Што падарыла восень

- 15:36Дадатковая адукацыя, Рознае
Самыя вялікія гарбузы і кабачкі, разнастайныя гатункі бульбы, морквы, яблыкаў — адным словам, усё, чым багаты восенню ўстановы экалагічнага кірунку дадатковай адукацыі, было прадстаўлена нядаўна ў выставачнай галерэі “Прырода і творчасць” Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра.

“Наша задача не толькі вырасціць якасную сельскагаспадарчую прадукцыю, але і ўмець прыгожа, з густам прадэманстраваць яе спажыўцу, — адзначае дырэктар РЭБЦ Лідзія Паўлаўна Каліноўская. — Так конкурс на лепшую выставачную экспазіцыю стаў адной з намінацый рэспубліканскага конкурсу “Роднай зямлі — наш клопат” і атрымаў назву “Дарункі восені”.
Пераможцай намінацыі была прызнана каманда Віцебскай вобласці, якая прыемна здзівіла сваёй выставачнай кампазіцыяй, бадай што самай багатай і самай разнастайнай па напаўненні. На другім месцы каманды Гомельскай і Гродзенскай абласцей. На трэцім — Мінскай, Магілёўскай і Брэсцкай.
Кожны рэгіён імкнуўся прадэманстраваць рэальныя вынікі сваёй даследчай і доследнай работы. Таму разам з шыкоўна аформленымі экспазіцыямі на суд журы былі прадстаўлены і самі даследчыя работы.
Антон Юркойць, навучэнец 8 “А” класа Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці, стаў пераможцам намінацыі “Юннат-2013” 222з даследчым праектам “Вывучэнне тыпаў краяніравання і ўраджайнасці яблыні гатункаў Антэй і Алеся, пасаджанай у сады рознай шчыльнасці”.
Каманда трэцякласнікаў Петрыкаўскай гімназіі Гомельскай вобласці стала ўладальніцай дыплома ІІ ступені са сваім даследчым праектам “Уплыў светлавога і тэмпературнага рэжыму на рост і развіццё гіяцынтаў”. Другое месца разам з імі ў намінацыі “Юннат-2013” падзяліла Даната Скорабагатава, навучэнка 11 класа гімназіі Дзяржынска Мінскай вобласці, з праектам “Вывучэнне ўраджайнасці суніц садовых гатункаў Кімберлі, Віма Занта, Вікода, Віма Рына пры вырошчванні з расады Frigo ў адкрытым грунце”.
На трэцім месцы ў гэтай намінацыі аказаліся работы навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Медунічка” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут” Крычава Магілёўскай вобласці з праектам “Ацэнка ўраджайнасці гатункаў салодкага перцу пры вырошчванні ў адкрытым і абароненым грунце”. Таксама трэцяе месца заняла каманда выхаванцаў Баранавіцкага эколага-біялагічнага цэнтра, якая прадставіла на суд журы дзённік юных доследнікаў на тэму “Вырошчванне бульбы з батанічнага насення расадным метадам”. І яшчэ адно трэцяе месца ў навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Раслінаводы-дызайнеры” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі з дзённікам доследнай работы на тэму “Уплыў замочвання насення на яго ўраджай”. Віншуем пераможцаў!

Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара.