Што напісаў баец 1944-га ў апошнім лісце нявесце. Азнаёміліся з музейнай экспазіцыяй Даманавіцкай школы

- 12:111944: путь к освобождению

За кожную вёску і нават хутар ішлі кровапралітныя баі, хаты ператвараліся ў доты, нашы байцы адбівалі на захопленых рубяжах па 6 контратак ворага ў дзень… У Даманавіцкай сярэдняй школе Калінкавіцкага раёна сабраны ўнікальныя матэрыялы па гісторыі вызвалення ў студзені 1944 года родных мясцін. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Апошні ліст нявесце

— Раніцай 8 студзеня 1944 года пачалася Калінкавіцка-Мазырская наступальная аперацыя, якую ажыццявілі савецкія 61-я, 65-я і 16-я паветраная арміі. Вораг змог узмацніць выгадныя рубяжы і ўпарта супраціўляўся. Што і казаць, нашым байцам прыйшлося цяжка. Аб тых жорсткіх баях шмат напісана ў гістарычных крыніцах. Мясцовыя ж жыхары расказвалі, што доўга яшчэ хадзіць у наш лес было страшна і небяспечна — усюды траншэі, акопы, гільзы, пашкоджаная зброя, неразарваныя бое­прыпасы. І шмат магіл, на якіх ляжалі дошчачкі з напісанымі хімічным карандашом прозвішчамі пахаваных байцоў і намаляванай зоркай, — расказвае настаўніца гісторыі і стваральніца музейнай экспазіцыі школы Інга Бондар.

8 студзеня 1944 года пачалася Калінкавіцка-Мазырская наступальная аперацыя.

Трэба сказаць, установе адукацыі з такім неабыякавым, шчыра зацікаўленым у сваёй справе педагогам пашанцавала. Інга Міхайлаўна працуе тут ужо 37 гадоў і змагла сабраць у школьнай музейнай экспазіцыі па-сапраўднаму ўнікальны матэрыял. Калі ў 2006 годзе школа пераязджала ў новы будынак, некаторыя раілі настаўніцы не браць з сабой старыя газеты, пісьмы, альбомы піянерскіх дружын савецкага часу і іншыя матэрыялы. Маўляў, ужо іншы час і гэта нікому не патрэбна. Але яна саб­рала і перавезла кожную паперку. І сёння гэтыя захаваныя дакументы — скарбніца каштоўнай інфармацыі, прасякнутай чалавечай цеплынёй і шчырасцю.  

На тэрыторыі вёсак, якія адносяцца да Даманавіцкага сельсавета, 3 брацкія магілы савецкіх воінаў. Углядаючыся ў выбітыя на мемарыяльных плітах прозвішчы, немагчыма не задумацца: кім былі пахаваныя тут людзі? І адказ ёсць. У музейнай экспазіцыі школы аб шэрагу байцоў не проста сабраны біяграфічныя звесткі, а расказваюцца цэлыя гісторыі жыцця. 

Адзін з такіх герояў — Павел Раманавіч Карпенка з пасёлка Інгісаім Цюменскай вобласці. У савецкія часы даманавіцкія вучні адшукалі яго сям’ю, у 1980 годзе дзве сястры байца наведалі школу. Ад іх даведаліся, што вырас Павел у мнагадзетнай сям’і, у якой гадавалася 9 дзяцей — 7 дзяўчынак і 2 хлопцы. З маленства дапамагаў па гаспадарцы маці, якая аўдавела, калі яму было 9 гадоў. Пры гэтым добра вучыўся ў школе, асабліва добра яму давалася матэматыка. Па вечарах да яго прыходзілі іншыя дзеці, і ён дапамагаў ім з урокамі. Магчыма, стаў бы выдатным інжынерам ці настаўнікам, як некалькі яго сясцёр. Але вайна ўсё вырашыла па-свойму. Паўлу было ўсяго 19 гадоў, калі ён загінуў за вызваленне вёскі Даманавічы.   

Яшчэ адзін баец — Рыгор Мацвеевіч Андрусенка, ураджэнец сяла Каламак Харкаўскай вобласці. Зноў жа з перапіскі з сям’ёй вядома, што ён быў старэйшым з чатырох дзяцей. Не па гадах разумны і разважлівы, галоўны дарадчык бацькоў. Пры гэтым хлопец меў вясёлы нораў, выдатна спяваў і танцаваў. Па словах родных, быў сапраўдны прыгажун: “Высокі, стройны бландзін, на шчоках лёгкі румянец, чырвоныя, як маліны, губы”. Працаваў Рыгор на цукровым заводзе. Яго мабілізавалі ў дзеючую армію ў першыя дні вайны, змагаўся на перадавой, тройчы быў паранены. 17 студзеня 1944 года ён напісаў сваёй нявесце Вользе, што ў яго ў гэты дзень двайная ра­дасць: атрымаў ад яе ліст і падбіў нямецкі танк. Папрасіў прабачэння, што многа напісаць у адказ не можа — зноў паўзуць танкі ворага. Нядоўга Вольга радавалася лісту, бо ў хуткім часе на Рыгора прыйшла пахавальная: “Загінуў смерцю храбрых 17 студзеня 1944 года ў баі за саўгас “Авангард” Даманавіцкага раёна Палескай вобласці”. Атрымліваецца, што, скончыўшы пісаць нявесце ліст, ён прыняў свой апошні бой. Яму быў 21 год…     

— Дзяцей асабліва кранаюць гісторыі такіх зусім яшчэ маладых хлопцаў, якія аддалі сваё жыццё за перамогу, — дзеліцца Інга Міхайлаўна. — Мы з вучнямі шчыра клапоцімся аб брацкіх магілах, каб заўсёды было чыста, ляжалі кветкі. Да гэтага часу адбываецца перапахаванне ў брацкія магілы астанкаў байцоў. На жаль, амаль усе безыменныя. Настаўнікі і навучэнцы нашай школы заўсёды ўдзельнічаюць у жалобных цырымоніях.

За апошніх шэсць гадоў адбыліся тры перапахаванні астанкаў байцоў у брацкую магілу ў Даманавічах. Адно з іх — у мінулым годзе.

Гваздзікі для бацькі

Захавалася ў музейнай экспазіцыі перапіска вучняў з вызваліцелямі іх роднай зямлі, якія засталіся ў жывых. У сваіх лістах з розных канцоў Савецкага Саюза, а пасля і СНД ветэраны дзяліліся ўспамінамі, дзякавалі за віншавальныя паштоўкі і добрым словам успаміналі сустрэчы, якія ладзіліся для іх у Даманавічах.  

На жаль, сёння асабіста пазнаёміць дзяцей з вызваліцелямі іх вёсак магчымасці ўжо няма, вельмі шмат часу прайшло. Аднак сустрэчы з нашчадкамі герояў адбываюцца — цёплыя, эмацыянальныя, і гэта добра ўплывае на выхаванне маладога пакалення. Так, некалькі гадоў назад школу наведала жыхарка Арменіі Лаўра Акап­джанян, бацька якой загінуў за вызваленне вёскі Халоднікі і пахаваны там у брацкай магіле. Калі ў 1943 годзе Гургена Акапджаняна прызвалі на вайну, ёй было ўсяго 2 месяцы. Але каля брацкай магілы было відавочна, якую шчырую любоў да бацькі жанчына пранесла праз усё жыццё. Са слязамі на вачах яна апусцілася на калені і пацалавала зямлю, якая стала яго апошнім прытулкам. Паклаўшы на пліту побач з прозвішчам таты чырвоныя гваздзікі, доўга стаяла, глыбока задумаўшыся. На памяць вучням Даманавіцкай школы Лаўра Гургенаўна падарыла партрэт бацькі і армянскі сцяг. 

Праўнукі герояў

Захоўваюць у музейнай экспазіцыі памяць не толькі пра вызваліцеляў краю, але і пра іншых яго мужных абаронцаў. Задумліва глядзіць са старога фотаздымка маладая прыгожая дзяўчына — партызанка Надзея Дзенісовіч, выпускніца Даманавіцкай школы. Каб прымусіць Надзею выдаць месца размяшчэння партызанскага атрада, ворагі на яе вачах спалілі бацькоўскі дом разам з бацькам і маці, потым дзяўчыну доўга катавалі. Так нічога і не дабіўшыся, прыгаварылі да пакутніцкай смерці — жывой закапалі ў зямлю.

Асобны стэнд прысвечаны членам маладзёжнай падпольнай групы “Смугнар” (“СМерть УГнетателям НАРодов”) — калінкавіцкай “Маладой гвардыі”, трое ўдзельнікаў якой таксама былі вучнямі і выпускнікамі Даманавіцкай школы. Гэта кіраўнік групы Канстанцін Ярмілаў, які паспеў да вайны скончыць толькі 9 класаў, а таксама Віктар Такарскі і Уладзімір Кавалькоў. “Смугнараўцы” распаўсюджвалі сярод насельніцтва антыфашысцкія лістоўкі, дабывалі і перадавалі партызанам зброю, арганізоўвалі дыверсіі. Маладыя падпольшчыкі былі схоплены акупантамі, падвергліся зверскім катаванням — іх вешалі на шыбеніцу, выпальвалі на спіне зоркі, выколвалі вочы. Але яны нікога не выдалі і мужна прынялі смерць.   

Кожны вучань Даманавіцкай школы ведае, як мужна змагаліся ў вайну з ворагам яе былыя навучэнцы.

Даследчая работа працягваецца і ў нашы дні, у школе працуе аб’яднанне па інтарэсах “Гістарычнае краязнаўства”. Вучні пішуць даследаванні аб героях-вызваліцелях іх краю, аб настаўніках сваёй школы, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. Вывучаюць старонкі сямейнай гісторыі, на якіх пакінула свой трагічны след вайна. Так, вучаніца 11 класа Соф’я Дулуб прысвяціла даследаванне сваёй прабабулі Таццяне Лявонавай, якая была партызанкай у адным з атрадаў Ельскага раёна. У розныя гады ў школе вучыліся трое праўнукаў “смугнараўца” Віктара Такарскага, і кожны з іх напісаў пра гераічнага прадзеда сваю работу.   

Вучні школы ўдзельнічаюць у тэматычных конкурсах, канферэнцыях, мерапрыемствах па ўвекавечванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Яны ведаюць аб тых героях, чые імёны выбіты на мемарыяльных плітах, і аб тых, якія пахаваны безы­меннымі. І разумеюць, што толькі дзякуючы ўсім ім мы сёння ёсць…    

***

Для мяне тая работа па захаванні памяці, якая праводзіцца Даманавіцкай сярэдняй школай, асабліва важная і каштоўная. Ёсць усе падставы меркаваць, што мой дзед Мацвей Уладзіміравіч Крывец, баец 498-га стралковага палка 132-й стралковай дывізіі 65-й арміі, які лічыцца прапаўшым без вестак, загінуў за вызваленне вёскі Халоднікі. Яго імя няма на плітах брацкай магілы. Магчыма, ён тут, сярод пахаваных безыменных байцоў, магчыма, — у брацкай магіле ў суседняй вёсцы Міраненкі, дзе падчас баёў размяшчаўся медсанбат дывізіі. А можа, у адной з тых магіл у мясцовых лясах, з дошчачак на якіх дождж і час змылі ад рукі напісаныя прозвішчы. Але калі я кладу да помніка ў Халодніках чырвоныя ружы, мне цяплее на сэрцы ад таго, што нават праз 80 гадоў пасля вайны мы, беларусы, — і дарослыя, і дзеці — памятаем!.. 

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара