Цяпер тут працуюць 86 таленавітых педагогаў, многія з якіх адданы сваёй прафесіі больш за 30 гадоў. У гэтым годзе парог школы пераступілі 1042 школьнікі.

На жаль, родная беларуская мова для сучасных дзяцей амаль як замежная. Чу­юць і размаўляюць на ёй практычна толькі на ўроку. Таму перад настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Аленай Бальсевіч стаіць вялікая задача — зрабіць яе роднай і блізкай для разумення, паказаць прыгажосць літаратурных твораў, напісаных па-беларуску. На перапынку ўдалося спытаць у яе пра педагагічны вопыт. Вучні, рыхтуючыся да ўрока, падказвалі мне, што іх настаўніца — самая лепшая.

— Мая задача — далучыць вучняў да беларускай мовы, гісторыі роднага краю і культуры, — гаворыць Алена Пятроўна. — Дасягненні ёсць заўсёды, таму што дзеці стараюцца, працуюць на занятках, паспяхова здаюць беларускую мову на ЦТ, ЦЭ. У мінулым годзе экзамен здавалі 13 выпускнікоў, і сёлета іх столькі ж. Вынікі на алімпіядзе таксама ўражваюць. Так, у мінулым годзе мая вучаніца перамагла на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды, сёлета 5 вучняў паказалі добрыя вынікі на другім этапе інтэлектуальнага спаборніцт­ва: трое з іх — уладальнікі дыпломаў І ступені, адзін навучэнец — дыплома ІІ ступені і адзін — ІІІ. На трэці этап прайшлі ўсе пяцёра. Таму спыняцца нельга і трэба працаваць далей.

Алена Бальсевіч працуе ў школе ўжо 25 гадоў. Яна прызнаецца, што заўсёды марыла стаць спецыялістам у сферы адукацыі і аб сваім выбары ніколі не па­шкадавала. Дарэчы, яе старэйшая сястра таксама настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

— Мовай я захапілася ў школе, — дадае суразмоўніца, — і нават разам з настаўніцай правярала сшыткі. Лічу, што я справядлівы, аб’ектыўны і патрабавальны педагог, але ў той жа час усе мае патрабаванні разумныя. Дзеці ведаюць прадмет, актыўныя на ўроку, захапляюцца мовай і літаратурай. Дарэчы, ім цікава на ўроках, а мне — з імі. Вучні старшых класаў часам такія дыспуты праводзяць на ўроку — заслухацца можна. Зараз з адзінаццацікласнікамі праходзім аповесць Васіля Быкава “Знак бяды”. І я атрымліваю асалоду ад таго, які ў нас разгортваецца дыялог на занятках. Ёсць вучні, якія пайшлі па маіх слядах, выбраўшы прафесію настаўніка. Некаторыя толькі паступілі ва УВА, а некаторыя ўжо працуюць, прычым поруч са мной у адной школе.

Настаўніца вельмі спадзяецца, што ў яе вучняў усё атрымаецца і іх вынікі на ЦЭ і алімпіядах парадуюць. Для дзяцей яна, як і ўсе настаўнікі школы, апора і падтрымка. За гэта вучні, бясспрэчна, аддзячаць сваімі поспехамі.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара