Выкарыстанне стратэгіі актыўнай ацэнкі на занятках па біялогіі
“Навошта вучыць?” — гэта, напэўна, адзін з самых незразумелых момантаў у школьным жыцці нашых навучэнцаў. Такое пытанне ставіць у тупік большасць настаўнікаў. А ўсё ж такі навошта і як? Калі гэтыя пытанні педагог будзе задаваць сабе і адказваць на іх пры планаванні ўрока, складанні плана-канспекта, то фармуляваць мэты ўрока будзе не сам, а навучыць гэтаму сваіх выхаванцаў.
Выкарыстанне стратэгіі актыўнай ацэнкі на ўроках біялогіі дапамагае настаўніку прыцягваць навучэнцаў да правільнай пастаноўкі мэт. Правільна пастаўленая мэта абавязкова вызначыць напрамак дзейнасці і дасягнення выніку. Для гэтага неабходна навучыць выхаванцаў вызначаць запланаваны вынік работы, выкарыстоўваючы пры гэтым крытэрыі ацэнкі. Гэта асабліва важна, калі прадугледжана практычная частка — дослед ці лабараторная работа. У беларускіх школах многія настаўнікі засвойваюць стратэгію актыўнай ацэнкі, і я таксама выкарыстоўваю розныя прыёмы АА на сваіх уроках.
Прыём непадымання рукі заключаецца ў тым, што настаўнік дамаўляецца з навучэнцамі, што руку для адказу на ўроку падымаць не трэба. Пытацца настаўнік будзе выпадковага вучня, чыё імя запісана на жэтоне (картка, палоска паперы з імёнамі навучэнцаў). Калі педагог пытае аднаго навучэнца, астатнія не прыкладаюць намаганняў, каб абдумаць адказ. У стратэгіі АА такі прыём дазваляе стымуляваць разумовы працэс ва ўсіх навучэнцаў падчас апытання. Настаўнік задае пытанне, дае навучэнцам падумаць, а пытае таго, з чыім прозвішчам выцягвае жэтон. Жэтоны можна размясціць тыльным бокам на стале, можна паставіць у прыгожую шкляначку. Часта я не сама выцягваю жэтоны, а даручаю гэта навучэнцам. Хто будзе адказваць наступным — загадка, таму ўсім дзецям неабходна думаць, што адказаць, якім будзе правільны адказ на пытанне. Маім навучэнцам падабаецца гэты прыём, асабліва падчас праверкі дамашняга задання, а мне — пры франтальнай форме замацавання ведаў.
Прыём “Святлафор” дапамагае забяспечыць зваротную сувязь на ўроку. У спецыяльных “дапаможніках” ёсць некалькі каляровых старонак — чырвоная, жоўтая, зялёная — якія лёгка перагортваюцца і дазваляюць навучэнцам падаваць сігнал настаўніку. Мае калегі выкарыстоўваюць гэтыя “дапаможнікі”. Я ж прымяняю каляровыя квадраты, якія таксама зручныя ў выкарыстанні. Сутнасць прыёму ў наступным: настаўнік высвятляе, што зразумела ці незразумела навучэнцам, хто справіўся або не справіўся з заданнем, ці згодзен навучэнец з выказаным меркаваннем. Напрыклад, дзецям прапануецца выканаць заданне за пэўны час. Школьнікі, якія справіліся з заданнем, паведамляюць настаўніку пра гэта пры дапамозе карцінкі зялёнага колеру ў “Святлафоры”. Тыя, хто не можа справіцца самастойна, — чырвоным. Або падчас праверкі першаснага засваення ведаў настаўнік прапануе навучэнцам сцвярджальныя сказы, а дзеці сігналяць настаўніку: зялёны — правільна, жоўты — сумняваюся, чырвоны — няправільна. Такія ж сігналы можна выкарыстоўваць пры адказе навучэнца ля дошкі, калі клас сочыць за адказам і сігналізуе аб памылках. Акрамя таго, зваротная сувязь на ўроку і пры праверцы дамашняга задання ажыццяўляецца праз каментарыі настаўніка. Гэта можа быць вусны каментарый пасля адказу навучэнца з мэтай карэкцыі ведаў, абазначэння моцных і слабых бакоў адказу навучэнца, правільнасці адказу і акцэнтавання, над чым працаваць далей. Пры каментарыі пісьмовых дамашніх работ настаўнік у пісьмовай форме паказвае навучэнцу, над чым яшчэ трэба папрацаваць, што выправіць і дзе ў падручніку можна гэта знайсці, што выканана добра, а дзе зроблены памылкі.
Прыём “НаШтоБуЗУ” выкарыстоўваецца для таго, каб паказаць навучэнцам, на што настаўнік будзе звяртаць увагу пры апытанні, што важна ведаць па тэме, якая вывучаецца. На этапе мэтапастаноўкі ўвага звяртаецца на тое, што неабходна ведаць да канца ўрока (тэмы), пра што настаўнік будзе пытаць на наступным уроку. Для маіх навучэнцаў усё, што прапісана ў “НаШтоБуЗУ”, з’яўляецца яшчэ і своеасаблівым планам вывучэння тэмы. Напрыклад, на ўроку хіміі ў 8 класе па тэме “Колькасная характарыстыка раствораў. Рашэнне задач на знаходжанне масавай долі растворанага рэчыва” разам з дзецьмі мы вызначаем, на што трэба звяртаць увагу, што ў канцы заняткаў (і на наступным уроку) будзе пытаць настаўнік:
— называць колькасныя характарыстыкі раствору;
— ведаць формулу для разліку масавай долі растворанага рэчыва;
— разлічваць масавую долю, масу растворанага рэчыва, масу вады, выкарыстоўваючы формулу масавай долі растворанага рэчыва;
— рашыць тры задачы.
“НаШтоБуЗУ” з’яўляецца спосабам вызначэння крытэрыяў ацэнкі на ўроку. Дзякуючы яму, ацэнка навучэнцаў становіцца актыўнай, г.зн. яны могуць планаваць сваю адзнаку на ўроку, а для гэтага павінны зрабіць усё цалкам, правільна і атрымаць сваю адзнаку. Калі школьнікі не ведаюць, пра што ў іх будзе пытацца настаўнік, то і прагназаваць адзнаку складана. Таму на ўроках, дзе не выкарыстоўваецца стратэгія АА, часта бываюць нечаканыя, нежаданыя адзнакі.
Прапаную вашай увазе ўрок біялогіі ў 8 класе.
Тэма ўрока: “Клас Павукападобныя”
Мэта: мяркуецца, што да канца ўрока навучэнцы будуць ведаць прыметы знешняй будовы і асаблівасці ўнутранай будовы павукападобных.
Задачы асобаснага развіцця навучэнцаў:
— стварыць умовы для фарміравання паняцця аб прыметах павукападобных, развіцця ўменняў параўноўваць, працаваць з тэкстам, структураваць тэкст у табліцу;
— спрыяць выхаванню мэтанакіраванасці, развіццю ўменняў самаацэнкі.
Мэты на мове навучэнцаў:
— я буду ведаць прыметы класа Павукападобных;
— я буду ведаць асаблівасці ўнутранай будовы павукападобных;
— я змагу знаходзіць адрозненні ўнутранай будовы павукоў і ракаў.
Крытэрыі ацэнкі (“НаШтоБуЗУ”):
— умець называць чатыры прыметы класа Павукападобных;
— умець параўноўваць і знаходзіць адрозненні і падабенствы класа Павукападобных з класам Ракападобных;
— умець называць адрозненні ва ўнутранай будове павукападобных у стрававальнай, выдзяляльнай, дыхальнай, крывяноснай сістэмах у параўнанні з ракападобнымі.
Метады навучання: работа з падручнікам, гутарка, метады актыўнай ацэнкі.
Формы арганізацыі дзейнасці навучэнцаў: парная, франтальная, індывідуальная, групавая.
Ход урока
- Арганізацыйны этап. (Задача: гатоўнасць навучэнцаў да дзейнасці на аснове апорных ведаў.)
Настаўнік вызначае гатоўнасць навучэнцаў да ўрока, матывуе іх на работу.
- Этап праверкі дамашняга задання.
Вуснае апытанне навучэнцаў пра разнастайнасць ракападобных (прыём непадымання рукі).
Франтальная гутарка пра ўнутраную будову ракападобных. Запаўненне калонак у табліцы.
Прыём непадымання рукі.
Ракападобныя | Прыметы | Павукападобныя |
Аддзелы цела | ||
Канечнасці | ||
Вусікі | ||
Вочы | ||
Стрававальная сістэма | ||
Выдзяляльная сістэма | ||
Дыхальная сістэма | ||
Крывяносная сістэма | ||
Нервовая сістэма |
- Этап мэтапастаноўкі. (Задача: спрыяць выбару мэты навучэнцамі.)
Настаўнік знаёміць навучэнцаў з крытэрыямі ацэнкі (“НаШтоБуЗУ”), арганізоўвае пастаноўку мэты навучэнцамі. (Настаўнік прапануе прачытаць крытэрыі ацэнкі і сфармуляваць меркаваны вынік урока: што навучэнцы будуць ведаць і ўмець у канцы ўрока.)
- Этап матывацыі. (Задача: дапамога ў асэнсаванні неабходнасці атрымання ведаў і ўключэння ў дзейнасць.) Настаўнік прапануе навучэнцам абмеркаваць ключавое пытанне: “Што ёсць у рака, але няма ў павука?” Запісаць меркаваны адказ сцісла на дошцы, каб пазней праверыць, хто меў рацыю ў сваіх здагадках.
- Аперацыйна-дзейнасны этап.
5.1. Вывучэнне новай тэмы. (Задача: дапамагчы ў асэнсаванні і першасным запамінанні інфармацыі.)
Настаўнік арганізоўвае работу навучэнцаў з тэкстам, каб адказаць на ключавое пытанне. Навучэнцы працуюць у парах. Чытаюць, выбіраюць інфармацыю, запісваюць яе ў табліцу ў калонку “Павукападобныя”. Пераказваюць матэрыял адно аднаму, дапісваюць табліцу.
Настаўнік зноў задае навучэнцам ключавое пытанне. Яны даюць свае адказы.
Настаўнік прапануе навучэнцам разглядзець калекцыі павука і рака, арганізоўвае гутарку пра параўнанне знешняй будовы.
5.2. Карэкцыя ведаў навучэнцаў. (Задача: вызначэнне правільнасці разумення новага матэрыялу і ліквідацыя прабелаў у ведах.) Настаўнік франтальна правярае запоўненыя табліцы, абмяркоўвае з навучэнцамі дапушчаныя памылкі. Дзеці карэкціруюць свае запісы. Настаўнік прапануе навучэнцам прыём “Я ведаю, што…”. Кожны навучэнец працягвае сказ. Напрыклад: “Я ведаю, што павукі адрозніваюцца ад ракаў, таму што ў іх ёсць чатыры пары ног, а ў ракаў — пяць. Я ведаю, што павукі адрозніваюцца ад ракаў, таму што ў іх ёсць мальпігіевы сасуды, а ў ракаў — зялёныя залозы”.
5.3. Фізкультхвілінка.
Настаўнік прапануе навучэнцам клубок нітак, каб сплесці павуціну. Навучэнцы становяцца ў круг, перакідваюць клубок адно аднаму і называюць любую прымету павукападобных (так, каб атрымалася павуціна).
5.4. Замацаванне ведаў навучэнцаў. (Задача: засваенне новых ведаў на ўзроўні прымянення.) Настаўнік прапануе навучэнцам скласці сказы:
“У рака ёсць…, але гэтага няма ў павука”. Выкарыстоўваюцца запісы ў табліцы. (Напрыклад: “У рака ёсць пара вусоў, а ў павука няма. У рака ёсць складаныя вочы, а ў павука няма. У рака ёсць клюшні, а ў павука няма. У рака ёсць жабры, а ў павука няма”.) Настаўнік задае навучэнцам ключавое пытанне. Навучэнцы пералічваюць усё, што ёсць у рака, але няма ў павука (выкарыстоўваецца прыём “Святлафор”).
Настаўнік прапануе навучэнцам назваць 4 прыметы класа павукападобных:
— цела складаецца з галавагрудзей і брушка, злучаных тонкай сцяблінкай;
— вусікаў няма;
— восем канечнасцей;
— вочы простыя.
- Падвядзенне вынікаў урока. (Задача: самаацэнка навучэнцаў і ацэнка настаўнікам якасці і ўзроўню авалодання ведамі.)
Навучэнцы ацэньваюць сваю работу на ўроку, вызначаюць, ці дасягнуты пастаўленыя мэты (выкарыстоўваецца прыём “Святлафор”).
Настаўнік каменціруе сваю ацэнку, выстаўляе адзнакі тым, хто адказваў падчас праверкі дамашняга задання.
Настаўнік звяртае ўвагу навучэнцаў на дошку, дзе ў пачатку ўрока былі запісаны адказы на ключавое пытанне, прапануе вызначыць правільнасць адказаў.
- Рэфлексія. (Задача: матывацыя навучэнцаў на вызначэнне ступені засваення ведаў.) Настаўнік прапануе навучэнцам вызначыць, у які момант урока яны змаглі адказаць на ключавое пытанне і ці ўсе адрозненні змаглі назваць, ці ведаюць чатыры прыметы класа (выкарыстоўваецца прыём “Святлафор”).
Настаўнік прапануе навучэнцам працягнуць сказы:
На ўроку я даведаўся…
На ўроку я навучыўся…
Мэты ўрока я дасягнуў, таму што…
Ключавое пытанне для мяне было…
- 8. Дамашняе заданне.
Паўтарыць вывучаны параграф і запісы ў табліцы.
Творчае заданне (зрабіць малюнак павука з дакладнымі прыметамі адрознення ў знешняй будове).
Алена ГАРБАР,
настаўніца біялогіі і хіміі сярэдняй школы № 42 Мінска,
настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”.